Праваднік па лабірынтах малітвы і жыцця. Па старонках сакавіцка-красавіцкага нумара «Ave Maria»

Новы нумар часопіса «Ave Maria», выхад якога прымеркаваны на час завяршэння Вялікага посту і распачацця Велікоднага перыяду, — гэта сапраўдны праваднік па лабірынтах духоўных пошукаў, малітвы і жыцця з Богам. Распавядаючы на першых яго старонках пра сумныя і радасныя падзеі, што адбыліся апошнім часам у каталіцкім жыцці Беларусі, аўтары часопіса звяртаюць нашу ўвагу на адвечныя арыенціры гэтых складаных лабірынтаў.

Арцыбіскупы Юзаф Станеўскі і Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB у сваіх успамінах пра спачылага біскупа Казіміра Велікасельца адзінагалосна распавядаюць пра яго як прыклад глыбокай няспыннай малітвы, сціплага і пакорнага пастыра ў няпростыя часы адраджэння Касцёла (артыкулы «Будзь воля Твая…», «Памёр на пастырскім пасту», «Чалавек глыбокай веры, ціхай моцы і сапраўднай пастырскай любові»).

Працягваючы тэму адраджэння Касцёла і 35-гадовага юбілею аднаўлення каталіцкіх структураў на нашай зямлі, які святкуецца сёлета, часопіс знаёміць чытачоў з цярністым шляхам адражэння парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы і апавядае пра парафіянак, якія стаялі каля вытокаў гэтай важнай справы («Каля вытокаў адраджэння»).

«Разам з імклівым абуджэннем духа традыцыйных парафій… супольнасць беларускіх католікаў сустрэлася з новымі рэлігійнымі плынямі ў Касцёле…», — піша ксёндз Андрэй Рылка ў артыкуле «Новыя касцёльныя рухі: перспектывы і пагрозы», дзе распавядае пра тое, ці адпавядаюць гэтыя новыя групы і аб’яднанні ў Хрыстовым Касцёле яго прыродзе.

З нагоды юбілею 300-годдзя кананізацыі святога Яна ад Крыжа айцец Андрэй Авен OCD у грунтоўным артыкуле «Святы Ян ад Крыжа — настаўнік малітвы» раскрывае канцэпцыю духоўнага жыцця і дактрыну малітвы гэтага вялікага святога на аснове найбольш вядомых яго твораў. У інтэрв’ю польскага дамініканіна Рамана Бялецкага ОР з манахам кармэлітам Бертольдам Дамбкоўскім працягваецца тэма малітоўнага жыцця, у прыватнасці, вядзецца гутарка пра чатыры этапы гэтага шляху: дзейсную і бяздзейсную ноч пачуццяў, дзейсную і бяздзейсную ноч душы («Нядзельныя аўтамабілісты і гоншчыкі»).

Чытачоў чакаюць таксама шматлікія іншыя цікавыя матэрыялы ў рубрыках «На кніжнай паліцы», «Школа малітвы» «Старонка псіхолага» і інш. На апошніх старонках вокладкі прапануюцца «Велікодныя малітвы».

Ганна Шаўчэнка

Набыць часопіс можна:

  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней