Чацвёртая нядзеля Вялікага посту, год А (30.03.2014)

«Праходзячы, Езус убачыў чалавека, сляпога ад нараджэння. І вучні спыталіся ў Яго, кажучы: “Раббі, хто зграшыў, ён ці бацькі ягоныя, што ён нарадзіўся сляпым?” Езус адказаў: “Ні ён не зграшыў, ні бацькі ягоныя, але сталася гэта дзеля таго, каб выявіліся праз яго справы Божыя. Пакуль дзень, нам трэба рабіць справы таго, хто паслаў Мяне. Надыходзіць ноч, калі ніхто не можа рабіць. Пакуль Я на свеце, Я — святло свету”. Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў са сліны гразь і памазаў граззю вочы сляпому, і сказаў яму: “Ідзі, абмыйся ў купальні Сілаам!” (што перакладаецца “Пасланы”). Той пайшоў, абмыўся і прыйшоў відушчым. А суседзі і тыя, хто бачыў яго раней жабраком, казалі: “Ці не той гэта, які сядзеў і жабраваў?” Адны казалі: “Гэта ён!” Іншыя: “Падобны да яго!” А ён сам казаў: “Гэта я!” Тады пыталіся ў яго: “Як жа адкрыліся твае вочы?” Той адказаў: “Чалавек, якога завуць Езус, зрабіў гразь, памазаў вочы мае і сказаў мне: «Ідзі ў Сілаам і абмыйся!» Я пайшоў, абмыўся і стаў бачыць”. І сказалі яму: “Дзе Ён?” Той адказаў: “Не ведаю”.

І павялі яго, таго, што нядаўна быў сляпы, да фарысеяў. А ў той дзень, калі Езус зрабіў гразь і адкрыў яму вочы, быў шабат. І фарысеі зноў пыталіся ў яго, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: “Гразь паклаў мне на вочы, я абмыўся, і бачу”. Тады некаторыя з фарысеяў казалі: “Не ад Бога гэты чалавек, бо не захоўвае шабат!” Іншыя казалі: “Як можа грэшны чалавек чыніць такія цуды?” І падзяліліся яны. Зноў жа сказалі сляпому: “А ты што скажаш пра Яго, бо Ён адкрыў табе вочы?” Той адказаў: “Гэта прарок!” Аднак юдэі не паверылі, што ён быў сляпы і стаў бачыць, пакуль не паклікалі бацькоў таго, які стаў відушчым. Яны спыталіся ў іх, кажучы: “Гэта ваш сын, пра якога кажаце, што нарадзіўся сляпым? Як жа ён цяпер бачыць?” Бацькі ягоныя адказалі: “Мы ведаем, што гэта наш сын і што ён нарадзіўся сляпым. Але, якім чынам ён цяпер бачыць, не ведаем, і хто адкрыў яму вочы, не ведаем. Спытайцеся ў яго самога, ён дарослы, сам пра сябе скажа!” Так адказалі бацькі ягоныя, таму што баяліся юдэяў, бо юдэі ўжо змовіліся адлучыць ад сінагогі таго, хто вызнае Езуса як Месію. Вось таму бацькі ягоныя і сказалі: “Ён дарослы, спытайцеся ў яго!”

Тады другі раз паклікалі чалавека, які быў сляпы, і сказалі яму: “Аддай хвалу Богу! Мы ведаем, што той чалавек грэшнік”. Ён адказаў ім: “Ці грэшнік Ён, не ведаю. Адно ведаю, што я быў сляпы, а цяпер бачу”. Зноў сказалі яму: «”Што зрабіў Ён з табою? Як адкрыў табе вочы?” Ён адказаў ім: “Я ўжо казаў вам, а вы не слухалі. Навошта зноў хочаце пачуць? Хіба і вы хочаце стаць Ягонымі вучнямі?” Яны зняважылі яго і сказалі: “Ты Ягоны вучань, а мы — вучні Майсея. Мы ведаем, што з Майсеем размаўляў Бог. А вось той адкуль, мы не ведаем”. І адказаў ім гэты чалавек: “Менавіта гэта і дзіўна, што вы не ведаеце, адкуль Ён, а Ён адкрыў мне вочы! Мы ведаем, што Бог не слухае грэшнікаў; а таго, хто пабожны і выконвае волю Ягоную, таго слухае. Адвеку не было чутна, каб хто адкрыў вочы сляпому ад нараджэння. Калі б Ён не быў ад Бога, нічога не мог бы рабіць”. Сказалі яму ў адказ: “У грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты яшчэ нас вучыш?” І выгналі яго прэч.

Езус пачуў, што выгналі яго прэч, і, знайшоўшы яго, сказаў: “Ці верыш у Сына Чалавечага?” Той адказаў: “А хто Ён, Пане, каб я паверыў у Яго?” Езус сказаў Яму: “Ты ўжо бачыў Яго, гэта той, хто гаворыць з табою”. Ён жа сказаў: “Веру, Пане!” І аддаў Яму пашану. І сказаў Езус: “На суд прыйшоў Я ў гэты свет, каб невідушчыя бачылі, а відушчыя сталі сляпымі”. Пачулі гэта некаторыя з фарысеяў, якія былі з Ім, і сказалі Яму: “Няўжо і мы сляпыя?” Езус адказаў ім: “Калі б вы былі сляпыя, не мелі б граху. Але цяпер кажаце: «Бачым!», і трывае грэх ваш”» (Ян 9, 1–41).

Абавязкі і правы

Парадак чытання Евангелля ў Вялікім посце невыпадковы: ён стварае план фармацыі катэхуменаў — кандыдатаў, якія рыхтуюцца да хросту, для жыцця вераю ў Збаўцу Езуса Хрыста. Яны складаюць правераную праграму, якая забяспечвае развіццё духоўнага жыцця ад «старога» да «новага» чалавека — Божага дзіцяці.

Такім чынам, у І нядзелю Вялікага посту ў сцэне спакушэння Езуса ў пустэльні мы атрымалі першае правіла духоўнага жыцця — неабходнасць змагацца з трыма галоўнымі відамі пажадлівасці, уласцівымі чалавечай натуры, і іншымі грахамі, якія вырастаюць з іх, каб абудзіць свой дух і скіраваць яго да зацікаўленасці Богам.

У ІІ нядзелю Вялікага посту ў чытанні Евангелля пра Перамяненне мы чулі заклік зрабіць крок веры ў бок Езуса — Сына Божага і даверыцца Яму.

У ІІІ нядзелю Вялікага посту ў чытанні Евангелля аб сустрэчы Езуса з самаранкаю мы чулі заахвочванне адкрыць Езусу, Лекару і Збаўцу, духоўныя і псіхалагічныя раны нашых сэрцаў, каб дазволіць Яму, Яго міласэрнай Любові адбудаваць у нас нашую першасную годнасць, неабходную, каб годна жыць у свабодзе перад Богам і людзьмі — годнасць Божых сыноў і дачок.

Сёння, у IV нядзелю Вялікага посту ў Евангеллі аб аздараўленні сляпога ад нараджэння чалавека мы атрымліваем запрашэнне ў сваім убостве адважна стаць перад Езусам і дазволіць Яму весці нас па жыцці з дапамогаю Яго Духа — Духа рады і розуму, боязі Божай і мужнасці.

Фарысеі, упэўненыя ў пабожнасці сваіх рэлігійных практык і ва ўласнай праведнасці, упэўненыя ў сваёй удачы, выносяць суд людзям і Богу, і ў гэтым евангельскім чытанні аказваюцца сляпымі. Чалавек, які ад нараджэння не бачыў, то бок, вымушаны быў залежаць ад іншых людзей, стаіць бліжэй да распазнання Месіі ў Езусе і вызнавання веры ў Яго. Ён гатовы рабіць высновы з таго, што адбываецца навокал.
Гэтая гісторыя паказвае нам правіла развіцця ў духоўным жыцці: каб успрыняць Езуса як свайго Збаўцу і ажывіць свае адносіны з Ім, трэба часам быць гатовым змяніць лад дзеянняў, выпрацаваны гадамі, перакрочыць праз свае рэлігійныя перакананні і звычкі «так можна пра Бога думаць, а так нельга» (напрыклад: Богу можна быць удзячным, але нельга выказваць незадаволенасць), «так можна маліцца, а так нельга». Гэта можа ўстрымаць нас ад «вылівання» праўды нашых сэрцаў перад Езусам і пазбавіць нас духоўнага досведу быцця сынам ці дачкою Бога, якія маюць перад Ім не толькі абавязкі, але і правы!

Айцец Браніслаў Дашкевіч OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней