Выйшаў другі нумар часопіса «Наша вера» за 2025 год
20.05.2025|Падзеі

У новым нумары часопіса «Наша вера» (№ 2, 2025) чытачы знойдуць цікавыя матэрыялы, прысвечаныя важным падзеям з жыцця Касцёла, пераклады духоўнай літаратуры, артыкулы пра беларускае сакральнае мастацтва, рэлігійнае жыццё мінуўшчыны і сучаснасці, паэзію і прозу сучасных беларускіх аўтараў.

Гэты нумар часопіса пачынаецца паведамленнем сумнай весткі — «Папа Францішак адышоў у вечнасць»…

Памяці Папы Францішка прысвечаны тэкст Андрэа Тарнеллі «Папа Міласэрнасці», у якім аўтар разважае пра гады Пантыфікату 266-га наступніка св. Пятра.

У рубрыцы «Пераклады» Аксаны Данільчык прапануе ўвазе чытачоў свой пераклад з італьянскай мовы «Разважанняў аб святых стыгматах святога Францішка» (працяг).

У рубрыцы «Асобы» друкуецца ўрывак з кнігі «Патрабавальны Папа» польскага святара і публіцыста кс. Робэрта Скшыпчака ў перакладзе Крыстыны Лялько (працяг).

Літаратуразнаўца, журналіст Сяргей Чыгрын у артыкуле «Слонімскаму касцёлу святога Андрэя — 250 гадоў» апавядае пра адну са старажытных каталіцкіх святыняў Беларусі.

Літаратуразнаўца Ірына Багдановіч прапануе ўвазе чытачоў свой пераклад з польскай мовы абразка Ігнацыя Ходзькі «Баруны» (працяг).

Магістр эканомікі Валянцін Глекаў у артыкуле «Фэст у Велеградзе…» цікава разважае пра традыцыю святкавання фэсту, прысвечанага святым Кірылу і Мятоду, у чэшскім Велеградзе.

Кандыдат гістарычных навук, знаўца архітэктуры Анатоль Сцебурака ў артыкуле «Памяць роду Котвічаў у міхалішскім касцёле» піша пра адметную каталіцкую святыню і людзей, якіх яна гуртавала вакол сябе.

У рубрыцы «Паэзія» друкуюцца вершы вядомага паэта Васіля Зуёнка і паэта Уладзіміра Мароза.

Алесь Місуна прапануе ўвазе чытачоў свае адметныя эсэ-ўспаміны.

125-годдзю з дня нараджэння слыннага беларускага мастака Пётры Сергіевіча прысвечаны артыкул мастацтвазнаўцы Надзеі Усавай.

Празаік, перакладчык Уладзімір Ягоўдзік ва ўспамінах «Майстэрня на Антокалі» разважае пра ўнікальную постаць мастака Пётры Сергіевіча — тут жа друкуецца перапіска мастака з вядомым журналістам і перакладчыкам Алесем Траяноўскім.

Рэстаўратар Ігар Сурмачэўскі ў артыкуле «Будслаў і род Слізняў у XVI–XVIII стагоддзях» апавядае пра сакральнае паяднанне лёсу шляхетнага роду Слізняў з гісторыяй будслаўскага касцёла.

Стах Лысы і Ян Лысы ў артыкуле «„Дэкалог“ Кшыштафа Кеслёўскага» разважаюць пра адметнае прачытанне Божых запаведзяў сусветна вядомым творцам кіно.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней