У выдавецтве «Pro Christo» па ініцыятыве айцоў езуітаў летась выйшлі дзве кнігі з серыі рэкалекцыйных разважанняў айца Юзафа Аўгустына SJ («Исцеление от чувства обиды» і «Адам, где ты?»). Нядаўна выйшла наступная частка разважанняў — «Дай мне пить». Гэтую кнігу, як і папярэднія, таксама можна выкарыстоўваць для таго, каб перажыць закрытыя ігнацыянскія рэкалекцыі, або як уводзіны ў штодзённую малітву.
Кніга «Дай мне піць» складаецца з трох частак: у першай аўтар тлумачыць, што такое кантэмпляцыйная малітва (яе сутнасць, мэту і метады), у другой часцы змешчаны ўводзіны у евангельскую кантэмляцыйную малітву, у трэцяй — рэкалекцыйныя разважанні, што грунтуюцца на «Духоўных практыкаваннях» святога Ігнацыя Лаёлы.
Паводле Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, кантэмпляцыя — «гэта сузіранне Бога ў цішыні і любові» (Кампендый ККК, 571). У выніку кантэмпляцыйнай малітвы чалавек пазбаўляецца ад усялякіх масак і скіроўвае сваё сэрца да любячага Пана. Ва ўводзінах у евангельскую кантэмпляцыю айцец Юзаф Аўгустын SJ прапаноўвае разважанні да розных урыўкаў са Святога Пісання. Першы тэкст, які аўтар змяшчае ў кнізе, — фрагмент з Евагелля паводле Яна, дзе Езус пытае сваіх вучняў: «Чаго шукаеце?» (Ян 1, 38). Аўтар піша: «Езус пытае кожнага з нас: „Чаго шукаеш? ці разумееш, чаму ідзеш за Мной, чаго чакаеш ад Мяне?“» Разважанні над іншымі фрагментамі Святога Пісання дапамаюць чытачу адказаць на гэтыя і іншыя пытанні, што датычаць духоўнага жыцця. Калі чалавек разважае над жыццём Еўзуса, якое сведчыць пра любоў Бога да кожнага з нас, ён пачынае разумець самога сябе і ведае, як трэба жыць. Аўтар прапаноўвае чытачу разважанні, якія дапамогуць яму знайсці Езуса ў сваім жыцці, лепш Яго пазнаць, палюбіць і наследаваць.
Трэцяя частка кнігі прысвечаная крызісам у чалавечым жыцці, складаным пачуццям, праблеме распазнання волі Божай і прыняцця правільных рашэнняў, а таксама выбару жыццёвага шляху (сужэнства, святарства або кансэкраванае жыццё).
Кніга «Дай мне піць» можа стаць настольным дапаможнікам для тых, хто сапраўды шукае Бога, хоча зразумець Яго волю ў сваім жыцці і практыкаваць кантэмпляцыйную малітву. Як піша Цыпрыян Норвід, чый верш пададзены ў якасці эпіграфа да кнігі, «няма нявыслуханых малітваў»...
Людміла Бурлевіч