Трэцяя звычайная нядзеля, год С (24.01.2016)

«Паколькі ўжо многія імкнуліся скласці апавяданне пра падзеі, якія адбыліся сярод нас, як перадалі нам тыя, што ад пачатку былі відавочцамі і слугамі слова, вырашыў і я дакладна даследаваць усё ад пачатку і апісаць табе ўсё па парадку, дастойны Тэафіле, каб ты пазнаў праўдзівасць таго, чаму быў навучаны.

Езус вярнуўся ў моцы Духа ў Галілею. І разышліся чуткі пра Яго па ўсёй ваколіцы. І навучаў Ён у іх сінагогах, і ўсе Яго славілі.

Калі прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, увайшоў паводле свайго звычаю ў шабат у сінагогу і падняўся, каб чытаць. Яму падалі кнігу прарока Ісаі. Разгарнуўшы кнігу, Ён трапіў на месца, дзе было напісана:

“Дух Пана на Мне,
бо Ён намасціў Мяне
абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім,
паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным
і сляпым вяртаць зрок,
каб выпусціць спакутаваных на свабоду,
каб абвясціць год ласкі Пана”.

Згарнуўшы кнігу, Ён аддаў яе слугу і сеў. А вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваныя на Яго. І Ён пачаў гаварыць ім: “Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі”» (Лк 1, 1–4; 4, 14–21).

«Ён намасціў Мяне»

«Дух Пана на Мне, бо Ён намасціў Мяне…» — гэтыя словы з кнігі прарока Ісаі, якія цытуе Пан Езус, пацвярджаюць Яго тытул Хрыстус-Месія, што ў перакладзе адпаведна з грэцкай і габрэйскай моваў азначае «Памазанік, намашчаны (Богам)». Абрад намашчэння вядомы з даўніх часоў. Людзі, над якімі ён праводзіўся, атрымлівалі асаблівую свецкую або духоўную ўладу і адпаведныя кампетэнцыі для яе выканання.

У Каталіцкім Касцёле намашчэнне святымі алеямі мае сакрамэнтальны характар. Яно ўжываецца пры здзяйсненні сакрамэнтаў хросту, канфірмацыі і святарства, якія пакідаюць у душы чалавека незнішчальны знак. Таму іх можна прыняць толькі аднойчы. Гэтыя сакрамэнты азначаюць і перадаюць спецыяльную Божую ласку, неабходную, каб пачаць і годна прайсці новы этап у духоўным жыцці, быць дзіцем Божым, дасягнуць і падтрымліваць у сабе хрысціянскую сталасць, а таксама выконваць асаблівую місію распарадчыка ласкі. Таму кожнага, хто прыняў нават толькі святы хрост, можна назваць памазанікам і аднесці да яго тыя ж словы прарока Ісаі. Шкада толькі, што многія з ахрышчаных забываюцца несці Добрую Навіну ўбогім, лячыць раны зламаных сэрцаў, прадказваць палонным свабоду, а вязням вызваленне. Можа таму, што самі адносяць сябе да ўбогіх, зламаных, зняволеных?

Сапраўды, усе людзі — і ахрышчаныя, і неахрышчаныя, — сутыкаюцца з аднолькавымі цяжкасцямі, уласцівымі аслабленай першародным грахом чалавечай натуры. Больш за тое, хрысціяне часта аказваюцца ў параўнанні з іншымі ў больш невыгодным становішчы з кропкі гледжання свету з прычыны таго, што мусяць прытрымлівацца запаведзяў і пэўных абмежванняў, якія не дазваляюць ім выкарыстоўваць любыя сродкі для дасягнення мэты…

Аднак нават калі ўбогім і зняволеным з’яўляешся ты сам, нішто не можа перашкодзіць у першую чаргу абвяшчаць Добрую Навіну аб Божым збаўленні сабе самому. Пачынаецца гэтае абвяшчэнне з усведамлення, што праз сакрамэнтальную ласку Дух Хрыста рэальна дзейнічае ў тваім жыцці. Трэба толькі згаджацца на Яго дзеянне, давяраць Яму, і ўсё будзе ўспрымацца ў іншым святле. Тады прыйдзе разуменне, што па-сапраўднаму бедны і няшчасны той, хто не мае ў сабе Божай ласкі з прычыны граху або нежадання дазволіць Богу ўвайсці ў яго жыццё…

Апроч узгаданых сакрамэнтаў, у якіх прысутнічае абрад намашчэння, у Каталіцкім Касцёле ёсць таксама сакрамэнт хворых, матэрыяльнаю праяваю якога з’яўляецца намашчэнне частак цела святым алеем, асвечаным асобна. Як цярпенні Месіі на крыжы сталі завяршэннем Яго зямной місіі, так і фізічныя пакуты хворага або паміраючага хрысціяніна праз гэты сакрамэнт дазваляюць яму стаць саўдзельнікам збаўчай справы Хрыста, чые крыжовыя пакуты і смерць сталі пачаткам вечнага жыцця для кожнага, хто імкнецца як мага лепш несці тытул Божага памазаніка, атрыманы ў святым хросце, і застаецца верным яму да апошняга ўздыху.

Айцец Міхал Ермашкевіч OP

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней