Касцёл і біяэтыка: выдадзены пераклад «Новай Хартыі работнікаў сферы аховы здароўя» на беларускую і рускую мовы

Віцебская дыяцэзія ў супрацоўніцтве з выдавецтвам «Про Хрысто» ажыццявіла выданне дакумента Папскай Рады па справах душпастырства работнікаў сферы аховы здароўя «Новая Хартыя работнікаў сферы аховы здароўя» на беларускай і рускай мовах. «Новая Хартыя» ўяўляе сабою квінтэсенцыю сучаснага вучэння Касцёла па пытаннях біяэтыкі і маралі адносна чалавечага жыцця.


Вернікі, так ці інакш уключаныя ў жыццё Касцёла, назіраюць, колькі неадназначных пытанняў узнікае падчас дыскусій вакол абортаў, эўтаназіі ці штучнага апладнення. Часам мы можам пачуць абсалютна супрацьлеглыя меркаванні. З-за шырокага інфармацыйнага поля чалавек можа лёгка загубіцца ў аргументах, якія прадстаўляе свет, медыцына, даследчыкі ў сферы этыкі, тэолагі. Касцёл, адказны на збаўленне чалавека, пакліканы ў мностве гэтых галасоў распазнаць і данесці да нас голас праўды ― праўды пра годнасць чалавечага жыцця, пра яго недатыкальнасць і каштоўнасць. І праўда гэтая павінна заззяць не толькі (але не ў меншай меры) у больш надзённых біяэтычных пытаннях, але і ў тых, якія толькі пачынаюць з’яўляцца як вынік новых і ўсё больш супярэчлівых біятэхналогій. 

Сярод аспектаў, якія падрабязна разглядаюцца ў «Новай Хартыі работнікаў сферы аховы здароўя», мы знойдзем, па-першае, пытанні, звязаныя з зачаццем і нараджэннем. Як Касцёл ставіцца да аборту, калі зачацце адбылося ў выніку гвалту? У якіх выпадках прэнатальная дыягностыка можа стаць прычынаю рашэння аб аборце? Як адбываецца штучнае апладненне і ці можна лічыць маральна апраўданаю замарозку неімплантаваных эмбрыёнаў? Асобны раздзел першай часткі дакумента прысвечаны натуральнам метадам рэгулявання плоднасці. Аўтары «Новай Хартыі» яшчэ раз фармулююць аргументы, чаму, згодна з вучэннем Каталіцкага Касцёла, гэтыя метады могуць вырашыць многія маральныя і этычныя пытанні, звязаныя з чалавечай сексуальнасцю. 

У другой частцы дакумента разглядаюцца пытанні, звязаныя непасрэдна з жыццём. Тут узнімаецца тэма паталогіяў цяжарнасці, напрыклад пазаматачнай цяжарнасці і анэнцэфаліі плода, і маральных выбараў, якія з гэтых сітуацый вынікаюць. У звязцы з гэтымі пытаннямі, канешне ж, узнікаюць і пытанні звязаныя з урачэбнай этыкай. Калі, паводле часта несправядлівых дзяржаўных законаў, урач абавязаны зрабіць пэўную амаральную медыцынскую працэдуру, ці мае ён права на публічны супраціў сумлення? «Новая Хартыя», даючы адказ на гэтае пытанне, гаворыць пра першынство Закона Божага перад усялякімі іншымі законамі. 

Асобныя раздзелы другой часткі дакумента прысвечаныя этычным і маральным пытанням, якія датычаць тэхналогіі транплантацыі органаў, стваловых клетак, а таксама ксенатрансплантацыі (перасадкі чалавеку органаў ці тканак жывёльнага паходжання). У спектр пытанняў біяэтыкі ўвайшла і тэма залежнасцяў. Важным аспектам у гэтым кантэксце з’яўляецца пытанне прафілактыкі, а таксама ўстанаўлення мяжы паміж анальгетычнай тэрапіяй і наркатычнай залежнасцю. Закранутыя таксама этычныя дылемы, звязаныя з псіхатэрапіяй і медыцынскімі вопытамі на чалавеку. 

Трэцяя частка «Новай Хартыі» прысвечана біяэтычным і маральным пытанням, звязаным са смерцю чалавека. Ці заўсёды хворы чалавек павінен ведаць праўду пра стан свайго здароўя? У якіх сітуацыях маральна апраўдана пазбаўляць чалавека свядомасці? Ці губляе церпячы і нямоглы чалавек сваю годнасць? Чаму адзіным адказам на просьбы аб эўтаназіі можа быць любоў і ўвага? 

Гэта толькі некаторыя біяэтычныя пытанні, на якія Касцёл дае рашучыя адказы ў «Новай Хартыі работнікаў сферы аховы здароўя». Ён заклікае нас быць адказнымі за сваё жыццё і за жыццё блізкіх. Таму прынцыпы і разважанні, прапісаныя ў дакуменце, будуць асабліва актуальныя для медработнікаў, якія нясуць непасрэдную адказнасць за чалавечае жыццё, для хрысціянаў, пакліканых да духоўнай апекі над церпячымі, а таксама для кожнага, хто хоча ў любых жыццёвых абставінах рабіць выбар на карысць жыцця. 

Калі нейкі з закранутых аспектаў вас зацікавіў, калі ласка, пішыце, мы будзем рады дзяліцца з вамі карыснымі вытрымкамі з дакумента.


 Падрыхтавала Дар’я Ахламёнак 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней