«Я прыйду як Валадар Міласэрнасці»

Першая нядзеля Адвэнту, год С (29.11.2015)

«Будуць знакі на сонцы і месяцы, і зорках, а на зямлі — трывога народаў і замяшанне ад гулу марскога хвалявання. Людзі будуць млець ад страху і ад чакання таго, што прыйдзе на свет, бо пахіснуцца моцы нябесныя. І тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці ў воблаку з моцаю і славаю вялікай. Калі ж гэта пачне адбывацца, тады выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленне вашае.

Зважайце ж на сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя свавольным жыццём і п’янствам, і жыццёвымі клопатамі, і каб дзень той не застаў вас неспадзявана, бо ён, як пастка, прыйдзе на ўсіх, хто жыве на паверхні ўсёй зямлі. Таму чувайце і маліцеся ўвесь час, каб вы маглі пазбегнуць усяго, што павінна адбыцца, і стаць перад Сынам Чалавечым» (Лк, 21, 25–28. 34–36).

«Я прыйду як Валадар Міласэрнасці»

Калі напрыканцы свету прыйдзе Пан, мы ўсе будзем плакаць, таму што ў Яго твары ўбачым твары тых, каго мы пакрыўдзілі, і тых, каму зрабілі дабро. Мы будзем плакаць слязамі болю, слязамі ўзрушанасці велікадушнасцю і цярплівасцю Божай, слязамі шчасця. Гэтая праўда павінна заахвочваць нас быць чалавекам для кожнага, а ў перспектыве веры — быць перад кожным чалавекам, як перад Богам. Якія знакі будуць падказваць надыход канца свету? Святая сястра Фаўстына піша ў Дзённічку, што раіць ёй Пан Езус: «Напішы гэта: Перш чым Я прыйду як справядлівы Суддзя, Я прыйду як Валадар Міласэрнасці. Перш чым надыдзе Судны дзень, людзям будзе дадзены такі знак на небе.

Згасне ўсялякае святло на небе, і будзе вялікая цемра на ўсёй зямлі. Тады з’явіцца знак Крыжа на небе, а з адтулінаў, дзе былі прабітыя рукі і ногі Збаўцы, [будзе] сыходзць вялікае святло, якое на працягу нейкага часу будзе асвячаць зямлю. Будзе гэта незадоўга перад апошнім днём» (83). Пасля гэтых словаў святая сястра Фаўстына запісала: «О Кроў і Вада, якая выплыла з Сэрца Езуса як крыніца міласэрнасці для нас, давяраю Табе» (84). 

Звернем увагу, што словы Пана Езуса, скіраваныя да містычкі, настойліва нагадваюць нам, што Ён перадусім — Валадар Міласэрнасці. Гэта выклікае асацыяцыі з Годам міласэрнасці, абвешчаным папам Францішкам. Памятаць пра Валадара Міласэрнасці азначае самому прымаць удзел у гэтым валадаранні, быць міласэрным да бліжніх, жыць так, каб падчас прыйсця Хрыста ў хвале з нашых вачэй цяклі найперш слёзы захаплення і шчасця ад Божай міласэрнасці, якую мы спазналі, і слёзы ўдзячнасці ад таго, што Валадар Міласэрнасці даў нам ласку бачыць Яго ў кожным бліжнім.

Айцец Раман Шульц OP

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней