Калі запытаць у чалавека на вуліцы, якія музычныя творы на рэлігійныя тэксты ён ведае, амаль кожны назаве хаця б адну Ave Maria: Баха-Гуно або Шуберта. Вядомыя мелодыі пазнаюцца з першых нотаў, гучаць у мностве фільмаў і нават у рэкламных застаўках. Дзівосныя словы анёльскага прывітання сталі натхненнем для безлічы творцаў, і не дзіва — гэта, хіба, найпрыгажэйшы евангельскі гімн. Мне ўяўляецца, што анёл Габрыэль сапраўды не проста прагаварыў гэтыя словы, а праспяваў іх. Магчыма, так думалі многія музыкі, спрабуючы ўявіць, як магла гучаць анёльская мелодыя. Сёння, ва ўрачыстасць Звеставання, прапануем Вам паслухаць найцікавейшыя творы, напісаныя на гэты цудоўны тэкст кампазітарамі з розных краінаў.
Ave Maria — адзін з найстаражытнейшых хрысціянскіх гімнаў, які сталі спяваць. Вось так гучыць аднагалосная грыгарыянская мелодыя, на якую ён выконваўся. У другой частцы запісу вы пачуеце апрацоўку гімна вядомым іспанскім кампазітарам эпохі Рэнесансу Тамашам Луісам дэ Вікторыя (1548–1611).
Адна з маіх улюбёных версій гімна належыць італьянскаму кампазітару Гаэтана Даніцэцці (1797—1848). Гэты цудоўны твор спявае сапрана з Венгрыі Інгрыд Кертэсі:
Не вельмі вядомая, на вялікі жаль, але неверагодна прыгожая Ave Maria належыць Ёганэсу Брамсу (1833-1897). Вось яна ў выкананні хора High Voices з ЗША:
Дарэчы, з адной з самых вядомых у свеце інтэрпрэтацый старажытнага гімна (Ave Maria, G. Caccini) звязана цікавая музычная містыфікацыя. Нямногія ведаюць, што аўтарам знакамітай мелодыі насамрэч з’яўляецца Уладзімір Вавілаў (1925–1973), кампазітар, гітарыст і лютніст з былога СССР. Упершыню твор быў запісаны ў 1968 г. на пласцінцы музыкі барочных кампазітараў XVI–XVII стагоддзяў у выкананні У. Вавілава, дзе Ave Maria была прыпісаная невядомаму аўтару. Пазней у нотах з’явілася імя італьянскага кампазітара Джуліё Качыні, і пад гэтаю назваю кампазіцыя набыла вядомасць. Але музыказнаўцы сцвярджаюць, што амаль уся музыка з пласцінкі належала Вавілаву. Ён не падпісваў творы сваім імем, а выбіраў для гэтага імёны старажытных кампазітараў. Чаму так? Існуе некалькі версій. Кажуць, што Уладзімір Вавілаў вельмі хацеў, каб яго музыка гучала, але ў тыя часы ніхто не стаў бы выдаваць вялікім тыражом пласцінку невядомага аўтара. Існуе версія, што Вавілаў баяўся пераследу і асцерагаўся падпісаць творы на рэлігійную тэматыку сваім імем. Тэма яго творчасці дагэтуль застаецца невывучанай. Аднак чароўная Ave Maria — сапраўды адна з найпрыгажэйшых мелодый і нездарма атрымала папулярнасць ва ўсім свеце. Вось арыгінальнае выкананне твору самім Уладзімірам Вавілавым (лютня), Маркам Шахіным (арган) і мецца-сапрана Надзеяй Вайнер:
Сучасны нямецкі кампазітар Франц Бібль (1906–2001) у адным неверагодна прыгожым творы спалучыў дзве малітвы: «Анёл Панскі» і «Вітай, Марыя». Вось пранікнёнае выкананне гэтай кампазіцыі брытанскім ансамблем Voces8.
Натхнёны твор англійскага кампазітара Роберта Парсанса (1535–1571/2) выконвае яшчэ адзін брытанскі калектыў The Sixteen:
Прапаную вам цікавае відэа са святкавання 65-гадовага юбілею святарства папы на пенсіі Бэнэдыкта XVI. Знакаміты мужчынскі хор Ватыкана выконвае Ave Maria Джаванні Пьерлуіджы да Палестрыны (1525–1594):
Вось яшчэ адна версія Ave Maria гэтага ж кампазітара ў выкананні ўніверсітэцкага хора Кэмбрыджа:
І напрыканцы маленькі сюрпрыз для нашых чытачоў: на Youtube знайшлося архіўнае відэа таго, як сястра Люцыя, сведка фацімскіх аб’яўленняў, у атачэнні сваіх сясцёр спявае малітву да Багародзіцы (глядзець з 0.40 секунды). Маё сэрца вельмі ўзрушыла ўзнёсласць, моц і вера, якія звіняць у голасе гэтай ужо вельмі пажылой жанчыны. Спадзяюся, гэты запіс кране і вашыя сэрцы. Няхай вера сястры Люцыі стане натхненнем для кожнага з нас.
Юлія Шэдзько
Чытайце іншыя артыкулы з серыі Musica sacra:
- Musica Sacra. «Ціхая ноч...» [відэа]
- Musica Sacra. «Veni, veni Emmanuel...» - «Прыйдзі, прыйдзі, Эммануэль» [відэа]
- Musica Sacra. «Rorate caeli desuper...» - «Нябёсы, дайце росы нам...» [відэа]