Дваццатая звычайная нядзеля, год В (16.08.2015)

«Езус сказаў народу: “Я — хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе спажываць гэты хлеб, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, гэта Цела Маё дзеля жыцця свету”.

Юдэі спрачаліся паміж сабою, кажучы: “Як Ён можа даць нам есці сваё цела?” Езус жа сказаў ім: “Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі не будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця. Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень. Бо Цела Маё — праўдзівы спажытак, а Кроў Мая — праўдзівы напой. Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, трывае ўва Мне, а Я ў ім. Як паслаў Мяне Айцец, які жыве, а Я жыву прaз Айца, так і той, хто спажывае Мяне, будзе жыць праз Мяне. Гэта той хлеб, які сышоў з неба, а не той, які елі айцы вашыя і памерлі. Хто спажывае гэты хлеб, будзе жыць навекі”» (Ян 6, 51–58).

Яшчэ больш

Езус памножыў хлябы. На наступны дзень гэты цуд прымусіў сабрацца натоўпы людзей, і ўрэшце Езуса пачалі параўноўваць з Майсеем, які даў людзям манну, каб маглі сілкавацца, у далёкім вартым пашаны мінулым, поўным знакаў Божай моцы. Майсей — дасканалы прарок. Такім жа дасканалым для Ізраэля быў час вандроўкі па пустэльні, калі людзі крочылі і перажывалі блізкасць з Богам. Езус выкарыстаў гэтае параўнанне, каб весці сваіх слухачоў далей. 

Манна, гэты нябесны пасілак, толькі некаторы час была ежаю для іх продкаў. Усе яны памерлі. Больш за тое, нават кары егіпецкія, пераход праз мора, Божае Аб’яўленне на Сінаі і ўсе іншыя знакі Божай моцы не засцераглі ізраэльскі народ ад непаслухмянасці. Нават Майсей памёр, не дасягнуўшы мэты вандроўкі. Толькі новае пакаленне дайшло да Зямлі абяцанай. Невыпадкова гэта адбылося пад кіраўніцтвам Езуса Навіна, цёзкі нашага Пана.

Пан Езус расчараваны, што Яго слухачы задавольваюцца такой дробяззю, як хлеб, каб насыціцца. Бог жа заўжды гатовы даць нам больш, чым мы ў стане прыняць. Развіццё нашых адносінаў з Богам стрымлівае тое, што мы просім у Яго замала, а не тое, што просім замнога. Але ад людзей мы часта чакаем зашмат, нібыта гэта яны маюць боскую натуру і могуць даць нам шчасце, выканаць нашыя прагненні або бясконца любіць нас. Такое ідалапаклонства можа знішчыць нават самыя цудоўныя адносіны, на якія мы ўскладаем вялікую надзею. 

Для Езуса нябесная манна, якая толькі хвіліну можа падтрымліваць у нас жыццё, — гэта замала. Таму Ён абяцае даць нам хлеб, які не знікне, які заўжды будзе падтрымліваць у нас жыццё, бо гэта будзе жыццё, што чэрпаецца ад Бога. Ён абяцае, што Айцец прыцягне да Яго людзей, каб даць ім ужо не нейкую рэч, а сябе самога: жывы хлеб. Калі мы прагнем і просім у Бога чагосьці меншага, чым Ён сам, мы не зразумеем ні Эўхарыстыі, ні любові, ні словаў: «Бярыце і ешце… Бярыце і піце».

Бог заўжды гатовы даць сябе чалавеку цалкам і назаўжды. Таму Ён з’яўляецца сапраўдным пасілкам і сапраўдным напоем. Нашая задача — навучыцца есці, каб прымаць гэты дар усім сваім жыццём, воляю, душою. Толькі тады нам будзе для чаго «жыць вечна».

Айцец Лукаш Папко OP,
 паводле матэрыялаў часопіса «W drodze»

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней