Шляхамі Пружаншчыны…

Пра кнігу «Каталіцкія святыні. Пінская дыяцэзія. Пружанскі дэканат. Пружанскі раён» (Мінск, «Про Хрысто», 2024)

Знаўцы каталіцкай літаратуры, несумненна, добра памятаюць грунтоўнае выданне «Каталіцкія святыні. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія», якое пабачыла свет у выдавецтве «Про Хрысто» ўжо шмат гадоў таму і ў якім сабрана інфармацыя пра ўсе касцёлы, капліцы і кляштары Будслаўскага, Вілейскага і Мінскага дэканатаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Кніга стала змястоўным і максімальна поўным даведнікам для ўсіх, хто цікавіцца архітэктурай, гісторыяй, сакральным мастацтвам нашага Краю.

Сёння мы маем радасную нагоду распавесці пра чарговае выданне серыі «Каталіцкія святыні» — яно выйшла ў выдавецтве «Про Хрысто» на пачатку восені і прысвечана ўсім існуючым, разбураным і нават страчаным святыням Пружанскага раёна аднайменнага дэканата Пінскай дыяцэзіі — мясцінаў, з якімі быў асабліва звязаны святарскі шлях кардынала Казіміра Свёнтка. Аўтар тэксту і фотаздымкаў (гэтак жа, як і ў першым выданні серыі) — архітэктар Аляксей Яроменка. Праехаўшы па дарогах Пружаншчыны і наведаўшы ўсе яе мясціны з багатаю і старадаўняю каталіцкаю гісторыяй, аўтар сабраў унікальную інфармацыю пра святыні, якія тут дзейнічаюць у наш час, якія былі разбураныя і стаяць у руінах, а таксама пра тыя, ад якіх не засталося нават рэшткаў… Аляксей Яроменка знайшоў і апрацаваў вялікую колькасць архіўных матэрыялаў, якія захоўваюцца ў архівах і бібліятэках Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі. Дзякуючы гэтым пошукам яму ўдалося ўзнавіць гістарычную сетку мясцовых структураў Касцёла. «У дадзеным выданні разглядаюцца парафіі ў межах Пружанскага раёна, — піша сам аўтар кнігі, — але цікава, што ў межы гэтага раёна трапляюць гістарычныя цэнтры ажно трох дэканатаў — дзеючага Пружанскага, былых Ружанскага і Шарашоўскага». Як адзначае біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка ва ўступным слове да выдання, Пружанскі раён адзіны на тэрыторыі Беларусі з такою асаблівасцю. Пастыр Пінскай дыяцэзіі таксама заўважае: «Пададзеная аўтарам інфармацыя — унікальная і цікавая. Зазначу, што многія помнікі архітэктуры дагэтуль не згадваліся ў навуковай і даведачнай літаратуры, не даследаваліся і, магчыма, былі б незаслужана забытыя нашчадкамі, хоць руіны некаторых святыняў у хмызняках і зарасніках яшчэ нагадваюць нам пра тое, што каталіцкае жыццё на Пружаншчыне ў розныя часы было вельмі актыўным і плённым».

Кніга густоўна ілюстраваная гістарычнымі картамі, архіўнымі і сучаснымі фотаздымкамі святыняў, выявамі праектаў і чарцяжоў сакральных будынкаў — усё гэта суправаджаецца разгорнутымі подпісамі і тлумачэннямі на палях кніжных старонак, што дапамагае чытачу добра арыентавацца ў пададзеным матэрыяле, паслядоўна праводзіць яго ўнутраны позірк праз мінулыя стагоддзі і выразна паказвае, які адбітак на сакральных помніках — дый на чалавечых лёсах — пакінулі час, войны, дзесяцігоддзі атэізму і нявер’я.

Выданне прымеркавана да 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі, у склад якой уваходзіць Пружанскі дэканат. Можна лічыць, што гэта вельмі годны крок у рамках святкавання юбілею, таму што выдадзеная інфармацыя мае надзвычайную каштоўнасць для кожнага верніка не толькі Пружаншчыны, але і ўсёй Беларусі, а таксама для нашых нашчадкаў, якія напэўна будуць неабыякавыя да жыцця Каталіцкага Касцёла.

Ганна Шаўчэнка

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней