
У наступным, 2026 годзе, Касцёл у Беларусі будзе святкаваць 35-гадовы юбілей адраджэння каталіцкіх структураў у нашай краіне. З гэтай нагоды выдавецтва «Про Хрысто» падрыхтавала насценны каляндар «…І брамы пякельныя не перамогуць яго».
У прадмове да выдання арцыбіскуп Юзаф Станеўскі сцісла нагадаў гісторыю ўтварэння Мінска-Магілёўскай Мітраполіі, адзначыў найважнейшыя дасягненні на гэтым 35-гадовым шляху і дадаў, што адроджанае духоўнае жыццё ў нашай краіне — гэта «вялікі Божы дар, мы павінны імкнуцца не толькі захаваць яго, але і ўзбагаціць, працягваць рупліва ўвіхацца на ніве Пана, не паддавацца згубным тэндэнцыям сучаснасці, таму што Бог заўсёды той самы, Яго слова нязменнае, як і любоў да ўсіх нас…»
Старонкі выдання ўпрыгожылі выявы магутных нябесных заступнікаў Касцёла ў Беларусі і апекуноў асобных дыяцэзій: Маці Божая ў Яе цудадзейных абразах, што знаходзяцца ў беларускіх санктуарыях, святы Арханёл Міхал, святы Андрэй Баболя, святы Казімір… Гэтыя і шматлікія іншыя выявы, рупліва адабраныя і густоўна аформленыя, будуць кожны месяц нагадваць нам пра тое, якую магутную нябесную падтрымку мы маем у спакусах, цяжкасцях і расчараваннях. Побач з выявамі на старонках выдання змешчаныя адпаведныя кароткія малітвы — няхай яны стануць дадатковаю крыніцаю натхнення і асвячэння для кожнага карыстальніка календара.
Адзначым, што каляндар мае тры варыянты вокладкі: дзве з іх змяшчаюць выявы абразоў Маці Божай з санктуарыяў чатырох дыяцэзій (на адной з гэтых вокладак фігура Хрыста на першым плане), а на трэцяй адлюстраваны святы Арханёл Міхал, апякун Мінска-Магілёўскай правінцыі Касцёла.
Спадзяемся, што гэты каляндар стане для вас цудоўным спадарожнікам у практыкаванні веры на ўвесь наступны год. Яго можна будзе набыць на фэстах у Будславе, Тракелях, Гудагаі, Браславе. Звяртайцеся таксама да пробашчаў вашых парафій і ў парафіяльныя кіёскі.
Ганна Шаўчэнка