
Пра кнігу кс. Пятра Кеневіча МІС «Сужэнскі лабірынт» (Мінск, «Про Хрысто», 2025)
Святы Ян Павел ІІ у пасланні да сем’яў «Gratissimam sane» пісаў: «Сярод мноства шляхоў сям’я — першы і ў многіх адносінах найважнейшы шлях. Гэта скрозь распаўсюджаны шлях, які кожны раз застаецца асаблівым, адзіным і непаўторным». З прычыны гэтай непаўторнасці сям’я — гэта таксама шлях многіх непрадбачаных выпрабаванняў, нечаканых спрэчных пытанняў, на якія часта ніхто не дасць адназначнага адказу, бо ён крыецца ў сэрцах абодвух сужэнцаў, сэрцах, якія трэба вучыцца адкрываць адно аднаму і ў якіх неабходна шукаць шляхі паяднання. Не трэба тлумачыць, як гэта складана, бо гэта наша штодзённая рэальнасць. Менавіта таму вельмі часта сужэнцам патрэбна падтрымка і дапамога: душпастырская і псіхалагічная, прафесійная і проста сяброўская. Добраю літаратурнаю апораю для іх саміх, а таксама для ўсіх, хто займаецца сужэнскаю тэматыкаю, несумненна, стане кніга ксяндза марыяніна Пятра Кеневіча «Сужэнскі лабірынт», якая нядаўна выйшла ў выдавецтве «Про Хрысто» ў перакладзе з польскай мовы на беларускую.
Аўтар кнігі жыве і працуе ў Варшаве, займаецца душпастырствам сем’яў у Ліхэньскім цэнтры дапамогі сям’і і залежным людзям. Быў сузаснавальнікам Цэнтра падтрымкі плоднасці «NaProTechnologia» пры Санктуарыі Маці Божай Ліхэньскай і на працягу шасці гадоў кіраваў ім. Як бачым, паводле сферы дзейнасці праблемы сям’і яму вядомыя не толькі з кніг, хоць і ў тэарытычным плане аўтар мае вельмі моцную базу, таму што больш за дзесяць гадоў працаваў у Інстытуце маральнай тэалогіі Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта, даследуючы праблемы біяэтыкі і плоднасці.
«Ёсць дзве асноўныя прычыны цяжкасцяў у сужэнстве, — піша кс. Пётр Кеневіч у прадмове да беларускага выдання. — Па-першае, мужчына і жанчына вельмі моцна адрозніваюцца, і таму ім нялёгка збудаваць трывалую, стабільную еднасць. Па-другое, яны абое грэшнікі, і нават пры найбольшым жаданні іх дзеянні часта маюць на сабе цень гэтай грахоўнай заганнасці. Абедзве праблемы — розніца ў псіхафізічным складзе і грэшнасць — непазбежна перасякаюцца, і неабходныя вялізныя намаганні, каб пераадолець цяжкасці, што з іх вынікаюць». Па сутнасці, гэтымі словамі аўтар акрэсліў праблематыку сваёй кнігі, якая мае вельмі зграбную структуру і глыбокі змест. У ёй уздымаюцца найважнейшыя пытанні сямейнага жыцця: ад разгляду канцэпцыі сям’і як Божай задумы і Божага дару да цяжкіх сітуацый, якія пакідаюць у сэрцах глыбокія раны. Аўтар паказвае, што загаіцца яны могуць толькі дзякуючы мудраму Божаму кіраўніцтву, шчыраму дыялогу, прабачэнню і імкненню да еднасці. Усе раздзелы кнігі тэматычна аб’яднаныя ў шэсць частак: «Еднасць дваіх. Вызначэнне паняццяў»; «Сужэнства веруючых: канцэпцыя сужэнскай любові ў энцыкліцы Паўла VІ Humanae vitae»; «„Давай пагаворым“: пра сужэнскі дыялог»; «За зачыненымі дзвярыма»; «Бацькоўства» і «Бясплоднасць». Як адзначае сам аўтар, у пэўнай ступені гэтая кніга — зборнік лекцый (не занудных і мудрагелістых, а жывых і цікавых аповедаў з пастырскага досведу); яе можна таксама ўспрымаць як дапаможнік для нарачоных, якія шукаюць адказаў на хвалюючыя пытанні, для сужэнцаў у крызісе і ў росквіце іх адносінаў. Аднак першая задача аўтара — не даць параду, не аказаць псіхатэрапеўтычную падтрымку, а дапамагчы «глядзець на людзей і свет у больш шырокім жыццёвым кантэксце», паспрыяць сужэнцам, «калі яны хочуць адкрыцца на дзеянне Бога і адно на аднаго», «„накарміць“ іх <...> Езусам... Такім чынам, „Сужэнскі лабірынт“ — гэта больш сведчанне, чым зборнік парадаў».
Як не змарнаваць перыяду заручынаў? Як быць, калі табе разбілі сэрца? Чаму мы павінны прабачаць? Як знайсці час на размову? Як не маніпуляваць іншым і не дазволіць маніпуляваць сабою? Колькі дзяцей павінна быць у сям’і? Хто павінен кіраваць бюджэтам? У пошуках адказаў на гэтыя пытанні, як у лабірынце, нямала тупікоў, шмат раздарожжаў і невядомых сцежак, таму тут проста неабходны Хтосьці, Хто адорыць святлом і будзе трымаць за руку… Аўтар кнігі спрабуе і проста па-людску паразважаць на балючыя тэмы, і адначасова даць звышнатуральную надзею на тое, што добрае выйсце з лабірынта ўсё ж дзесьці ёсць…
Кніга напісана лёгкаю, даступнаю моваю, а мноства жыццёвых прыкладаў робіць яе змястоўнаю і дынамічнаю. Аўтар неаднаразова падкрэслівае, што ён разумее сем’і з іх цяжкасцямі і спачувае ім, усведамляючы і прызнаючы ўсю складанасць сямейнага і сужэнскага паклікання. Здавалася б, як святар можа «ўвайсці» ў сямейныя праблемы і дапамагчы іх вырашыць? Досвед канфесіянала, шматгадовая праца з сужэнствамі і ўслухоўванне ў Божы голас — дзякуючы гэтым фактарам святару ёсць што нам сказаць, ёсць што параіць у пошуках той любові, па якой мы ўсе так моцна сумуем…
Ганна Шаўчэнка