Выйшаў трэці нумар часопіса «Наша вера»
21.08.2025|Падзеі

У новым нумары часопіса «Наша вера» (№ 3, 2025) чытачы знойдуць цікавыя матэрыялы, прысвечаныя важным падзеям з жыцця Касцёла, у тым ліку пачатку Пантыфікату Папы Льва XIV, пераклады духоўнай літаратуры, паэзію і прозу сучасных беларускіх аўтараў, артыкулы пра беларускае сакральнае мастацтва, рэлігійнае жыццё мінуўшчыны і сучаснасці.

Гэты нумар часопіса пачынаецца прамоваю Святога Айца Льва XIV да прадстаўнікоў масмедыя ў Ватыкане 12 мая 2025 г.

Асобе Папы Льва XIV прысвечаны матэрыял Элы Дзвінскай «Перуанцы вітаюць новага Папу Льва і ганарацца сяброўствам з ім».

У рубрыцы «Пераклады» Аксана Данільчык прапануе ўвазе чытачоў свой пераклад з італьянскай мовы «Разважанняў аб святых стыгматах святога Францішка» (працяг).

У рубрыцы «Асобы» друкуецца ўрывак з кнігі «Патрабавальны Папа» польскага святара, тэолага і публіцыста кс. Робэрта Скшыпчака ў перакладзе Крыстыны Лялько (працяг).

Кс. д-р Юрый Дрозд у артыкуле «Першы Сусветны Сабор у Нікеі ў кантэксце эпохі і веры Касцёла» апавядае пра гэтую эпахальную падзею.

Шляхетнай каталіцкай сям’і Котвічаў прысвечаны артыкул кандыдата гістарычных навук, знаўцы архітэктуры Анатоля Сцебуракі «Капліца-пахавальня роду Котвічаў у Міхалішках».

Рэстаўратар Ігар Сурмачэўскі ў артыкуле «Будслаў і род Слізняў у XVI–XVIII стагоддзях» апавядае пра сакральнае паяднанне лёсу шляхетнага роду Слізняў з гісторыяй будслаўскага касцёла (працяг).

У рубрыцы «Паэзія» друкуюцца вершы Алеся Дуброўскага-Сарочанкава і Ірыны Саматой.

210-годдзю з дня нараджэння Габрыэлі Пузыні прысвечана публікацыя, падрыхтаваная літаратуразнаўцаю Ірынай Багдановіч. Тут жа друкуюцца ўспаміны пра Габрыэлю Пузыню Антонія Эдварда Адынца, які добра ведаў паэтку.

У рубрыцы «Пераклады» друкуецца проза Георга Освальда Котта ў перакладзе з нямецкай мовы Алены Сямёнавай-Герцаг.

Мастацтвазнаўца Таццяна Гаранская (Таня Плынь) прапануе ўвазе чытачоў сваё даследчыцкае эсэ «Ксенія Брачыславава. Рэканструкцыя жыцця і дзейнасці Ізяслаўскай князёўны».

У рубрыцы «Мастацтва» друкуецца артыкул мастацтвазнаўцы Надзеі Усавай «„Жніво“, або Духоўная вандроўка Міхася Сеўрука», прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння аднаго з найсамабытнейшых мастакоў Заходняй Беларусі.

Музеязнаўца, экскурсавод Вераніка Шэмет-Рэмізевіч у эсэ «Падарожжа ў Таледа» апавядае пра веліч духу мастацтва і архітэктуры старажытнай сталіцы Іспаніі, дзе нядаўна экспанавалася мастацкая калекцыя пад назваю «Аблічча Хрыста». Гэтай жа калекцыі прысвечаны артыкул Валянціна Глекава «У сучасных мастацкіх пошуках Аблічча Хрыста».

Стах Лысы і Ян Лысы ў артыкуле «„Дэкалог“ Кшыштафа Кеслёўскага» разважаюць пра адметнае прачытанне Божых запаведзяў сусветна вядомым творцам кіно (працяг).

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней