«Ханиил. Ангел на земле» ― кніга не толькі для падлеткаў
26.05.2020 | Кнігі

У выдавецтве «Pro Christo» выйшла чарговая кніга аўстрыйскай пісьменніцы Ленэ Майер-Скуманц «Ханиил. Ангел на земле» ў перакладзе на рускую мову Алены Сямёнавай-Герцаг з ілюстрацыямі мастачкі Яны Гардзіёнак.


Хлопчык Крысціян перажывае няпросты час у сваім дзіцячым жыцці. Адносіны ў сям’і, у школе, з сябрамі ― усё навокал рушыцца, бо яго бацькі развяліся, а яны з сястрою не могуць змірыцца з гэтым. Але нечакана Крысціян знаёміцца з тым, хто пасланы стаць для яго надзейнай апорай і настаўнікам. «Ханиил. Ангел на земле» ― адна з тых кніг, у якой чытач любога ўзросту адкрые для сябе свой сэнс. Варта толькі задумацца, як кажуць, расплюшчыць вочы ― і мы ўбачым Божы сэнс усяго таго, што адбываецца з намі.

Прапануем вам, дарагія чытачы, пазнаёміцца з прадмоваю аўтаркі Ленэ Маер-Скуманц да сваёй кнігі.

***

«Гэтую кнігу я напісала ў 1988 годзе. У ёй адлюстраваны тагачасныя ўмовы жыцця ў Вене ў добра вядомых мне раёнах. У горадзе тады было шмат невялікіх, сціпла абстаўленых кватэр. Пажылыя людзі, у якіх было мала грошай, стараліся знайсці каго-небудзь, хто ўдыхне новае жыццё ў іх бытавыя прыборы, якія ўжо адбылі сваё. Дзеці стасаваліся адно з адным не з дапамогаю эсэмэсак або сацыяльных сетак, а карысталіся хатнімі тэлефонамі або праходзілі некалькі завулкаў, каб перадаць навіну. Для таго, каб напісаць рэферат, даводзілася пакапацца ў кнігах. Інтэрнэта з пашукавіком яшчэ не было. У дзяцей і дарослых у маёй гісторыі ёсць рэальныя „прататыпы“, толькі Анёла Ахоўніка Ханііла я прыдумала сама. Але нават тое, як ён, скарыстаўшыся целам пажылога чалавека пасля няшчаснага выпадку ў гарах, увільвае ад сваіх сасмаглых ратаўнікоў, я пазычыла з рэальнага жыцця (такое аднойчы здарылася ў прыгожай Штырыі). І гэтаксама мала „прыдуманага“ ў тым, як можна дапамагаць адно аднаму, маючы хоць крыху ўважлівасці, інтуіцыю ў патрэбны момант і праяўляючы сваю ініцыятыву. Гэта я, дзякуй Богу, і сёння яшчэ магу бачыць у жыхароў нашага горада».

Ленэ Маер-Скуманц

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней