Апостальскі ліст Святога Айца Францішка «Patris Corde» выйшаў па-беларуску
27.01.2021|Кнігі

На пачатку 2021 года ў выдавецтве «Pro Christo» выйшаў беларускі пераклад апостальскага ліста Святога Айца Францішка «Patris corde». Ён быў напісаны з нагоды 150-ай гадавіны абвяшчэння святога Юзафа Апекуном паўсюднага Касцёла.


«Пасля Марыі, Маці Божай, ніводзін святы не займае ў папскім навучанні столькі месца, колькі Юзаф, Яе Абраннік, — піша папа Францішак у самым пачатку апостальскага ліста. — Мае папярэднікі паглыбілі пасланне, змешчанае ў нешматлікіх звестках, пададзеных у Евангеллі, каб больш выразна падкрэсліць яго цэнтральную ролю ў гісторыі збаўлення: благаслаўлёны Пій ІХ абвясціў яго „Апекуном Каталіцкага Касцёла“, шаноўны Пій ХІІ прадставіў яго як „Апекуна працоўных“, а святы Ян Павел ІІ як „Апекуна Збаўцы“. Людзі ж звяртаюцца да яго як да „апекуна добрай смерці“.

Таму цяпер, праз 150 год пасля абвяшчэння яго Апекуном Каталіцкага Касцёла 8 снежня 1870 г. праз благаслаўлёнага Пія ІХ, я хацеў бы падзяліцца з вамі некаторымі асабістымі разважаннямі пра гэтую незвычайную постаць, такую блізкую чалавечаму стану кожнага з нас, каб — як кажа Езус — „вусны гаварылі тое чым перапоўнена сэрца“ (пар. Мц 12, 34). Гэтае жаданне ўзрастала на працягу апошніх месяцаў пандэміі, калі мы дасведчылі сярод закранаючага нас крызісу, што „нашае жыццё ткуць і падтрымліваюць звычайныя людзі — у большасці забытыя, якіх не ўбачыш у загалоўках газет і часопісаў, ані на вялікай сцэне апошняга шоу, але якія, несумненна, пішуць сёння вырашальныя падзеі на старонках нашай гісторыі: лекары, медсёстры і медбраты, работнікі супермаркетаў, прыбіральшчыкі, апекуны і апякункі, кур’еры дастаўкі, прадстаўнікі службаў грамадскай бяспекі, валанцёры, святары, кансэкраваныя асобы і шмат іншых, хто зразумеў, што ніхто не збаўляецца сам. [...] Колькі людзей штодня праяўляюць цярплівасць і напаўняюць іншых надзеяй, намагаючыся не сеяць паніку, але супольную адказнасць. Колькі бацькаў, маці, бабуль і дзядуляў, а таксама настаўнікаў паказваюць нашым дзецям праз дробныя штодзённыя жэсты, як супрацьстаяць крызісу і пераадольваць яго, дастасоўваючы звычаі, гледзячы наперад і заахвочваючы да малітвы. Колькі людзей моляцца, ахвяруюцца і заступаюцца за дабро ўсіх“. Усе могуць знайсці ў святым Юзафе, чалавеку, які застаецца незаўважаным, чалавеку штодзённай прысутнасці, далікатнай і непрыкметнай, заступніка, памочніка і правадыра ў цяжкія хвіліны. Святы Юзаф нагадвае нам, што ўсе, хто знешне непрыкметны або „другарадны“, прымаюць выключны актыўны ўдзел у гісторыі збаўлення. Усе яны заслугоўваюць прызнання і падзякі».

Пераклад апостальскага ліста на беларускую мову здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і выдадзены з нагоды пасвячэння касцёла Святога Духа ў Мінску.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней