Гэтым сведчанням анёльскай апекі можна давяраць. Перажываючы розныя цяжкасці, цярпенні і хваробы, іх давалі ў шчырасці і прастаце веруючыя людзі, якія любяць Бога. І нават калі яны часам забываліся пра Бога і праз грэшнае жыццё аддаляліся ад Яго, але, атрымаўшы падтрымку Яго нябесных пасланцаў, яны ажыўлялі сваю веру і з любоўю вярталіся да Пана. Бог, дапамагаючы нам праз сваіх святых анёлаў у розных зямных праблемах, хоча, каб мы давяралі Яго дабрыні, Яго любові і самі адказвалі Яму любоўю, жывучы паводле Яго запаведзяў.
Не заўважылі Біблію...
Брат Андрэй расказвае, як Анёл Ахоўнік дапамог яму падчас камуністычнага рэжыму правезці ў машыне стос Біблій у Румынію.
«Перада мною на мытнай мяжы было ўжо шэсць машын. Мытнікі вельмі ўважліва праводзілі кантроль. Перагляд кожнага аўтамабіля працягваўся больш за паўгадзіны. Я пачаў маліцца: „Пане, я ведаю, што майго спрыту не дастаткова, каб прайсці праз гэты мытны пераход. Я прашу Цябе, Пане, здзейсні цуд! Я вазьму некалькі Біблій і пакладу іх зверху. Гэтак зрабіўшы, я буду ўпэўнены, што залежу не ад сябе, а ад Цябе, Пане“». Чакаючы сваёй чаргі, брат Андрэй дастаў некалькі Біблій з розных схованак машыны і паклаў іх на сядзенне каля сябе. Калі ён пад’ехаў да прапускнога пункта, мытнік паглядзеў спачатку на яго дакументы, потым яму ў твар, вярнуў дакументы і падаў рукою знак ехаць далей. «Мой агляд доўжыўся 30 секунд. Пан прыйшоў мне на дапамогу праз сваіх анёлаў. Я заклікаю ўсіх у час небяспекі звяртацца да Бога з малітваю: „Пане, Найвышэйшы Валадар, праяві сваю сілу праз Тваіх святых анёлаў, каб мы маглі стаць нябачнымі для нашых ворагаў. Амэн“».
«Ануся, пакліч святога Анёла Ахоўніка і скачы!»
Сярод ночы ў мястэчку Цамс у Аўстрыі пачаў біць звон. Полымя ахапіла два найбольшыя дамы. Каля гэтых дамоў сабраўся натоўп. Ужо нічога нельга было ўратаваць пасля таго, як полымя перайшло на дахі. Жыхары дамоў ледзьве ўратавалі сваё жыццё. Але што ж гэта? Адчыняецца акно на даху аднаго з дамоў і адтуль паказваюцца твары дзвюх дзяўчынак васьмі і дванаццаці гадоў. Прысутных ахапіў жах. Вогнішча было вельмі блізка ад дзяцей. Тады старэйшая дзяўчынка сказала малодшай: «Трэба скакаць! Нашыя Анёлы Ахоўнікі дапамогуць нам. Я скокну першая. Калі са мною нічога не здарыцца, ты выскачыш таксама». Са словамі: «Святы Анёле Ахоўнік, памажы мне», — дзяўчынка скокнула на цвёрдую паверхню дарогі. Усё гэта адбывалася на вачах людзей, якія стаялі ў вялізным напружанні. Без аніводнай траўмы дзіця апынулася ўнізе, быццам хтосьці яго ўзнёс. Дзяўчынка крыкнула ўверх: «Ануся, пакліч свайго Анёла Ахоўніка і скачы! Са мной нічога не здарылася!» Ануся паклікала Анёла Ахоўніка і скокнула ўніз. Яна таксама не атрымала аніводнай траўмы. Дзеці абняліся, сталі на калені і падзякавалі сваім Анёлам Ахоўнікам. Бацькі і ўсе прысутныя плакалі ад радасці.
Міласэрныя спазнаюць міласэрнасць
Сведчанне спадарыні Яніны
— У маёй вёсцы жыла адна няшчасная жанчына, у якой было некалькі дзяцей, што раслі без бацькі. Сям’я жыла бедна, а іх маці з-за нястачы ўвесь час пасылала да мяне сваю дачку, каб пазычыць хлеба, масла і розных іншых прадуктаў. Я ахвотна пазычала тое, што магла, хоць сама я ўдава і забяспечваю сваю сям’ю. Аднойчы я пазычыла палову буханкі хлеба. Дзяўчынка пайшла, а я ўзялася за працу. Праз хвіліну дзяўчынка зноў
прыходзіць і просіць: «Дайце, калі ласка, што-небудзь намазаць на хлеб». На кухні ў мяне было крыху масла, алею і больш нічога. Я не вытрымала, ведаючы, што іх мама мае грошы на цыгарэты, а да мяне прыходзяць і ўсё кажуць «дай, дай!» Я выйшла ў ванну, каб не паказваць свайго раздражнення. Унутры мяне ішло сапраўднае змаганне: хопіць ім дапамагаць, хай бы ішла адсюль! І раптам я чую голас майго Анёла Ахоўніка: «Міласэрныя спазнаюць міласэрнасць». Выходзячы з ваннай, я ўбачыла, што дзяўчынка ўсё яшчэ чакае мяне. Я аддала ёй тое масла і некалькі яек, яна ўзрадавалася. «Неяк вырашыцца, — падумала я, — можа, пазычу дзесьці тых грошай і куплю крыху ежы». У той самы дзень Бог узнагародзіў мяне за мой добры ўчынак. Вечарам зяць прывёз ад сваіх бацькоў сала, масла і фарш. Узрушаная, я выйшла з кухні, каб у сваім пакоі стаць на калені і падзякаваць за гэты дар. Мы разам з дачкою дапамагаем людзям, якія церпяць нястачу. Дзякуй Богу, нам усяго хапае.
«Ён перасцярог мяне...»
Сведчанне спадарыні Кацярыны
— Доўгі час я цярпела п’янства свайго мужа, але ўрэшце я сышла ад яго. Праз некаторы час я знайшла іншага мужчыну, але аказалася, што і ён быў п’яніцаю. Менавіта тады мой Анёл Ахоўнік перасцярог мяне праз смерць маёй сястры. Яна трагічна загінула праз тры месяцы пасля шлюбу. Аднойчы, калі я спала, яна прыйшла да мяне ўся ў белым і запыталася, ці пазнала я яе. Я адказала, што так. Тады яна сказала мне, што я жыву ў граху і павінна ачысціцца. Затым я разам з іншымі маімі памерлымі сёстрамі памалілася на Ружанцы, пасля чаго яны падзякавалі Пану Богу і зніклі. Я глыбока перажывала гэтае папярэджанне і сышла ад свайго мужчыны. Цяпер я жыву адна, паядналася з Богам і ўжо сама заклікаю іншых людзей жыць у Божай ласцы. Мне было цяжка перажываць той час, таму я стала больш маліцца. Аднойчы ноччу я ўбачыла на небе трох рыцараў. Яны сказалі мне, каб я не плакала і яшчэ больш малілася. Яны таксама сказалі, што анёлы і днём, і ноччу змагаюцца, абараняючы нас.
«Я прашу: адпусці яго!»
Сведчанне спадарыні Крыстыны
— Аднойчы я дамовілася з сяброўкамі нашай малітоўнай групы разам памаліцца за знаёмага нам чалавека. Мы дамовіліся з імі сустрэцца на тралейбусным прыпынку і а 15-й гадзіне прыбыць у патрэбнае месца. Было 29 верасня — свята Арханёлаў — я пачала праслаўляць Бога ў Яго анёлах і дзякаваць за іх апеку. Такім чынам, молячыся, я выйшла на вуліцу, дзе павінна была павярнуць направа, але перад гэтым я паглядзела ўлева і ўбачыла бойку двух мужчынаў.
І тут, сабе на дзіва, я пабегла да іх. Адзін з мужчынаў (пазней аказалася, што гэта таксіст) меў яўную фізічную перавагу над другім. Я бачыла, як гэты другі ўстае з зямлі з лютымі вачыма, рыхтуючыся скокнуць, і тады я (усё яшчэ дзіўлюся свайму ўчынку) скокнула паміж імі з крыкам: «Мужчыны, у чым справа?!». «Ён напаў на мяне ў машыне!» — крыкнуў вадзіцель. «Адпусці яго!». «Ага! Каб ноччу ён зноў на кагосьці безабароннага напаў?!» — і зноў стукнуў яго ў жывот... Я павярнулася да раз’юшанага, залітага крывёю таксіста са складным нажом у руцэ і, паклаўшы руку яму на грудзі, сказала: «Я прашу, адпусці яго! Прыйдзе час — і Бог сам праявіць да яго справядлівасць». І во дзіва — раз’юшаны мужчына адступіўся. Я адчувала, як расслабляюцца яго мышцы. Тады я павярнулася да другога, які ўстаў і рыхтаваўся ўдарыць, і, гледзячы яму ў вочы, сказала (дагэтуль дзіўлюся, што гэтак зрабіла): «Вы што, хочаце ў турму? Свабода надакучыла? Ідзіце дадому, высыпайцеся і дзякуйце Богу, што не здарылася чаго горшага!» І дзіва! Ён таксама апусціў рукі, адвярнуўся і пайшоў у бок прыпынку. Я стаяла на месцы і глядзела, каб ён не вярнуўся назад, а калі ён ужо адышоў далёка, а таксіст пайшоў у супрацьлеглы бок, то пайшла і я адтуль. Па дарозе да прыпынку ёсць зарослы хмызняком сквер. Я ўбачыла, што ў гэтым хмызняку чакае той хуліган! Калі я параўнялася з ім, ён працягнуў мне руку... з грашыма! Ён хацеў заплаціць мне за ўмяшанне ў бойку! Я адсунула яго руку са словамі: «Я ж сказала, ідзіце дахаты і праспіцеся, перш чым шукаць прыгодаў». І ён пайшоў у бок дамоў. А я дайшла да тралейбуса. Ужо ў тралейбусе я ўсвядоміла, што наогул здарылася. Даехаўшы да патрэбнага прыпынку, я ўбачыла сваіх сябровак. Было роўна 15 гадзін. У мяне няма сумненняў, хто дзейнічаў у гэтай сітуацыі. Я звычайная старая жанчына 68-мі гадоў, невысокая, ніколі не павышаю голасу. Маё ўмяшанне ў бойку магло б толькі насмяшыць, а не напужаць. Так што вырашэнне канфлікту — дакладна не мая заслуга. Хвала Пану!
Пераклад з польскай мовы Вольгі Качалкі
Паводле: «Świadectwa obecności Aniołów w naszym życiu»,
wyd. «PETRUS», 2010 г.