Новае выданне беларускага каталіцкага бестселера — малітоўніка «Ойча наш» — уключае не толькі асноўныя малітвы на беларускай мове, набажэнствы (Крыжовы шлях, Ружанец, набажэнствы да Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі і іншыя), кароткі катэхізіс і парадак святой Імшы, але і шмат новых малітваў, навэннаў, вяночкаў і літаній. Усё гэта змешчана на 720 старонках кампактнай кніжкі ў цвёрдай вокладцы.
Малітоўнік — неад’емны спадарожнік у жыцці кожнага верніка: на святой Імшы, у чарзе да канфесіянала, у дарозе, дома ўвечары на малітве гэтая кніга заўсёды нам патрэбная... У малітоўніку змешчана шмат малітваў для розных сітуацый з нашага жыцця: малітвы за дзяцей і бацькоў, за Касцёл і святароў, за хворых і падчас эпідэміі; малітвы ў цяжкіх сітуацыях і ў радасныя моманты; малітвы за Айчыну; малітвы, звязаныя з цэлебрацыяй сакрамэнтаў... Дзякуючы простаму зместу, у малітоўніку можна хутка знайсці патрэбную малітву альбо набажэнства.
Спадзяемся, што кожны карыстальнік гэтай кнігі праз глыбокі кантакт з Богам у малітве спазнае Яго шчодрыя ласкі, вялікую любоў і бязмежную міласэрнасць.
Заахвочваем набываць малітоўнік у парафіяльных кіёсках, а таксама падчас фэсту ў Будславе 1–2 ліпеня. Будзем рады бачыць вас у нашых намётах!