Шчырае і светлае служэнне

Чацвёртая Велікодная нядзеля, нядзеля Добрага Пастыра — гэта найлепшы час, каб падзякаваць тым, хто шчыра і нястомна служыць вернікам, хто ў няпростых зямных варунках імкнецца весці іх да збаўлення. Святарскі шлях біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, распачаты ў 2000 годзе, — яскравы прыклад такога служэння.

11 траўня у віцебскім катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага падчас святой Імшы вернікі дзякавалі Богу за 25 плённых гадоў, які мінулі пасля прэзбітэрскага пасвячэння Яго Эксцэленцыі. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел вернікі з усёй дыяцэзіі, святары, законныя сёстры. А пасля Імшы ў кавярні плябаніі адбылася прыгожая літаратурна-музычная віншавальная імпрэза.

Біскупа шчыра віншавалі вернікі віцебскіх парафій Езуса Міласэрнага, Святога Духа і святога Уладзіслава, а таксама прадстаўнікі «Ружанцовага кола» і «Легіёну Марыі». Ад імя сясцёр законных, якія не адзін год шчыруюць у дыяцэзіі, прывітальнае слова ў адрас ардынарыя сказала сястра Марыя Шамовіч.

На імпрэзе гучалі вершы Рыгора Барадуліна з кнігі «Ксты», пранікнёна прачытаныя парафіянамі Алегам Рудзько і Вольгай Аўчыннікавай. Свае паэтычныя творы дэкламавалі прысутным Ірына Саматой, парафіянка касцёла святога Антонія, у якім дзесяць гадоў служыў будучы біскуп Алег Буткевіч, а таксама паэтка Людміла Сіманёнак, парафіянка касцёла святой Барбары.

На святой Імшы і падчас імпрэзы асабліва краналі душу спевы дзіцячага хору касцёла Езуса Міласэрнага. Тэматычны нумар «Я — маленькая авечка», па-майстэрску падрыхтаваны сястрой Мажэнай, дазволіў кожнаму з прысутных узнавіць у сэрцы адчуванне дзіцячага светлага даверу да Бога, Добрага Пастыра.

Сумесным дзіцяча-дарослым гуртом вернікаў былі выкананыя спевы «Будслаўскі вальс» (словы і музыка Ірыны Саматой) і «Вальс аб жыцці».

Лейтматывам мерапрыемства наогул можна назваць радкі з прывітальнага верша Ірыны Саматой:

Дзе скарб ваш, там і сэрцу біцца.
Сярод людскіх сумненняў і трывог
Шчыруюць на спрадвечнае зямліцы
Шаноўны біскуп і магутны Бог.

Імпрэза атрымалася шчырая і светлая, як і служэнне біскупа Алега Буткевіча. Дзякуй Богу за такога Пастыра!

Людміла Сіманёнак
Фота Анатоля Бандарчука-Вошлава

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней