Малітоўнік за хворых «Умацуй, Пане» — святло ў лабірынтах выпрабаванняў

Для тых, хто церпіць ад хваробы, змагаецца з немаччу і болем, а таксама для тых, чые блізкія хварэюць, прызначаны малітоўнік «Умацуй, Пане», які пабачыў свет у выдавецтве «Про Хрысто».

Тут змешчаныя малітвы аб аздараўленні, аб вытрываласці і адвазе ў цярпенні, аб дапамозе ў самых складаных сітуацыях, звязаных з хваробаю і лячэннем. У кнігу ўключаныя таксама літаніі і навэнны, у тым ліку праз заступніцтва Маці Божай і шматлікіх святых, якія сваім жыццём давалі прыклад пакорнай цярплівасці і даверу да Божай волі (св. Рох, св. Шарбэль, св. айцец Піо, св. Перэгрын, св. Каміл, св. Себасцьян і інш.).

«Цярпенне, якое прымаецца з верай, становіцца як бы брамай, якая вядзе ў таямніцу адкупленчага цярпення Хрыста. Такое цярпенне ўжо не пазбаўлена спакою і шчасця, бо яно асветлена ззяннем уваскрасення», — напісаў святы Ян Павел ІІ у апостальскім пасланні «Salvifici Doloris», урывак з якога служыць у якасці прадмовы да выдання. Аднак нават веруючаму чалавеку няпроста прыняць цярпенне так, каб яно сапраўды асвяцілася гэтым ззяннем, каб ярмо хваробы стала прыемнае, а цяжар лёгкі (пар. Мц 11, 30). Толькі пастаянная малітва зможа засцерагчы чалавека ад роспачы і страху перад цярпеннем, адорыць надзеяй і суцяшэннем, прывядзе да перамены сэрца.

Хворыя людзі, як і старыя — гэта скарб Касцёла, бо яны могуць ахвяраваць свае цярпенні і фізічныя недамаганні Богу. Таму будзем жа маліцца за іх і прасіць іх аб малітве за нас, каб Божая ласка ў нашай душы прыносіла плён нават у выпрабаваннях.

Ганна Шаўчэнка

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней