У выдавецтве «Про Хрысто» пабачыла свет чарговая кніга з тэкстамі філосафа і тэолага ХІІІ ст. св. Тамаша Аквінскага «Разважанні пра дзесяць Божых запаведзяў», якую з лацінскай мовы на беларускую пераклаў айцец Міхал Ермашкевіч ОР. У гэтым выданні чытачам прапануюцца каментары да дзесяці Божых запаведзяў — асноўных правілаў чалавечага жыцця і своеасаблівай «інструкцыі» для прадухілення «аварыі» і паспяховага дасягнення канчатковай мэты жыцця — Нябеснага Валадарства.
Згодна з вучэннем св. Тамаша Аквінскага «чалавеку для збаўлення неабходныя тры рэчы: ведаць пра тое, у што трэба верыць, чаго трэба жадаць і што трэба рабіць. Першае ўтрымліваецца ў Сімвале веры, другое — у малітве Панскай, а трэцяе — у законе». Якія пажаданыя вынікі прыносіць чалавеку закон Божай любові? Якія ўчынкі чалавека могуць быць прызнаныя добрымі? Чаму мы павінны пазбягаць граху? У якіх сітуацыях можна выконваць працу ў святы дзень? Ці заўсёды, паводле св. Тамаша, гнеў з'яўляецца смяротным грахом? Святы ХІІІ стагоддзя, чыя багатая спадчына займае важнае месца ў афіцыйным вучэнні Каталіцкага Касцёла, дае зразумелыя і абгрунтаваныя адказы на гэтыя і іншыя пытанні, звязаныя з Божым законам.
У двух першых раздзелах змешчаныя разважанні «Аб любові да Бога» і «Аб любові да бліжняга», у якіх аўтар піша пра ўмовы выканання найбольшай запаведзі — Запаведзі любові, пра матывы любові да бліжняга і пра тое, як мы павінны любіць іншых людзей. Асноўную частку кнігі складаюць каментары да Дэкалогу, якія грунтуюцца на вучэнні Каталіцкага Касцёла і глыбокім пазнанні аўтарам Святога Пісання.
Прапанаваныя тэксты могуць быць добрым духоўным даведнікам для кожнага верніка, а таксама дапамогаю для святароў і катэхетаў у тлумачэнні Божага Закону.
Падрыхтавала Кацярына Дурко
Набыць кнігу можна:
- у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 10.00–19.00, сб.: 11.00-18.00);
- у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
- альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. (017) 356-17-50.