Дзень хваляванняў і радасці ў Мар’інай Горцы

У жыцці кожнай парафіі здараюцца дні асаблівай радасці: напрыклад, калі закладаюць вуглавы камень будучай святыні або калі будынак кансэкруюць; калі ў сценах храма асвячаецца сужэнства або дзецям упершыню ўдзяляецца Найсвяцейшы Сакрамэнт; калі да каталіцкай супольнасці праз хрост далучаецца новы брат ці сястра або калі вернікі прымаюць у сакрамэнце канфірмацыі Святога Духа. Вядома, за кожнай такой радасцю стаіць доўгі час хваляванняў, заклапочанасці і нават страхаў: перш чым асвяціць касцёл, яго трэба пабудаваць; перш чым удзяліць сакрамэнт, да яго трэба дбайна падрыхтаваць; перш чым справіць вялікае свята, трэба ўсё арганізаваць, сабраць мноства людзей у адным месцы і натхніць іх на добры настрой...

Першага мая касцёл святога Антонія Падуанскага ў Мар’інай Горцы адведаў цэлы «ансамбль» радасцяў! У 25-ю гадавіну адраджэння касцёла ў госці да парафіянаў завітаў генеральны вікарый біскуп Юрый Касабуцкі. Ён удзяліў малодшым парафіянам Першую святую Камунію, а старэйшым — сакрамэнт канфірмацыі. Затым, на ўспамін пра ўдзеленыя сакрамэнты, пры ўваходзе ў святыню былі пасаджаныя дзве туі, пасля чаго побач са святыняй былі асвечаныя тры вялікія крыжы. Пазней пробашчам парафіі кс. Генрыхам Кучынскім была зладжана адмысловая праграма адпачынку на прыродзе, каб простай чалавечай радасцю дапоўніць радасць духоўную. Можна толькі здагадвацца, колькі працы, турботаў і хваляванняў стаяла за кожнай з гэтых дзеяў!

Быццам жадаючы суцешыць усіх занепакоеных, біскуп Юрый у сваім казанні падчас св. Імшы звярнуў асаблівую ўвагу на першапачатковы страх Апосталаў. З усіх вучняў Хрыста толькі адзін быў пад крыжам. Пасля сустрэчы з уваскрослым Хрыстом. Апосталы працягвалі хавацца і зачыняцца з-за страху перад жыдамі. Нават пасля Унебаўшэсця Пана яны баяліся і не разумелі, якім чынам будуць спаўняць сваё пакліканне абвяшчаць Евангелле ўсяму свету. «Але калі сышоў Дух Святы, раптам усё змянілася. Перш за ўсё, яны напоўніліся адвагаю і смеласцю», — заўважыў біскуп і працягнуў разважанне аб Дарах Духа Святога, якія атрымалі Апосталы. Першым сведчаннем хрысціянаў для свету сталі ўчынкі міласэрнасці: «Напрыклад, калі хрысціяне прыехалі ў старажытны Рым, яны пачалі прапаведаваць навуку Езуса. Для жыхароў Рыма гэта была інфармацыя ні пра што: „Недзе там, у нейкай далёкай зямлі, у нейкай далёкай краіне на Бліжнім Усходзе жыў нейкі Езус, габрэй па нацыянальнасці; кажуць, быццам Ён памёр і ўваскрос. Але хто гэта, што гэта — ўсё адно“». Тым не менш, з цягам часу, менавіта Рым стаў цэнтрам хрысціянства. Як так сталася? Справа ў тым, што людзі звярнулі ўвагу не толькі на словы хрысціянаў, але і на тое, як яны жывуць: яны прабачаюць, калі іх хтосьці пакрыўдзіў; яны не б’юць у адказ, калі іх ударылі; яны дзеляцца хлебам з жабракамі, што сядзяць пры дарозе; яны гатовыя памерці за сваю веру ў Таго, Хто загадаў ім быць такімі. І вось, рэлігія радасці і любові перамагла страх і захапіла свет...

Праз 5 хвілін пасля казання біскуп падмацаваў свае словы справай: ён удзяліў групе парафіянаў сакрамэнт канфірмацыі, і на месца іх хваляванняў прыйшоў супакой. Затым група дзяцей прыступіла да Першай святой Камуніі, і замест страхаў з’явіоася радасць. Затым, крок за крокам, былі споўнены ўсе запланаваныя пробашчам дзеі, і ён па-гаспадарску арганізаваў пачастунак на свежым паветры, даў магчымасць дзецям паездзіць на конях, а затым сам сеў у машыну, каб пакатаць па бездарожжы бясстрашных пасажыраў. Кульмінацыяй «атракцыёну» стаў хуткі заезд на невялікі пагорак: дзеці пішчалі ад страху і смяяліся ад захаплення. Слухаючы іх воклічы, уся парафія святога Антонія цешылася, бо доўгачаканае свята — адразу некалькі святаў у адзін дзень — дакладна застанецца ў памяці супольнасці як дзень найвялікшай радасці...

Тыя, хто добра падрыхтаваўся да сакрамэнту канфірмацыі, ведаюць, што, апрача сямі Дароў Духа Святога, ёсць яшчэ і дванаццаць Ягоных пладоў. І адзін з іх — радасць. Таму трэба падзякаваць Богу і пробашчу парафіі ксяндзу Генрыху Кучынскаму: ёсць прыкметы, што ў гэты асаблівы для Мар’інай Горкі дзень Дух Святы сапраўды сышоў на тутэйшых апосталаў Хрыста.

Ян Лысы

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней