Пра фармаванне мужнасці

Адна з галоўных задачаў хрысціянскай псіхалогіі — дапамагчы ўбачыць праўду пра сябе, пра сваё жыццё, пра свае рэальныя магчымасці і абмежаванні. Убачыць праўду без яе прыхарошвання, без самалюбавання, без апраўдання і ўтойвання зла, без асуджэння бліжняга, але і без ідэалізацыі нам часта перашкаджае звычайная баязлівасць.


Аднак вытрываць гэтую праўду, калі мы ўсё ж такі адважваемся на яе, заўсёды дапамагае Пан Бог. Ён сам перавязвае і лечыць нашыя раны, суцяшае нас, бярэ на сябе нашую немач і смутак, у Яго ранах — нашае аздараўленне.

Свет жанчынаў і свет мужчынаў

У перыяд з трох да шасці гадоў дзеці ўпершыню, і пры тым актыўна, пачынаюць цікавіцца пытаннямі пола, вывучаючы галоўным чынам саму сутнасць: што значыць быць мужчынам і што значыць быць жанчынаю. Да гэтага ўзросту дзіця праводзіла большасць часу з мамаю і яго навакольны свет быў пераважна жаночым. Кожны дзень быў напоўнены жаночымі (мамінымі) эмоцыямі, жаночым ладам мыслення, жаночымі заняткамі, жаданнямі, наказамі, а часам і пакараннямі. Але ў раннім узросце дзіця яшчэ не здагадваецца пра тое, што той свет, з якім яно паступова знаёміцца, — гэта толькі частка карціны жыцця, убачаная мамінымі, г. зн. жаночымі, вачыма.

Недзе каля трох гадоў дзіця паступова пачынае ўсведамляць, што яго атачаюць два светы, гэта значыць два бачанні жыцця — свет жанчынаў і свет мужчынаў. З гэтага моманту пошук свайго месца, сваёй прыналежнасці і ўрэшце пазнанне сябе становіцца для дзіцяці справаю першай неабходнасці.

У сувязі з гэтым відавочна, што актыўная прысутнасць бацькі ў сям’і з’яўляецца вырашальнаю для фармавання палавой ідэнтычнасці дзіцяці, а гэта значыць, што бацька становіцца або не становіцца для хлопчыка прыкладам мужнасці, надзейнасці, сілы і крыніцаю жадання «стаць такім, як тата», а для дзяўчынкі — крыніцаю вопыту абароненасці, бяспекі і прывабнасці моцнага мужчынскага свету.

Аднак усё гэта можа адбыцца толькі ў тым выпадку, калі бацька сапраўды прывабны для дзіцяці, што бывае далёка не заўсёды.

Цяжка пералічыць усе наступствы адсутнасці для хлопчыкаў і дзяўчынак узору мужчыны як разумнай і добрай сілы ў сям’і (прысвечаныя гэтай праблеме псіхалагічныя працы займаюць сотні старонак), але акрэсліць праблему ўсё ж варта.

«Куды падзеліся сапраўдныя мужчыны?»

Пачнем са спрадвечнага жаночага пытання: «Куды падзеліся сапраўдныя мужчыны?» (Крыху пазней мы паспрабуем «адшукаць» і сапраўдных жанчынаў.) А пакуль што...

Збоі ў фармаванні палавой ідэнтычнасці хлопчыка могуць адбыцца пры наступных абставінах.

Бацька не выклікае цёплых пачуццяў (агрэсіўны, часта палохае дзіця). У гэтым выпадку ў хлопчыка не з’яўляецца жадання быць падобным да бацькі, а гэта значыць быць мужчынам, а мужчынская сіла (т. зв. мужнасць) у цэлым пачынае асацыявацца з агрэсіўнасцю. Таму дзіця даўжэй за натуральны тэрмін застаецца «маміным» сынам у сям’і і ў падлеткавым узросце балюча шукае адказ на пытанне, «ці дастаткова я мужны?», і гэтая праблема часам расцягваецца на ўсё жыццё, а мужнасць і агрэсіўнасць застаюцца сінонімамі. Калі хлопчык, юнак, мужчына не агрэсіўны, ён не адчувае сябе «сапраўдным мужчынам», а калі агрэсіўнасцю даказвае сваю мужчынскую сілу, то проста паўтарае тып паводзінаў бацькі, у тым ліку і ў адносінах да свайго сына.

Бацька вельмі прывабны для сына, але не ўдзяляе яму дастатковай увагі. Гэта можа апраўдавацца працаю, стомленасцю ці проста малым узростам сына («ты яшчэ маленькі, ідзі да мамы»). У такім выпадку ў хлопчыка ўзнікае жаданне капіяваць бацьку, але ў яго няма такой магчымасці, бо той праводзіць з ім мала часу. Вядома ж, пад капіяваннем маецца на ўвазе не толькі паўтарэнне знешніх паводзінаў бацькі, гэта хутчэй імітацыя, але ў першую чаргу магчымасць працяглы час назіраць і навучацца таму, што думаюць мужчыны, што яны адчуваюць (у тым ліку і ў самых нязначных штодзённых сітуацыях), пра што мараць, на што спадзяюцца, як рэагуюць, чаго хочуць. Калі такога заўсёды даступнага ўзору ў хлопчыка няма, то ён становіцца імітатарам — напружана стараецца выглядаць мужчынам і, нават ужо стаўшы дарослым, баіцца, што людзі сумняваюцца ў яго сіле, і бясконца спрабуе ім нешта даказваць.

Другі варыянт — калі хлопчык або юнак моцна цягнецца да «паўнавартаснага мужчынскага свету», але сумняваецца, што можа ўвайсці туды на роўных. У гэтым выпадку ён вядзе жыццё ізгоя, пазбягаючы мужчынскіх кампаніяў, або спрабуе пранікнуць у жаданы асяродак з дапамогаю іншай ролі, напрыклад, выбіраючы шлях гомасексуаліста.

Бацька займае ў сям’і яўна падпарадкавальнае становішча і «пакутуе ад дэспатызму жонкі», што, па сутнасці, з’яўляецца нежаданнем браць на сябе адказнасць за ўласнае жыццё, і, вядома ж, за сям’ю таксама. У такім выпадку хлопчык, услед за маці, не лічыць бацьку «сапраўдным мужчынам», але, не маючы іншага блізкага ўзору сілы (т. зв. мужнасці), збірае яго пакрыху з кніг (часцей за ўсё, з фантастыкі), кінастужак (часцей за ўсё, з баевікоў) і ўрыўкавых назіранняў. У выніку яго ўяўленне пра так званую мужнасць застаецца фрагментарным, а дакладней, несапраўдным, скажоным.

Акрамя таго, ён абавязкова назапашвае ў сабе пагарду да фізічна слабых, лічыць іх вартымі жалю (асабліва слабых мужчынаў, называючы іх «анучамі» і г. д.), і змешаны з падазронасцю гнеў у адносінах да жанчын («яны хочуць нас падпарадкаваць»).

Вядома, гэта ўплывае на ўзаемаадносіны ў яго сям’і.

Маці аддае ў сям’і яўную перавагу сыну, а не мужу, а бацька мірыцца з тым, што яго любяць менш, чым сына. У такой сітуацыі хлопчык як бы выконвае ролю псіхалагічнага сужэнца маці, даючы ёй падабенства тых пачуццяў, перажыванняў і падтрымку, якія павінен даваць муж. І ўсё гэта адбываецца з маўклівай згоды бацькі. У такім выпадку дзіця застаецца моцна прывязаным менавіта да маці, становячыся ў пэўным сэнсе яе эмацыйным даўжніком. І нават вырастаючы, малады чалавек адчувае сябе вінаватым за жаданне аддаліцца і мець уласную сям’ю і ўласнае жыццё. Быць моцным для яго азначае не засмучаць маму і клапаціцца пра яе, што далёка не заўсёды выяўляецца ў адносінах з іншымі жанчынамі.

Маці выхоўвае сына без бацькі. Як правіла, такія мамы вельмі перажываюць з-за недахопу магчымасцяў для свайго хлопчыка стаць сапраўдным мужчынам. У такім выпадку мама мэтанакіравана займаецца выхаваннем так званай мужнасці ў сваім сыне, аднак узор, якога яна прытрымліваецца, ствараецца яе суб’ектыўным жаночым уяўленнем пра тое, якімі павінны быць сапраўдныя мужчыны, што яны павінны адчуваць, чаго хацець і г. д.

Паколькі і мама, і сын вераць у рэальнасць гэтага амаль фантастычнага вобразу, то, становячыся падлеткам, хлопчык пачынае ўсё часцей пераконвацца ў тым, што мужчынам (у маміным разуменні) яму быць не ўдаецца. Гэта выклікае ў падлетка пачуццё трывогі і бездапаможнасці.

Урэшце, часцей за ўсё гэтае ўнутранае напружанне прыводзіць да таго, што малады чалавек вырашае прыблізна наступнае: быць мужчынам — гэта значыць быць не такім, як мама (і цётка, і бабуля), і ва ўсім пярэчыць жанчынам; або наадварот — стаць такім, як марыць мама, г. зн., што сапраўдны мужчына — той, хто адкрывае перад жанчынаю дзверы, падае ёй руку і паліто, з замілаваннем і паблажлівасцю зносіць усе жаночыя капрызы і г. д.

Вось толькі некаторыя з самых пашыраных сітуацый, але ў кожнай з іх можна разгледзець пакутлівае дзіця, якое вырашае недзіцячыя праблемы, і разгубленых дарослых, якія не разумеюць ні сябе, ні адзін аднаго, ні сваіх дзяцей. У сям’і без Бога гэта становіцца замкнёным колам...

А як вы думаеце, што змяняе прысутнасць Бога ў сям’і? Паспрабуйце адказаць самі сабе, але канкрэтна і, калі ласка, без залішняга хрысціянскага пафасу. А калі не можаце, то спытайце ў Яго самога. Спытайце менавіта сёння, пасля рахунку сумлення, на вячэрняй малітве.


Наталля Пан

Надрукавана ў «Ave Maria» №9(174), 2009

Гл. яшчэ артыкулы Наталлі Пан:

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней