Сямейная малітва — вялікі дар

Пра малітоўнік «Сям’я — калыска любові» («Про Хрысто», 2025)

Абапіраючыся на свой багаты духоўны вопыт, многія святыя сцвярджалі, што малітва найчасцей мае большую моц, чым нашыя самыя актыўныя дзеянні, скіраваныя на вырашэнне жыццёвых цяжкасцяў. Сястра Люцыя, візіянерка з Фацімы, гаварыла, што няма такой асабістай, сямейнай ці міжнароднай праблемы, якую немагчыма было б вырашыць праз малітву, асабліва ружанцовую. Таму было б вялікім занядбаннем не скарыстацца гэтым скарбам — скарбам малітвы, тым больш што Пан Езус у Евангеллі паводле Мацвея абяцаў: «Сапраўды таксама кажу вам, што калі двое з вас на зямлі згодна прасілі б аб чым-небудзь, то станецца ім ад Айца Майго, які ў нябёсах. Бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх» (Мц 18, 19–20).

Гэтае неверагоднае абяцанне Езуса — вялікі дар. Каб мы маглі найбольш плённа скарыстацца ім у сваім асабістым і сямейным жыцці, выдавецтва «Про Хрысто» падрыхтавала невялікі малітоўнік для сем’яў кішэннага фармату: «Сям’я — калыска любові». Замест прадмовы ў малітоўніку прыводзіцца ўрывак з глыбокага і актуальнага паслання Яна Паўла ІІ да сем’яў «Gratissimam sane», у якім Святы Айцец між іншым адзначыў: «Малітва служыць угрунтаванню духоўнага адзінства сям’і і спрычыняецца да таго, што сям’я становіцца моцнаю Богам». Наколькі ж патрэбная гэтая Божая моц сучасным сем’ям, якія жывуць у цывілізацыі, далёкай ад Бога і хрысціянскіх каштоўнасцяў, у свеце, дзе праўда лічыцца адносным паняццем, імкненне да святасці і цнота высмейваюцца, а ў разлік прымаюцца прадуктыўнасць, эфектыўнасць, хуткасць і эпатажнасць!..

Малітоўнік для сем’яў складаецца з пяці невялічкіх раздзелаў: «Асноўныя малітвы», «Супольная малітва ў сям’і» (сюды ўвайшлі малітвы-прысвячэнні, малітвы аб благаслаўленні для сям’і і г.д.), «Малітвы за родных і блізкіх» (гэта збор малітваў за кожнага асобнага члена сям’і ў звычайных жыццёвых сітуацыях), «Малітвы ў сямейных цяжкасцях» (малітвы ў сямейным крызісе, у хваробе, у праблемах з залежнасцю і інш.), а таксама раздзел «Малітвы за памерлых у сям’і» (мы не павінны забываць у малітве і пра тых членаў сям’і, душы якіх жывуць у вечнасці).

Гэты малітоўнік, несумненна, стане добраю падтрымкаю для тых, хто прагне штодзённа ва ўсіх сваіх справах выпрошваць Божае благаслаўленне для сябе і сваіх блізкіх, хто прагне адкрывацца на Божую перспектыву — адзіную слушную перспектыву, таму што мы бачым сваё жыццё толькі «тут і цяпер», а Пан Бог бачыць яго як прыгожы цэльны шлях і найлепш ведае, што патрэбна для нашага збаўлення. Няхай жа гэты зборнік малітваў спрычыніцца да таго, што сямейная супольная і індывідуальная малітва будзе сапраўды эфектыўным сродкам нашага асвячэння і ўмацавання ўзаемнай любові.

Ганна Шаўчэнка

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней