Плашчаніца знаходзілася ў глыбокім змроку, але адначасова яна поўная святла, і я думаю, што, паколькі сотні тысяч людзей прыязджаюць пакланіцца ёй, не лічачы тых, хто сузірае яе выявы, гэта азначае, што людзі бачаць у ёй не толькі змрок, але і святло, не столькі паразу жыцця і любові, колькі перамогу, перамогу жыцця над смерцю, любові — над нянавісцю.


Зразумела, людзі бачаць у Плашчаніцы смерць Езуса, але бачаць і Яго ўваскрасенне, у абдымках смерці б’ецца жыццё, бо там пасялілася любоў. У гэтым моц Плашчаніцы — аблічча Мужа пакутаў, якое носіць сляды пакутаў людзей ва ўсе часы і па ўсёй зямлі, а таксама і нашых пакутаў, нашых цярпенняў, нашых праблемаў, нашых грахоў — Passio Christi, Passio hominis — гэтае аблічча прамяніцца ўрачыстай веліччу, незвычайнай годнасцю. Гэтае аблічча, гэтыя рукі і ногі, гэты бок, усё гэтае цела прамаўляе, яно само з’яўляецца словам, якое можна пачуць у цішыні.

З прамовы папы Бэнэдыкта XVI у Турыне, 2.05.2010 г.

Турынская плашчаніца — самае таямнічае палатно ў свеце, ахутанае легендамі, ушанаванае хрысціянамі, вядомае большасці насельнікаў зямнога шара (паводле даследаванняў, 95% лю­дзей у свеце ведаюць, прынамсі, саму назву). Калі палатно перайшло ва ўласнасць Апостальскай Сталіцы, падараванае папярэднімі яго захавальнікамі з Сабаў­дзіі, Плашчаніцу пачалі вывучаць навукова. У 1988 г. у трох незалежных лабараторыях пацвер­дзілі: Плашчаніца — сярэднявечная фальшыўка. Гэты вердыкт многія прынялі як неаспрэчную праўду. Толькі нядаўна вучоныя засумняваліся ў метадах праве­дзеных даследаванняў і пробах матэрыялаў, якія былі ўзятыя для іх.

Навейшыя даследаванні 2008 г. цалкам змянілі погляды на паходжанне і аўтэнтычнасць рэліквіі. Для вернікаў вынікі не сталіся рэвалюцыяй: яны і так былі і застаюцца ўпэўненымі, што ў гэтае палатно было загорнутае цела Пана Езуса пасля таго, як Яго знялі з крыжа, што гэта пахавальнае палатно Збаўцы, на якім цудоўным чынам, насуперак законам фізікі і хіміі, застаўся адбітак Яго цела. Вера не шукае доказаў, у тым ліку і навуковых. Вера шукае Бога і Яго слядоў. Турынская плашчаніца нават для тых, хто не верыць, з’яўляецца тым следам і сведчаннем, побач з якім цяжка быць абыякавым. Ні пра якую рэч дагэтуль не вялося такіх гарачых спрэчак. Чуллівым людзям гэтыя спрэчкі не патрэбныя, бо ўражлівасць паказвае ім шлях туды, куды не сягае халоднае вока скептыка.

Айцец Піо казаў, што ў свеце ёсць дзве найсвяцейшыя рэчы: палатно з Манапэллё і палатно з Турына, хуста і пахавальнае палатно Езуса. Выявы твару на абодвух — ідэнтычныя.

Нехта слушна заўважыў, што калі б справа не датычыла Хрыста, не было б такіх спрэчак, а ў гэтым выпадку справа менавіта ў Хрысце, які непакоіць, чыя прысутнасць не для ўсіх з’яўляецца пажаданаю, чые страшныя пакуты і Крыжовая ахвяра з’яўляюцца выклікам і дакорам для сумлення.

Некалькі гадоў таму людзі шмат спрачаліся пра фільм Мэла Гібсана «Пакуты Хрыста». Рэжысёр адважыўся вельмі натуралістычна паказаць, як жудасна быў катаваны і знявечаны Збаўца. Каб зрабіць слабейшым уплыў фільма і абмежаваць доступ да яго, у ім шукалі антысеміцкія акцэнты, абвінавачвалі стужку ў залішняй жорсткасці сцэнаў пакутаў і ў шакаванні крывёю. Але Евангелле — не казка, якую чытаюць для таго, каб добра спалася. Гэта Кніга жыцця і праўды. Яна павінна непакоіць і шакіраваць.

У Плашчаніцы гэты непакой выяўляецца асабліва моцна, яна глыбока ўражвае, працінае чуллівыя вочы і сэрцы. Плашчаніца нямая, але тое, што яна гаворыць, ашаламляе. Яна кажа, якім коштам Хрыстус адкупіў і збавіў усіх нас. Можна адысці ад Плашчаніцы і вярнуцца ў сябе, але нельга забыць Святыя аблічча і цела з Плашчаніцы. Гэта незвычайныя твар і цела.


Кс. Крыштаф Срока
Пераклад з польскай мовы Юліі Шэдзько
Паводле: www.calunturynski.pl

Цэтлікі: Вялікі пост

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней