З удзячнасцю за працу на ніве евангелізацыі і роднага слова…
30.03.2026|Падзеі

30 сакавіка, калі вясна ўжо ўпэўнена гаспадарыць на зямлі і радуе нас шчодрым сонцам, святкуе свой юбілей Крыстына Лялько, рэдактар часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера».

***

Ад шчырага сэрца віншую рэдактара часопіса спадарыню Крыстыну Лялько з юбілеем! З глыбокай удзячнасцю за шматгадовую самаахвярную працу ў каталіцкіх СМІ на ніве евангелізацыі і духоўнага развіцця чытачоў жадаю Божых ласкаў, шчодрага плёну ў прафесійным і творчым жыцці. Шчырым сэрцам благаслаўляю на далейшую дзейнасць дзеля хвалы Божай.

+ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

***

30 сакавіка, калі вясна ўжо ўпэўнена гаспадарыць на зямлі і радуе нас шчодрым сонцам, святкуе свой юбілей рэдактар нашага часопіса Крыстына Лялько. Сёлета гэты дзень прыпаў на Вялікі тыдзень, ды і той дзень, калі яна ўпершыню пабачыла свет, неяк сімвалічна супаў з самою Вялікаю пятніцаю… Калі згадаць пра муку Езуса як бясцэнную крыніцу ласкаў для ўсіх вернікаў Касцёла Божага, то немагчыма не ўспрымаць і дар жыцця пані Крыстыны як дар для ўсяго Касцёла ў Беларусі.

Таленавітая пісьменніца, паэтка і перакладчыца, адна з заснавальніцаў першых беларускамоўных каталіцкіх часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера», мудрая і зычлівая калега, яна ўжо больш за 30 гадоў штодня шчыруе над евангелізацыяй праз роднае слова, глыбока праз сэрца прапускае кожны нумар часопіса, прадумваючы яго тэматыку і змястоўнае напаўненне, клапоцячыся пра актуальнасць і праўдзівасць напісанага. За гэтыя дзесяцігоддзі ўжо сабраўся вялікі і бясцэнны архіў выдадзеных нумароў, што моцна ўражвае маштабам зробленага. І які выпуск ні вазьмі — ён ніколі не страціць сваёй надзённасці, таму што на яго старонках асвятляюцца адвечныя маральныя і рэлігійныя праблемы, ажывае і застаецца для нашчадкаў гісторыя, пішуцца сведчанні, якія ў кімсьці заўсёды будуць нараджаць надзею, падтрымліваць веру і любоў.

Каб зрабіць з кожнага нумара сапраўдную перліну для скарбніцы Божай мудрасці, пані Крыстына нястомна супрацоўнічае з мноствам аўтараў, сярод якіх вялікаю падтрымкаю для нас становяцца святары, што ахвотна адгукаюцца на просьбы раскрыць тую ці іншую тэму, паразважаць пра нейкае праблемнае пытанне.

Рэдактарская праца з тэкстамі, якая непазбежна паглынае ўвесь час, розум і сэрца, напаўняе сабою ўсё жыццё, узамен прыносіць вялікі вопыт, што ўзбагачае кожны чарговы нумар, і выклікае ўдзячнасць ад чытачоў з усёй Беларусі. І хоць гэтая праца пакідае няшмат магчымасцяў для асабістай літаратурнай дзейнасці, усё ж пані Крыстына паспявае знайсці час для ўласных твораў і нават для перакладу з іншых моваў. Яе вершы, пакладзеныя на музыку, нярэдка цытуюцца, таму што яны народжаныя з адкрытасці і шчырасці, з болю і з праўдзівай радасці… Дзякуючы пані Крыстыне мы таксама можам чытаць па-беларуску творы святога Яна Паўла ІІ, кс. Яна Твардоўскага, кс. Вацлава Бурылы, кс. Эдварда Станека, кс. Яна Гурскага і іншых замежных аўтараў, а таксама бестселер духоўнай містычнай літаратуры — «Дзённік» святой сястры Фаўстыны Кавальскай, праца над якім патрабавала вялікіх духоўных намаганняў, дакладнасці, глыбокага перакладчыцкага досведу, шматлікіх кансультацый з духоўнымі асобамі, а таксама пакорнай і шчырай малітвы. Аднак дзякуючы гэтай працы сёння мы маем на роднай мове пасланне Божай Міласэрнасці, так неабходнае сучаснаму чалавеку.

Шчыра дзякуючы шаноўнай і дарагой пані Крыстыне за ўсю працу, за самаахвярнае служэнне дзеля Бога і Касцёла, евангелізацыі і роднага слова, жадаем яшчэ доўгія гады цешыцца плёнам таго, што зроблена, робіцца і пакуль толькі запланавана; жадаем нязгаснага святла Духа Святога ў кожным няпростым творчым, рэдактарскім і проста асабістым жыццёвым рашэнні, невычэрпнага натхнення, унутранага спакою, фізічных і духоўных сілаў у рэалізацыі новых Божых задумаў.

Няхай Езус Хрыстус, муку і ўваскрасенне якога мы ўспамінаем у гэтыя дні, сам вядзе Вас па жыццёвых шляхах і ратуе ад усялякага зла, а Маці Божая Белагрудская, якая кожны раз пяшчотна вітае Вас на радзіме, сваёю прытоенаю ўсмешкаю нагадвае, што заўсёды мае Вас у сваім сэрцы і нястомна клапоціцца пра Вас.

З павагаю і ўдзячнасцю, супрацоўнікі рэдакцыі часопісаў «Ave Maria», «Наша вера» і выдавецтва «Про Хрысто».

***

Жанчына, якая ўмацоўвае нашу веру:
да дня нараджэння Крыстыны Лялько

Святы Лука ў сваім Евангеллі кажа, што, калі Езус праходзіў па гарадах і паселішчах, прапаведуючы і абвяшчаючы Добрую Навіну пра Валадарства Божае, былі з Ім Дванаццаць Апосталаў, а таксама некаторыя жанчыны, якія ім дапамагалі (пар. Лк 8, 1–3). Евангеліст нават палічыў патрэбным назваць некалькі з іх пайменна: настолькі важная была іх роля ў абвяшчэнні Божага Валадарства, у пашырэнні веры ў Сына Божага.

Як гэтых евангельскіх жанчын, што служылі Пану сваёй маёмасцю і не толькі, сёння варта ўзгадаць адну беларускую жанчыну, якая прысвяціла служэнню Хрысту свой унікальны талент, сваю руплівую працу, ды і ўсё жыццё сваё. Сёлета, у год, які ў нашай краіне адзначаецца як Год беларускай жанчыны, яна адзначае салідную круглую дату, якую я не буду называць, бо жыццё чалавека вымяраецца не гадамі, а добрымі справамі. Гэтая жанчына — Крыстына Лялько: паэтка, перакладчыца, галоўны рэдактар часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера», вядомых не толькі кожнаму католіку ў нашай краіне, але і вялікай колькасці беларускамоўных чытачоў розных веравызнанняў як у нас, так і за мяжой.

У 90-я гады мінулага стагоддзя, калі духоўнае жыццё ў Беларусі адраджалася пасля дзесяцігоддзяў пераследу і цяжкіх ганенняў, многія людзі шукалі Бога, прагнучы атрымаць адказы на самыя галоўныя, самыя істотныя ва ўсе часы пытанні адносна мэты і сэнсу жыцця. І як жа мала тады было магчымасцяў іх знайсці, бо не хапала святароў, амаль не было даступнай рэлігійнай літаратуры і іншых аўтарытэтных крыніц, якія б маглі задаволіць духоўныя патрэбы нашых суайчыннікаў. Затое шмат было тых, хто, карыстаючыся такой недасведчанасцю і адсутнасцю элементарных ведаў на рэлігійныя тэмы, уводзіў людзей у зман, каб маніпуляваць імі ў сваіх карыслівых мэтах. Каб не дапусціць гэтага, Касцёл, які ва ўсе часы імкнуўся несці святло веры ўсім народам, у гэты пераломны момант гісторыі нашай Бацькаўшчыны не мог занядбаць гэтую даручаную яму Хрыстом місію. І тады поплеч са святарамі сталі свецкія вернікі, прысвяціўшы сябе служэнню Евангеллю.

Крыстына Лялько, у той час ужо вядомая пісьменніца, аўтарка кніг прозы «Дарога пад гару» і «Світанак над бярозамі», складальніца зборніка апрацаваных ёю беларускіх народных казак «Хітрэй свету не будзеш», але перадусім хрысціянка, каталічка, не засталася ў баку, «адпачываючы на лаўрах». Яна не схавала светач сваёй веры пад пасудзінай, але з усім сваім прыродным імпэтам узняла яго на высокім свечніку, каб свяціць іншым Хрыстовым святлом. Яна, маючы такое вымоўнае творчае імя Хрысціна, адна з першых «ахрысціла», прыўнесла хрысціянскае вымярэнне ў сучасную беларускую культуру: у літаратуру, журналістыку, мастацтвазнаўства… Валодаючы жывой, сакавітай, сапраўды народнай мовай, якой навучылася ў сваёй матулі ў родным доме на Лідчыне, а таксама прасякнутая духам нашага вялікага песняра Янкі Купалы, Крыстына Лялько ўваходзіла ў першы склад створанай Сведкам веры кардыналам Казімірам Свёнткам камісіі па перакладзе літургічных тэкстаў і прычынілася да стварэння новай беларускамоўнай традыцыі мясцовага Касцёла. Сваімі перакладамі яна зрабіла зразумелымі для нас і складаныя тэалагічныя творы святога Яна Паўла ІІ, і ўзнёслую творчасць святара і паэта Яна Твардоўскага.

Дзякуючы сваёй вельмі прыцягальнай асабістай харызме Крыстына Лялько аб’яднала вакол сябе цэлую плеяду цікавых творчых людзей і ўжо больш за 30 гадоў з’яўляецца галоўным рэдактарам каталіцкіх часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера». Гэтыя перыядычныя выданні — сапраўды ўнікальная з’ява, незвычайны і эфектыўны спосаб перадачы Евангельскай весткі праз нацыянальную культуру, якая мае даўнія хрысціянскія карані. Крыстына Лялько ведае, што нельга адарвацца ад гэтых каранёў, каб не загінуць, каб не знікнуць без следу, і без рэшты ахвяруе гэтай справе сваё жыццё: няпростае, але ж такое змястоўнае і мэтанакіраванае.

Дзякуй Вам, шаноўная спадарыня Крыстына, за Ваша служэнне, за Ваша ўнутранае святло, якое Вы разам з цудоўнымі вершамі несяце свету на далонях любові, умацоўваючы нашу веру: і маю, канечне, таксама. Таму я маю гонар з поўным правам лічыць Вас калегай — і як перакладчык, і як святар. Дзякуй Богу за дар Вашага прыгожага жыцця; няхай жа Найвышэйшы яго працягне на доўгія, святыя гады. З днём нараджэння, дарагая спадарыня Крыстына!

З любоўю і павагай, кс. Мікола Гракаў

***

Без ялею да юбілею

Я ведаю Хрысціну Лялько ад самага пачатку яе літаратурнай творчасці і яе чалавечага сталення. Добра памятаю яе першы, выдрукаваны ў часопісе «Беларусь», аповед «Мурза» і яе дэбютную кніжку «Дарога пад гару», якая выйшла ў свет у 1985 годзе з прадмовай самога Яна Скрыгана ды выклікала белую зайздрасць у многіх яе літаратурных равесніц і каляжанак. Вядомы майстра пісаў, што мова маладой пісьменніцы «натуральная, праўдзівая, са знакам літаратурнай інтэлігентнасці», што «з такой моваю маўчаць проста грэшна», нагадваў пра «тонкі рысунак вобраза і свабодную псіхалагічную плынь дзеі», пра тое, што «вобразы яе твораў заўсёды напоўнены нутраным, напружаным рухам», і што сама пісьменніца «хоча, каб мы задумаліся над сваёй зямлёй, над краем, бацькаўшчынаю, бо Радзіму трэба любіць не толькі па абавязку, а душою, навек».

З гэтага і пачалося станаўленне асобы Хрысціны Лялько як творчай, так і грамадскай. Натуральна, што жыццёвы стыль паводзінаў пісьменніка характарызуе і стыль яго пісьма. У Хрысціны Лялько ён па-мужчынску надзейны, вывераны і па-жаноцку помны, чуйна-сентыментальны, балюча-пранізлівы. Пра яе «глыбока традыцыйную вясковую прозу» пісалі і пішуць розныя людзі па-рознаму, выяўляючы яе самабытны нацыянальны талент.

З 1994 года яна прызначаецца рэдактарам каталіцкага часопіса «Ave Maria», а праз год узначальвае шырокавядомы цяпер часопіс «Наша вера», дзе друкуюцца творы сучасных беларускіх літаратараў хрысціянскага веравызнання.

Па часе напоўніцу выявіўся і паэтычны талент Хрысціны. Яе зборнік вершаў «На далонях любові» пабачыў свет у 2006 годзе, а кніжка выбранай паэзіі «Адвячорак» у 2016-м. У кароткім уступе да яго Хрысціна напісала, што «ў гэтай кнізе няма датаў пад вершамі. Напісаныя ў сямнаццаць і ў трыццаць, у сорак гадоў і значна пазней, усе яны — споведзь маёй душы. А хіба ў душы ёсць узрост?» Не засталася незаўважанай і яе значная перакладчыцкая праца. Найбольш яе прыцягвае рэлігійна-хрысціянская тэматыка, дзе таемства веры і празарэнне розуму прыводзяць чалавека да гармоніі зямнога жыцця і паднебнага духаўратавання… Хрысціна пераклала і перастварыла «Дзённік» св. сястры Фаўстыны Кавальскай, паэзію Чэслава Мілаша, Караля Вайтылы (Папы Яна Паўла ІІ), Юліяна Тувіма, Эвы Скаржыньскай, Марэка Тытко, Лешака Мачульскага, Рамана Таболы, Уршулі Пенткі, ксяндзоў Яна Твардоўскага, Яна Соханя, Ежы Шыміка, сястры Альмы Аліцыі Пахуты…

Хрысціна Лялько ўмее быць сабой і быць у сабе, а яе талент дапамагае ёй не толькі адкрываць сябе для іншых, але і самой быць адкрытай для іншых. Бадай, найлепш пра гэта напісала Данута Бічэль: «Як здзівіў мяне калісьці сваёй завершанай мудрасцю Хрысцінін хутар, так цяпер здзівілі мяне яе дасканалыя ў сваёй натуральнасці вершы, запоўненыя жывым зместам жывога жыцця».

Што ж, нашыя малітвы адпаведныя нашаму граху, а спадзяванні раўназначныя пакутам...

Я ведаў і бачыў Хрысціну ў праявах радасці і смутку. Яна — чалавек мужны, а жанчына высакародная. Не магу я не давяраць таму, каму паверыў ад самага пачатку, тады, калі яшчэ адольвалася ёю «дарога пад гару». Няўмольны час, на вялікі жаль, не вяртае нам былой бесшабашнасці, летуценнай бескарыслівасці, душэўнай і цялеснай цнатлівасці, прагі мастацкага здзіўлення... Аднак, як пісала сама Хрысціна ў адным сваім вершы, «адвячорак — гэта яшчэ не вечар»…

Што ж, няхай усе нашы мроі дарэшты і не спраўдзіліся, ды, на шчасце, мы сталі самімі сабою, кожны з нас выбраў свой шлях і не пазбег уласнай долі, дамогся калі не канчатковай мэты, то хаця б таго, што змог і на што быў здольны.

То — з чарговым жыццёвым набыткам цябе, шаноўная Хрысціна, здароўя табе, дабра, новых творчых удач і здзяйсненняў!

Лёня Галубовіч — з паклонам.

***

Казаць і пісаць пра Хрысціну Лялько з намерам конча ахапіць словамі ўсё тое добрае, чаго яна заслугоўвае, — як напарсткам ваду чэрпаць са студні дзеля спатолення смагі ў задушлівы дзень. Бо што ні скажы, што ні напішы — усё будзе толькі назіркам, толькі збольшага, а значыць — замала. Такі маштаб асобы, такое прыродаю ёй дадзенае, бацькамі і традыцыямі малой радзімы выпеставанае-выхаванае стаўленне да свету і да ўсяго ў ім існага.

Асоба з шэрагу тых, пра якіх нездарма кажуць: Бог пацалаваў. Адарыў тым жыццядайным пацалункам, што, аднак, не гэтак, можа, знак асаблівай прыязнасці Стварыцеля, як сведчанне запавету належным чынам тою прыязнасцю распарадзіцца, навучыцца быць здольнаю годна пранесці груз Яго высокага даверу праз любыя непамыслоты і выпрабаванні, не расцярушыць найкаштоўнейшы скарб на жыццёвых сцяжынах, не зглуміць, не распасорыць марна, як гэта нярэдка з намі, людзьмі, здараецца.

Творчыя набыткі пісьменніцы Хрысціны Лялько агульнавядомыя. як і дзейнасць на дзялянцы спрыяння духоўнаму ўзрастанню чалавека, яго маральнага ацалення. І не толькі ў сэнсе асветніцтва праз выданні, з Божае ласкі і дзякуючы высілкам калектыву аднадумцаў на свет пакліканыя, але і праз атмасферу зычлівасці, узаемапавагі і ўзаемаразумення, што калектыву тых выданняў усе гады супольнае працы спадарожнічае. Няма сумневу: шмат каму, як і аўтару гэтых словаў, ёсць за што ў гэтым плане юбілярцы падзякаваць.

...Бываюць такія дзівосы: эпізод нязначны, здаецца, а чамусьці запамінаецца на ўсё жыццё. Праз гады, аброслы стасункамі з тысячамі да сябе падобных, узгадаеш яго сярод іншых і падумаеш, што вось жа нездарма калісьці зачапіў. Эпізод — з часоў студэнцтва. Старшакурснік пры акне наўзбоч інтэрнатаўскіх прыступак, яна — насупраць, цёмнавалосая прыгажуня Хрысціна. Пра творчыя мроі апавядае, пра тое, як, вяртаючыся раз-пораз памяццю да відарысаў і згукаў ваколіцаў дзедавай сядзібы, робіць першыя спробы адлюстраваць іх хараство ў мастацкім творы.

Адбылося: і творы напісаныя, і шмат чаго іншага, вартага, на што некаму куды больш часу спатрэбілася б, здзейснена. Не зглумлены, не расцярушаны дадзены Богам талент, выкананы як след, як належыць, напоўніцу Яго запавет годна паслужыць усяму, што ўзвышае чалавека, робіць яго вартым плану Божага Провіду. Наперадзе — новыя дзеі-падзеі, новыя выклікі, новыя вышыні. Няхай жа хапае дужасці і духоўнай моцы на іх пражыванне, перажыванне, адольванне.

Франак Сіўко

***

Віншуем юбілярку

Хрысціна Лялько!.. Напэўна, была нейкая Божая задумка ў тым, што аднойчы ў маё жыццё ўвайшло гэта імя. Літаратар, рэдактар часопісаў, выдавец, а галоўнае — чалавек, які шчыра верыць у Боскі пачатак усяго існага. Кожны стасунак са спадарыняй Хрысцінай пакідае след у душы. Цешыць, што знайшліся магчымасці супрацоўніцтва, узаемная зацікаўленасць.

Юбілей — заўсёды нагода павіншаваць чалавека, зычыць плёну. Але тут усё шырэй і глыбей. Тут трэба віншаваць юбілярку і разам дзякаваць за зробленае дзеля Бога, для вернікаў, за захаванне духоўнай пляцоўкі, дзе паэты і пісьменнікі жаданыя госці. А, зычачы новых набыткаў, міжволі думаем, пра няпросты шлях слова Божага да людзей, спадзяёмся, што часопісы, якімі яна апякуецца, і надалей застануцца запатрабаванай сцежкай да Творцы, непарыўнай нітачкай сувязі пісьменнікаў з чытачамі.

Аптымізму, сілы і плёну пад Божай ласкай!

Аляксандр Місуна

***
Дарагая Крыстына !

Што пажадаць Вам у гэты прыгожы сакавіцкі дзень вашага нараджэння ...

Хіба, я не пакрыўджу Вас, калі назаву Ваш Юбілей пачаткам «адвячорку» Вашага жыцця.

Жадаю, каб ён быў для вас прыгожым, асаблівым, жаночым «адвячоркам» мудрасці і рады. Як больш здароўя, сілы, надзеі і творчай радасці на кожны дзень!

З павагай Валянціна Навасельская

***

Шаноўная спадарыня Крысціна!

З вялікай павагай і шчырасцю вітаем Вас у слаўны юбілей — 70-годдзе! Гэтая дата не проста лічба, але ўвасабленне багатага жыццёвага і творчага шляху, якім Вы шчодра дзеліцеся з усімі намі.

Як таленавіты паэт і перакладчык, Вы дарыце чытачам светлыя радкі, поўныя глыбокай духоўнасці і сардэчнасці. Ваша паэзія — гэта духоўны мост паміж зямным і нябесным, які аб'ядноўвае людзей у іх імкненні да прыгажосці і праўды.

Як рэдактар з вялікім журналісцкім вопытам у часопісе «Беларусь» і «Літаратура і мастацтва», Вы стварылі свой сапраўдны цуд — часопіс «Наша вера», які ўжо больш за тры дзесяцігоддзі застаецца духоўнай крыніцай для католікаў Беларусі. Распачаты ў 1995 годзе, ён вырас у сур'ёзнае навуковае і публіцыстычнае выданне, што вяртае памяць народу і асвятляе шлях да Бога. Дзякуючы Вашай адданасці «Наша вера» стала не проста часопісам, а своеасаблівай энцыклапедыяй хрысціянскай культуры, дзе знаходзяць месца і святарскае слова, і навуковыя даследаванні, і мастацтвазнаўчыя артыкулы, і высокая паэзія.

Як грамадскі дзеяч, Вы нястомна працуеце на ніве адраджэння духоўных каштоўнасцяў. Ваша служэнне, якое Вы самі называеце «радасным служэннем Богу і Касцёлу», натхняе мноства людзей. Вы не проста рэдагуеце тэксты — Вы фармуеце культурны ландшафт краіны, падтрымліваеце маладых аўтараў і даследчыкаў сакральнай спадчыны, дапамагаеце людзям знаходзіць адказы на найважнейшыя пытанні быцця. Цяжка знайсці больш рознабаковага чалавека — музейшчыка ў мінулым, журналіста, публіцыста, паэтку і перакладчыцу, і проста добразычлівага чалавека, побач з якім цёпла і ўтульна калегам і аўтарам.

Дзякуй Вам, спадырыня Хрысціна, за вернасць пакліканню, за мудрасць і цярпенне, за той свет, які Вы нясеце праз старонкі нашага любімага часопіса. Няхай Вашае сэрца заўсёды сагравае цеплыня блізкіх, а душа поўніцца мірам і ўдзячнасцю за ўсе дары жыцця. Няхай Бог шчодра благаслаўляе Вас на доўгія і шчаслівыя гады, поўныя творчасці, натхнення і радасці!

З глыбокай павагай і любоўю, шматгадовыя аўтары часопіса — Надзея Усава, Аркадзь Шпунт, Алена Карпенка, Дзмітрый Моніч.

***

З юбілеем!

Хвала Хрысту, паважаныя супрацоўнікі рэдакцыі, а таксама чытачы «Ave Maria»!

На старонках амаль кожнага нумара часопіса можна ўбачыць віншаванні і пажаданні вернікаў для святароў. Мне ж хочацца адрасаваць самыя шчырыя і цёплыя словы жанчыне, без якой і не было б такога цудоўнага і надзвычай патрэбнага выдання. Пастаянныя чытачы «Ave Maria», канешне ж, зразумелі, каго я маю на ўвазе. Ну вядома, гэта Крыстына Аляксееўна Лялько — нязменны галоўны рэдактар часопіса ад самых першых яго нумароў. Менавіта яна са сваёй зусім нешматлікай «камандай» стаяла каля вытокаў выдання, якое благаславіў на «плаванне» святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк.

Як вядома, падарожжа па хвалях бяскрайняга мора далёка не заўсёды бяспечнае. Сустракаюцца падводныя рыфы і плыні, шматбальныя штормы і штылі… Не менш усялякіх непрадказальных сітуацый здараецца і падчас вандравання на хвалях сродкаў масавай інфармацыі. Тым больш, калі даводзіцца ўсё пачынаць з нуля, не маючы ні належнай матэрыяльна-тэхнічнай базы, ні спецыфічнага вопыту… Але ў спадарыні Крыстыны ўсё атрымалася, бо было галоўнае: вялікае і шчырае жаданне ствараць перыядычны часопіс, у якім бы асвячаліся навіны каталіцкага жыцця Беларусі, друкаваліся б малітвы, сведчанні, артыкулы па катэхізацыі... А дапамагалі, натхнялі, давалі сілы і ўпэўненасць, што ўсё атрымаецца як мае быць нябесныя заступнікі: Пан Езус і Яго Найсвяцейшая Матуля, у гонар Якой і атрымаў сваю назву часопіс.

Хочацца адзначыць, што Крыстына Аляксееўна дасканала валодае польскай мовай, таму на старонках «Ave Maria» часта з'яўляюцца пераклады сапраўдных перлінаў, якія садзейнічаюць паглыбленню веры і духоўнаму ўзрастанню чытачоў часопіса. Яе вызначаюць глыбокая і шчырая адданасць і давер да Бога, павага да кожнага чалавека, жаданне быць сапраўды патрэбнай. Дзякуючы менавіта вялікаму мноству станоўчых якасцяў, якімі Пан Бог надзяліў рэдактара выдання ў асобе спадарыні Крыстыны, яно на працягу столькіх гадоў застаецца жывым і запатрабаваным.

30 сакавіка Крыстына Аляксееўна будзе адзначаць свой юбілей. Ад усяго сэрца хочацца пажадаць гэтай таленавітай, мэтанакіраванай і ахвярнай жанчыне добрага здароўя, фізічных і душэўных сілаў, якіх заўсёды хапала б на рэалізацыю ўсіх планаў і задумак. Божых Вам ласкаў, апекі і заступніцтва Панны Марыі, дароў Духа Святога! Натхнення Вам для далейшай працы на хвалу Пану Богу і на радасць усім нам, хто прагне праз слова спасцігаць веліч і святло Божай прысутнасці, яе неабходнасць дзеля збаўлення нашых душаў! Няхай тыя любоў, святло і мудрасць, якімі Вы дзеліцеся з намі на старонках «Аve Maria», вяртаюцца да Вас, памножанымі ў шмат разоў!

З юбілеем Вас, паважаная Крыстына Аляксееўна!

Марыя Мяжэвіч

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней