У выдавецтве «Про Хрысто» ў пачатку мая, акурат перад прыняццем дзецьмі Першай святой Камуніі, выйшла кніга для дзяцей ксяндза Яна Твардоўскага «Першая Камунія з белым бантам» у перакладзе Ірыны Жарнасек.
Ксёндз Ян Твардоўскі (1915–2006) — вядомы польскі святар-паэт. Ён таксама аўтар і многіх кніг для дзяцей. На працягу ўсяго свайго служэння ксёндз Ян шмат рыхтаваў дзяцей да Першай святой Камуніі, а ў часе самой урачыстасці скіроўваў да іх сваё слова. Простаю моваю ён тлумачыў ім складаныя рэчы: што такое Эўхарыстыя, што гэта значыць — прымаць святую Камунію, як любіць Пана Бога, чаму Езус з’яўляецца сябрам кожнага чалавека, што такое хрост, якім павінен быць хрысціянін у штодзённым жыцці.
Вялікай папулярнасцю сярод чытачоў карыстаюцца вершы Яна Твардоўскага, кнігі для дзяцей, а таксама рэлігійныя разважанні для дарослых. Ён заваяваў сэрцы чытачоў розных пакаленняў, у тым ліку і дзяцей — найбольш патрабавальных чытачоў. Сам ён любіў Бога, меў жывую веру, ахвотна пра гэта гаварыў і пісаў. Маральныя, этычныя, тэалагічныя праблемы з ягоных вуснаў не палохалі, бо рабіліся зразумелымі нават самым малодшым чытачам.
Першы зборнік апавяданняў і вершаў для дзяцей аўтар назваў «Zeszyt w kratkę. Rozmowy z dziećmi i nie tylko z dziećmi» («Сшытак у клетку. Размовы з дзецьмі і не толькі з дзецьмі», 1973). Размовы пра Бога і пра жыццё паводле Евангелля атрымліваліся ў яго не выкладаннем асноваў веры, але даверлівай размовай з сябрамі пра важныя рэчы. Кожны чалавек мае вольную волю і можа рабіць, што хоча, таму ксёндз Ян дапамагаў сваім сябрам адрозніваць дабро ад зла. Ведаў, што чалавек можа лёгка згубіцца ў свеце, таму ён дапамагаў людзям знаходзіць сваю дарогу да Пана Бога. Вучыў, як жыць і быць добрым. Сам шукаў сэнс жыцця ў Евангеллі і малітве. Кожнаму, хто да яго звяртаўся, ён даваў найкаштоўнейшае, што меў: свой час, зычлівасць, моцную веру ў Бога, прыязнае, даверлівае ўспрыманне свету і людзей.
Кожная кніга ксяндза Яна для дзяцей — у тым ліку і гэтая — урок веры, дабрыні, бескарыслівасці, адказнасці, чулага стаўлення да патрэбаў іншых, умення забывацца пра сябе, вернасці Богу і бацькам. Прырода ў ксяндза Яна — настаўніца, якая вучыць захапляцца Богам, які яе стварыў.
Ксёндз Ян Твардоўскі атрымаў шмат узнагародаў, ганаровых званняў. Сярод іх ён вельмі цаніў званне Кавалера Ордэну Усмешкі (1996), якім яго ўзнагародзіў адзіны ў свеце дзіцячы капітул. Пасмяротна ён уганараваны ўзнагародай Прэзідэнта Польшчы — Камандорскім Крыжам Ордэну Адраджэння Польшчы (2006). Асаблівае прызнанне творчасці ксяндза Яна Твардоўскага праявілася і ў тым, што яго выбралі апекуном школаў (ягонае імя нададзена каля 200 школам Польшчы).
Кнігі ксяндза Яна Твардоўскага папулярныя ў многіх краінах свету. Яго вершы, разважанні, творы для дзяцей перакладзены на нямецкую, славацкую, фламандскую, балгарскую, французскую, украінскую, македонскую, ангельскую, чэшскую, венгерскую, габрэйскую, італьянскую, іспанскую, рускую мовы.
Кніга, якую мы аддаем цяпер дзецям, — гэта другая кніга ксяндза Яна Твардоўскага на беларускай мове. У 2012 годзе ў Беларусі пабачыў свет зборнік вершаў на дзвюх мовах (польскай і беларускай) «Разам з Табою». Цяпер жа, дзякуючы выдавецтву «Про Хрысто», выходзіць у свет кніга для дзяцей. Спадзяемся, што яна дапаможа ім па-сапраўднаму, з любоўю ў сэрцы перажыць дзень Першай святой Камуніі, дапаможа ім убачыць найважнейшае ў гэтым дні. А калі прамінецца ўрачысты настрой, кніга будзе каштоўнай дарадчыцай у штодзённым жыцці і добрым правадніком па таямніцах веры.
Аляксандра Іваноўская