Дваццаць чацвёртая звычайная нядзеля, год В (13.09.2015)

«Пасля Езус са сваімі вучнямі пайшоў у паселішчы Цэзарэі Філіпавай. Па дарозе Ён пытаўся ў вучняў сваіх, кажучы ім: “Кім лічаць Мяне людзі?” Яны адказвалі Яму: “Янам Хрысціцелем, другія — Іллёю, іншыя — адным з прарокаў”. 

А Ён спытаўся ў іх: “А вы кім лічыце Мяне?” Адказваючы, Пётр сказаў Яму: “Ты — Хрыстус”. І забараніў ім, каб нікому не казалі пра Яго.

Ён пачаў вучыць іх, што Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець, і быць адкінутым старэйшымі, першасвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць. І казаў пра гэта адкрыта. 

А Пётр, адвёўшы Яго ў бок, пачаў дакараць Яго. Але Ён, павярнуўшыся і паглядзеўшы на сваіх вучняў, дакарыў Пятра, кажучы: “Адыдзі ад Мяне, сатана, бо думаеш не пра тое, што Божае, а пра тое, што чалавечае”.

І, паклікаўшы натоўп разам са сваімі вучнямі, сказаў ім: “Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною. Бо той, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне і Евангелля, той уратуе яго» (Мк 8, 27–35).

 

«Ты — Хрыстус»

Евангеллі распавядаюць нам пра здарэнні з жыцця канкрэтных гістарычных асобаў: Пана Езуса, Апосталаў і іншых. Але Езус Уваскрослы прабывае з намі і дзейнічае ў нас, таму Евангелле — гэта жывая кніга, якая павінна спаўняцца ў нашым жыцці. Сёння я хачу падзяліцца з вамі гісторыяй пра здарэнне з жыцця, калі я ўбачыў, як словы з сённяшняга евангельскага чытання ажываюць для мяне.

Некалькі гадоў таму я рэгулярна пачаў хадзіць удзяляць сакрамэнты ў шпіталь непадалёк. Я хадзіў па палатах і пытаўся, ці ёсць там католікі, якія хацелі б прыняць святыя сакрамэнты. Спачатку людзі не вельмі гэтым цікавіліся. Але аднойчы некалькі асобаў папрасілі аб размове. Для адной жанчыны гэтая размова стала сапраўднай сустрэчай з Хрыстом. Мне гэта прынесла радасць і адчуванне сэнсу. Але не мінула яшчэ і паўгадзіны, калі я ўжо ішоў да выйсця са шпіталя, там пачалася мітусня. У жанчыны, з якой я толькі што паразмаўляў, адбылося кровазліццё, стан яе здароўя рэзка пагоршыўся. Хтосьці ў мяне за спінаю сказаў: «Яна толькі што з Вамі паразмаўляла, і вось ёй стала горш». Я выйшаў на вуліцу, не ведаючы, ці калі-небудзь яшчэ вярнуся ў той шпіталь. Я зусім не так уяўляў цудоўнае дзеянне Божай ласкі. У прыкрасці я стаў маліцца: «Пане Езу, як Ты сябе паводзіш! Так жа нельга, Ты нясеш людзям згаршэнне!». На шчасце, з Божаю ласкаю, далей я працягваў: «Пане Езу, і не думай, што я буду Цябе абараняць. Гэта Ты павінен абараняць мяне, а не наадварот». У гэтых словах я знайшоў супакой. У той дзень у Евангеллі Пётр прызнаў Езуса Месіяй. Я ўсміхнуўся, бо пачуў сябе ў словах Пятра, які павучае Пана Езуса. Тады я адчуў, як Евангелле дзейнічае і ў маім жыцці. 

Праз нейкі час я даведаўся, што тая пацыентка памерла. Яе дачка казала, што чула ад іншых пацыентаў, з якім супакоем і лагодаю яе маці вярнулася ў палату пасля споведзі. Яна і сама пажадала прыйсці ў касцёл. Вось так: Пан Езус ведаў, што робіць.

Я асабліва дзякую Пану, які ў гэтым здарэнні зноў навучыў мяне давяраць Яму, маліцца: «Гэта Ты, Езу, збаўляеш мяне, а не я — Цябе». Гэта шлях, каб убачыць вялікія справы Бога. Я дзякую Пану, што магу быць іх сведкам у маім служэнні ў шпіталі, я сваімі вачыма бачыў, якія вялікія рэчы чыніў там Пан. 

Айцец Крыштаф Коц’ян OP

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней