Габрыэля Пузыня «Анёл Ахоўнік»

Анёл Ахоўнік

*
Калі дзяўчынкай была малою,
Казалі, ёсць у мяне анёлак,
Усюды лётае ён за мною,
Пястун нябёсаў, пасланнік зорак.

З хвіліны той пры мігценні свечак
На цень уласны свой пазірала —  
Ішоў за мною цень, за малечай,
Я ж тым анёлам яго ўяўляла.

Пужаў мяне за маёю спінай
Такі анёл, як была малою;
Ён быў трывогі маёй прычынай,
Шукала шчасця перад сабою.

*
Гады мінаюць, а з імі краты
Дзіцячых страхаў знікаюць недзе…
Анёл Ахоўнік маім стаў братам,
Надзейным сябрам ва ўсім на свеце.

Яму падзяка! Спакусаў хвалі
Мяне не зносілі ў вір жыццёвы;
Павевы крылаў яго здзьмувалі
З душы пустую хвальбу і словы.

У часе балю, ў бяседзе дружнай
Каля мяне быў нябачнай вартай,
Укладваў думкі дасціпна й слушна
Ў апавяданні, усмешкі, жарты!

Як міла сёння аб ім трызненне!
У смутку ён мне дапамагае,
А сплю калі, нада мной скляпеннем —
Намётам крылы свае складае!

Ў душы маёй — ясната, празрыстасць,
Здаецца мне, што ў хвіліну мрояў,
Як прад святым тым Евангелістам,
Стаіць мой добры Анёл прад мною.

Ён сёння песні маёй прычына,
Дыктуе словы, дае натхненне;
Асушыць слёзы з воч бедачыны,
Хоць сам не чуе пакут-цярпення!..

Габрыэля Пузыня


Пераклад з польскай мовы
Ірыны Багдановіч.
Паводле: G.G. [Г. Гюнтэр (Пузыня)].
W Imię Boże. — Wilno, 1843. (Верш надрукаваны
без пазначэння месца і даты напісання.)

Цэтлікі: Паэзія, Анёлы

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней