«Fratelli tutti» — трэцяя энцыкліка Святога Айца Францішка, у якой прадстаўлена вучэнне аб братэрстве і сацыяльным сяброўстве. Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі пераклала дакумент на беларускую мову, які выйшаў у выдавецтве «Pro Christo».
Энцыкліка складаецца з васьмі раздзелаў. Ён быў падпісаны Папам у Асізі напярэдадні ўспаміну святога Францішка. Сказаныя святым словы, што мы ўсе браты і сёстры, сталі назвай гэтай энцыклікі.
«„Fratelli tutti“, — напісаў св. Франціашак Асізскі, звяртаючыся да ўсіх братоў і сясцёр і прапануючы ім форму жыцця, якая мае смак Евангелля, — піша Святы Айцец на першых старонках энцыклікі. — Сярод яго парад хачу падкрэсліць адну, у якой ён заахвочвае да любові, што выходзіць за межы геаграфіі і прасторы. У ёй ён называе благаслаўлёным таго, хто „свайго брата, які далёка ад яго, любіць так, быццам ён блізка“. У гэтых некалькіх простых словах ён растлумачыў сутнасць адкрытага братэрства, якое дазваляе распазнаць, дацаніць і любіць кожную асобу, незалежна ад фізічнай блізкасці, незалежна ад таго месца ў свеце, дзе яна нарадзілася ці жыве.
Гэты святы, вядомы сваёй братэрскай любоўю, прастатой і радасцю, які натхніў мяне напісаць энцыкліку Laudato si’, зноў пабуджае мяне прысвяціць гэтую новую энцыкліку братэрству і сацыяльнаму сяброўству. Святы Францішак, які адчуваў сябе братам сонца, мора і ветру, ведаў, што яшчэ больш ён з’яднаны з тымі, хто гэтаксама жыве ў целе, як і ён. Усюды ён сеяў спакой і крочыў побач з беднымі, пакінутымі, хворымі, адкінутымі, апошнімі».