Немагчыма застацца абыякавым…

Напрыканцы мінулага года ў выдавецтве «Про Хрысто» па ініцыятыве Віцебскай дыяцэзіі выйшла кніга Раісы Зянюк «Ксёндз Юзаф Барадзюля: жыццяпіс і ўспаміны», прымеркаваная да 130-годдзя з дня нараджэння гэтага моцнага духам, дарэшты адданага Богу святара, які паходзіў з Віцебшчыны. Для свайго грунтоўнага даследавання аўтарка кнігі сабрала мноства дакументаў і матэрыялаў у архівах Беларусі і замежжа, сустрэлася са сваякамі ксяндза Юзафа Барадзюлі і з іншымі людзьмі, якія захоўваюць жывую памяць пра яго, запісала цікавыя сведчанні з іх вуснаў, а таксама пераклала на беларускую мову і падрыхтавала да выдання пісьмовыя ўспаміны самога ксяндза Юзафа.

Як піша ва ўводзінах да кнігі Раіса Зянюк, доўгі час асоба ксяндза Юзафа не была шырока вядомай у Беларусі, хоць ён прынёс вялікую ахвяру дзеля сведчання веры ў нашым Краі — рэпрэсаваны за сваю святарскую дзейнасць, больш за 25 гадоў правёў пад арыштамі, у турмах і ссылках, і нават пасля вызвалення амаль да канца свайго жыцця не меў права афіцыйна займацца душпастырствам. «Я імкнулася максімальна напоўніць гэтую кнігу дакументамі, якія не толькі дапамагаюць у вызначэнні асноўных жыццёвых этапаў кс. Юзафа Барадзюлі, але і дазваляюць нам уявіць, як выглядала жыццё святара ў ХХ ст., якія падзеі суправаджалі дзейнасць духавенства, паказаць больш шырокі кантэкст, у якім жыло грамадства таго часу», — напісала аўтарка ва ўводзінах да свайго даследавання. І ёй сапраўды ўдалося даць чытачу вельмі выразнае ўяўленне пра складаную атмасферу рэлігійнага жыцця Беларусі ў ХХ стагоддзі, пра тую духоўную пустку, у якой святару ўсё ж удалося захаваць вернасць Богу.

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч ва ўступным слове да выдання звярнуў увагу на тое, што кніга пра ксяндза Юзафа Барадзюлю і яго сведчанне вельмі патрэбныя сучаснаму грамадству: «Сёння існуе спакуса не быць вернымі свайму слову, сваім абяцанням, сваім прысягам. <…> Так, гэтая вернасць можа прывесці да выпрабаванняў, але ў Евангеллі сказана: „Той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены“ (Мц 24, 13)».

Чытаючы жыццяпіс і ўспаміны ксяндза Юзафа, змешчаныя ў дадатку, цікава назіраць за тым, што яму давала сілы вытрываць. Падтрымка бацькоў, уменне прабачыць здраду, давер да Бога, імкненне жыць у праўдзе — усё гэта адыграла неацэнную ролю. Аднак святар падзяліўся з намі яшчэ і сведчаннем пра начную відзежу падчас сну ў нарыльскім лагеры, дзе сам Хрыстус падтрымаў яго і даў сілы знесці цяжкі крыж…

Кніга багата ілюстравана фотаздымкамі, выявамі дакументаў і лістоў, матэрыялаў прэсы і старонак аўтабіяграфіі ксяндза Юзафа Барадзюлі. Яна будзе карыснаю не толькі тым, хто цікавіцца гісторыяй, але і кожнаму верніку, бо немагчыма застацца абыякавым да такога мужнага перажывання цярпенняў і такой моцы чалавечага духу…

Ганна Шаўчэнка

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней