Кастрычніцкі нумар распачынаецца пасланнем і распараджэннем Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, якімі ён уводзіць вернікаў у малітоўную падрыхтоўку да 110-годдзя аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме. Тут жа змешчаны парадак навэнны і план наведвання Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе, план правядзення набажэнстваў у парафіях, прысвечаных фацімскім аб’яўленням.
«Асаблівае Божае благаслаўленне» — так называецца артыкул, прысвечаны навукова-гістарычнаму сімпозіуму „35 гадоў дарогі веры: Гродзенская дыяцэзія паміж памяццю, гісторыяй і надзеяй будучыні“.
Айцец Юрый Кулай у артыкуле «Нязручнае дабро» заклікае вернікаў быць добрымі людзьмі малітвы і сведкамі праўды праз адпаведнае разуменне Святога Евангелля, праз духоўную сувязь з Марыяй, якая яднае з Хрыстом, дапамагаючы прыпадобніцца да Яго, раздзяліць Ягоныя пачуцці і паступаць, як Ён. Над пытаннем «Ці Касцёл абавязковы для збаўлення?» разважае ксёндз Андрэй Рылка, прыводзячы шматлікія выказванні святых і Папаў, а таксама цытаты са Святога Пісання. Ён падкрэслівае, што Бог нястомна стукаецца ў сэрца кожнага чалавека, запрашаючы яго да паўнаты збаўлення, а веліч Хрыстовага Касцёла ў тым, што ў ім ёсць месца для ўсіх і кожнага.
Ксёндз Сяргей Сурыновіч у артыкуле «Агар у пустыні адзіноты» працягвае цыкл разважанняў пра вобразы «Жанчынаў у Бібліі». Гераіня гэтага нумару Агар — егіпецкая нявольніца, чый лёс стаўся пранізлівым рэхам далёкага мінулага, але блізкі ўсім, хто хаця б раз у жыцці адчуваў сябе выкарыстаным, непатрэбным ці адрынутым.
Шанштацкія сёстры спяваюць свой «Magnificat» за 100 гадоў Шанштацкага Інстытута Сясцёр Марыі. Сястра Марцэліна Мігач падрыхтавала адмысловы матэрыял, у якім распавядае пра гісторыю заснавання і дзейнасці гэтага інстытута па ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі.
Настаўніца Таццяна Шумель у артыкуле «Жупранскі матылёк, або Знак Неба над алтаром» запрашае чытачоў у чарговую пілігрымку — у Жупраны.
У Ружанцовы месяц прапануем пераклад артыкула з англійскай мовы Тэрэсы Клімовіч «Ружанец — малітва надзеі ў цяжкі час» і пераклад ксяндза Міколы Гракава «Разважанне (медытацыя) над хвалебнаю таямніцаю Ружанца „Уваскрасенне Хрыста“» — як адна з умоваў Набажэнства першых суботаў месяца.
Артыкул «Знішчанае зерне прынесла плён» пазнаёміць вернікаў з трагічнаю гісторыяй сям’і ксяндза Алега Шпеця — лёсам забітага роднага брата ягонай бабулі святара Юзафа Барадына, а таксама з лёсамі яго аднакурснікаў з Пінскай духоўнай семінарыі.
Святлана Шэйпа прапаноўвае знаёмства з харысткаю мінскага хору «Залатая Горка» Ганнаю Зелянко ў артыкуле «Яна проста спявае».
Завяршаюць нумар нататкі Марыі Кукліс пад назваю «Вера — як паветра» з яе падарожжа ў далёкую, вельмі пабожную Паўднёва-Усходнюю Азіяцкую каталіцкую краіну Тымор, дзе вера і любоў да Бога, Панны Марыі і святых бачная ў кожным яе куточку.
На апошніх старонках вокладкі змешчана «Набажэнства першых суботаў месяца — перапрашэнне Беззаганнага Сэрца Марыі».
Іна Бігель
Іна Бігель

