У гэтыя дні, калі яшчэ «дагараюць» яркімі ўспышкамі кроны восеньскіх дрэваў, мы па традыцыі запальваем маленькія знічы на магілах нашых родных і блізкіх, атуляем іх цеплынёю сваёй малітвы, веры і надзеі на сустрэчу ў вечнасці. Новы лістападаўскі нумар «Ave Maria» прысвечаны менавіта гэтай таямнічай сустрэчы і крэсу зямнога жыцця чалавека. Большасць артыкулаў у пастаянных рубрыках часопіса — гэта роздум аўтараў над балючымі пытаннямі пра смерць, ачышчэнне душы пасля скону і пра магчымасць дапамагчы памерлым блізкім пасля іх адыходу ў вечнасць.
Айцец Юрый Кулай у рубрыцы «Школа малітвы» прапанаваў цікавае разважанне «Вузкая брама», дзе заклікае нас да роздуму пра мудрае выкарыстанне зямнога жыцця. «Найглыбей праўду пра браму да Дому Айца Нябеснага перажываюць тыя, хто перажыў развітанне з любімым чалавекам, які ўжо ўвайшоў у гэтую браму <...>, — піша святар. — Яны, аднак, ведаюць, што ўсе зямныя брамы ў параўнанні з гэтай адзінай, за якой чакае любімы чалавек, мала чаго вартыя».
Разважанне ксяндза Андрэя Рылкі пад назваю «Калі Бог добры, то чаму паміраюць нявінныя?» дадае надзеі і спакою асабліва тым, хто страціў дзяцей. Святар паказвае, як мы можам змяніць перспектыву свайго мыслення ў сутыкненні са смерцю, асабліва смерцю дзяцей, як пачаць жыць паводле іншай логікі — той, што вядзе да збаўлення, а не да пошуку вінаватых.
Чытачы таксама могуць пазнаёміцца з містычным досведам святой Фаўстыны Кавальскай, звязаным з наведваннем чыстца і пекла: у часопісе публікуюцца ўрыўкі з яе «Дзённіка» («Я зразумела, што яна знаходзіцца ў чыстцы», пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько).
Пілігрымаванне да святых месцаў — таксама важны і ў многім сімвалічны этап на зямным шляху да вечнасці. Такі крок у рамках праграмы Юбілейнага года зрабілі беларускія пілігрымы напрыканцы кастрычніка, пра што распавядаецца ў артыкуле ксяндза Аляксандра Амяльчэні «Беларусы ў Рыме». У іншым сваім матэрыяле святар распавядае пра сустрэчу арцыбіскупа Юзафа Станеўскага з Папам Львом XIV («Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў Ватыкане: час для візіту Папы настаў»). У часопісе таксама публікуецца тэкст катэхезы Святога Айца, якую на Генеральнай аўдыенцыі 22 кастрычніка мелі гонар слухаць каля 500 беларускіх пілігрымаў («Уваскрасенне Хрыста — адказ на смутак чалавека»).
Чытачоў чакаюць іншыя цікавыя матэрыялы ў рубрыках «Сведчанне», «На кніжнай паліцы», «Нам пішуць», а на апошніх старонках вокладкі змешчаны разважанні на другі дзень навэнны «Найдаражэйшая Кроў Хрыста, умацуй нас!».
Ганна Шаўчэнка
Набыць часопіс можна:
- у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
- у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.

