У новым нумары часопіса «Наша вера» (№ 3, 2026) чытачы знойдуць пераклады духоўнай літаратуры, артыкулы пра сакральнае мастацтва, рэлігійнае жыццё і выбітных дзеячаў мінуўшчыны і сучаснасці. На старонках квартальніка друкуюцца таксама паэтычныя і празаічныя творы беларускіх аўтараў.
Гэты нумар часопіса пачынаецца працягам «Споведзі» святога Аўгустына ў перастварэнні на беларускую мову вядомага лацініста Алеся Жлуткі.
У рубрыцы «Мастацтва» змешчаны артыкул Валянціна Глекава «Святы Дамінік і святы Францішак бароняць зямлю ад гневу Хрыста».
Настаўніца гісторыі Таццяна Шумель прапануе ўвазе чытачоў артыкул «Вандруем па святынях. Касцёл у Лебедзеве».
У рубрыцы «З архіваў часу» змешчана даследаванне доктара філасофіі Васіля Манкевіча «Шацілкаўскі касцёл і яго святары».
Кандыдат гістарычных навук Анатоль Сцебурака ў артыкуле «Капліца Раецкіх і Кашыцаў у Абрыне» працягвае шукаць сляды старасвецкіх беларускіх родаў.
Кандыдат філалагічных навук Ларыса Пуцылева ў арт. «Выхадцы з ВКЛ у Італіі ў эпоху Адраджэння» даследуе факт прысутнасці і навучання ў Балонскім універсітэце нашых суайчыннікаў (друкуецца заканчэнне тэксту).
Гісторык Аляксандр Горны ў арт. «Natione Alborussum: Ігнат Гагалінскі» піша пра малавядомага сёння свецкага каталіцкага дзеяча, які быў у 1920-я гады прыкладам фармавання новага пакалення беларускай інтэлігенцыі.
Літаратуразнаўца Ірына Багдановіч у арт. «"Малюнкі... страчанага раю": Беларусь у паэме Яна Булгака "Мая зямля"...» апавядае пра малавядомую творчасць знакамітага фатографа.
Мастак, рэстаўратар, калекцыянер Ігар Сурмачэўскі ў артыкуле «Граф і святар: фоталетапісцы з Вялікай Бераставіцы на мяжы ХІХ–ХХ стагоддзяў» разважае пра ўнікальнасць асобы Паўла Валынцэвіча.
У рубрыцы «Паэзія» друкуюцца вершы Аксаны Данільчык, Эдуарда Акуліна, Алены Сямёнавай-Герцаг.
Паэт, эсэіст Леанід Дранько-Майсюк прапануе ўвазе чытачоў апавяданне «Арсень і Акімка».
Філолаг, паэтка Магдалена Лаеўская ва ўспамінах «Жменька мукі» піша пра дарагіх яе сэрцу людзей і мясціны.
У рубрыцы «Успаміны» змешчана эсэ літаратуразнаўцы Сяргея Чыгрына «Жыў у Лідзе паэт», прысвечанае памяці Юрыя Карэйвы (1961–2021).

