«Будзем весяліцца і радавацца». Па старонках часопіса «Ave Maria» №9

Першы восеньскі нумар часопіса «Ave Maria распачынаецца артыкулам Яна Лысага «Запрашэнне на „вяселле“ ў Смалявічах» да братоў капуцыныў, з якога ён скарыстаў, завітаўшы на асвячэнне касцёла. Гэта адзіны касцёл у Беларусі, названы ў гонар святога Валянціна.

У артыкуле «265-годдзе каранацыі абраза Маці Божай Бялыніцкай» надрукавана пастырскае сведчанне біскупа Аляксандра Яшэўскага, у якім ён дзеліцца гісторыяй культу гэтага абраза на Магілёўшчыне.

У рубрыцы «Школа малітвы» айцец Юрый Кулай у артыкуле «Рабіць дабро без усялякай рэкламы» разважае над тым, чаму Езус забараняе распавядаць пра Яго дабрадзействы, кажучы сучаснаю моваю — не дазваляе рабіць рэкламу Ягоным цудам.

«Ці можа быць збаўлены неахрышчаны?» на гэта пытанне, якое хвалюе нашых чытачоў, адказвае кс. Андрэй Рылка і падкрэслівае, што Бог дае шанец на збаўленне кожнаму чалавеку.

Ксёндз Сяргей Сурыновіч у артыкуле «Сара і школа даверу» працягвае цыкл разважанняў пра вобразы «Жанчынаў у Бібліі». Гераіняю гэтага нумару становіцца Сара, прамаці Ізраэля, жанчына, без якой Божае абяцанне ніколі б не набыло плоці. Артыкул Вікторыі Філіпенкі «Глядзіце ў вочы Хрысту» знаёміць з сёстрамі Маці Божай Міласэрнасці, якія ахвярна служаць у пастаўскай парафіі і 9 жніўня адначылі 25-годдзе гэтага служэння. На «Дзень Нараджэння Марыі» напісала прыгожы верш вядомая паэтка Данута Бічэль.

«150 гадоў веры і гісторыі» — так назваў свой артыкул ксёндз Артур Ляшнеўскі, у якім падрабязна апісаў гісторыю касцёла ў Жупранах. Артыкул Святланы Шэйпы «35 гадоў у трох спевах» знаёміць з харысткамі хору «Залатая горка» з Мінска, якія сёлета таксама святкуюць свой юбілей.

Гісторык Таццяна Шумель запрашае чытачоў у «Пілігрымку па святынях Паазер’я», дзе распавядае цікавыя звесткі, пра святыні Віцебшчыны, якія ёй разам з іншымі вернікамі пашчасціла наведаць. У сваім допісе «Маліцеся — і вера ўратуе вас!» Генадзь Гарэцкі запрашае нас у віртуальную пілігрымку ў Ліван, у мясціны, звязаныя са святым Шарбэлем. Заканчваецца нумар артыкулам Соф’і Вусік «Парафія святога Валянціна: сведчанне першай парафіянкі», якая стаяла каля самых вытокаў нараджэння парафіі ў Смалявічах і была актыўнаю памочніцаю ў многіх парафіяльных справах.

Да ўспаміну Найсвяцейшага Імя Марыі, якое прыпадае на 12 верасня, прапануюцца Літанія і малітвы з гэтай нагоды.

Іна Бігель

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней