Спадчына многіх пакаленняў вернікаў

Кніга «Прасіце і атрымаеце. Літаніі. Навэнны. Вяночкі» (Мінск, «Про Хрысто», 2024) — унікальны малітоўнік, у якім сабрана 69 літанняў, 52 навэнны і 18 вяночкаў да Пана Бога, Панны Марыі, святых, а таксама ў розных інтэнцыях.

Доўгачаканая і вельмі патрэбная кніга пабачыла свет у выдавецтве «Про Хрысто» — гэта зборнік літаній, навэннаў і вяночкаў «Прасіце і атрымаеце». Ёмістае выданне аб’ёмам каля 650-ці старонак стала плёнам шматгадовай працы калектыву рэдакцыі часопіса «Ave Maria», на старонках якога на працягу больш чым 20-ці гадоў друкавалася пераважная частка малітоўных тэкстаў, што ўвайшлі ў кнігу. Акрамя таго, некаторыя літаніі, навэнны і вяночкі былі адмыслова падрыхтаваныя для новага малітоўніка.

Кожны практыкуючы вернік усведамляе неацэнную вартасць тых формаў набажэнства, якія прапануюцца ў гэтым зборніку. Угрунтаваныя на глыбокай духоўнасці, многія з гэтых тэкстаў маюць старажытнае паходжанне, яны былі складзеныя шмат стагоддзяў таму і ўвабралі ў сябе духоўны вопыт многіх пакаленняў вернікаў, невычэрпнае багацце малітоўных заклікаў, актаў і формулаў. Гэта своеасаблівая і важная частка хрысціянскай культуры, з якой мы павінны няспынна чэрпаць натхненне і якой вельмі важна напаўняць наша штодзённае жыццё — іначай мы проста загразнем у няпэўнасці і расчараваннях, у трывозе і стрэсе.

Нездарма да навэннаў, літаній і вяночкаў як да любімых формаў прыватнай малітвы часта звярталіся святыя і благаслаўлёныя, пакінуўшы нам шматлікія сведчанні пра эфектыўнасць такой малітоўнай практыкі. Варта падкрэсліць, што дзейснасць малітвы заключаецца не ў нейкай асаблівай сіле яе словаў ці выразаў (не будзем надаваць ёй магічных уласцівасцяў!), а ў тым, што гэтыя традыцыйныя набажэнствы патрабуюць ад верніка паслядоўнасці і пастаянства, што ў сваю чаргу фармуе ў душы цвёрдую, нязломную веру і дапамагае не збочваць з абранага духоўнага шляху. Так, навэнна звычайна доўжыцца дзевяць дзён — а гэта ўжо патрабуе пэўнай дысцыпліны ва ўласным духоўна-рэлігійным жыцці. Літаніі і вяночкі часцей за ўсё заснаваныя на мностве малітоўных паўтораў і заклікаў, таму дапамагаюць максімальна «акунуць» свае думкі ў малітву, напоўніць ёю штодзённыя справы і абавязкі.

Згадаем, што Пан Езус, жадаючы ўсяму свету аб’явіць бязмежнасць сваёй Міласэрнасці і заахвочваючы чалавецтва маліцца аб уміласціўленні за грахі, прадыктаваў святой Фаўстыне Кавальскай менавіта гэтыя тры формы малітвы да Божай Міласэрнасці: літанію, навэнну і вяночак (дарэчы, у 2025 годзе спаўняецца 90 гадоў з часу з’яўлення Вяночка да Божай Міласэрнасці). Менавіта ў гэтай святой містычкі мы можам вучыцца вытрываласці ў малітве. «Няхай душа ведае, што для таго, каб маліцца і вытрываць у малітве, яна павінна ўзброіцца цярплівасцю і мужна пераадольваць знешнія і ўнутраныя цяжкасці. Унутраныя цяжкасці: расчараванне, чэрствасць, вяласць, спакусы; знешнія: адносіны людзей і [неабходнасць] прытрымлівацца часу, прызначанага для малітвы. Я сама адчула, што калі не прачытала малітвы ў вызначаны для яе час, то пасля таксама яе не прачытала, бо не дазволілі абавязкі, а калі і прачытала, то з вялікімі цяжкасцямі, бо думкі былі пра абавязкі» (Дз., 147), — разважае святая Фаўстына. Яна ж разам з іншымі нябеснымі заступнікамі падае нам добры прыклад маліцца навэнну не толькі перад святамі і ўрачыстасцямі, але і перад важнымі рашэннямі, у цяжкіх сітуацыях, у сумненнях і просьбах да Пана Бога аб Яго ласках. Але нават калі нам здаецца, што мы прыклалі так шмат намаганняў у малітве, а нашыя просьбы не выслуханыя, мы ўсё роўна атрымалі вельмі вялікі дар — сталі бліжэй да Бога, правялі з Ім свой час, спазналі прысутнасць Духа Святога… Чаканне таксама плённа фармуе нашыя сэрцы. А плён малітвы неабавязкова праяўляецца адразу ж, бо «ў Пана адзін дзень, як тысяча гадоў, і тысяча гадоў, як адзін дзень. Не марудзіць Пан з выкананнем абяцання, як некаторыя лічаць гэта марудлівасцю, але Ён доўгацярплівы да нас. Ён не хоча, каб нехта загінуў, але хоча, каб усе прыйшлі да пакаяння» (1 П 3, 8–9).

Спадзяемся, што духоўныя тэксты гэтых навэннаў, літаній і вяночкаў да Пана Бога, Маці Божай, святых і благаслаўлёных, упершыню сабраныя пад адною вокладкаю, дапамогуць вам, дарагія чытачы, узмацняць свой давер да Пана, выпрацоўваць пакору і вытрываласць у малітве, зноў і зноў адважна прыносіць да Бога ў малітве ўсе свае цяжкасці, сумненні і просьбы…

Пазнаёміцца з кнігаю і набыць яе можна будзе найперш на фэстах у Будславе, Тракелях, Гудагаі, Браславе, а таксама звяртайцеся да пробашчаў вашых парафій і ў парафіяльныя кіёскі.

Ганна Шаўчэнка

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней