Блізіцца час…

Езу, Ты ходзіш па Мінску,
Хочаш нам тут нарадзіцца,
Блізка ўжо час гэты, блізка,
Ты абяцаў нам з’явіцца,

Каб не гублялі надзеі
Ў тлуме сляпым і гаротным,
Каб з Табой быць захацелі
Тут і цяпер, а не потым…

Досвітак золкі, туманны,
Блізіцца час Адвэнтовы,
Сэрцаў адкрытыя раны
Дотык чакаюць Хрыстовы.

Хто не разумны, не чулы,
Ўсё-ткі прыслухайся: крочыць
Езус па Мінску заснулым,
Каб мы прачнуліся, хоча,

Каб мы прачнуліся ў праўдзе!
Час Адвэнтовы, чаканне…
Езус сустрэчу нам ладзіць,
Дык свой ліхтарык чування

З пылу адчысцім, запалім,
Рупна падліўшы алею,
Каб мы той час не праспалі,
Каб на сустрэчу паспелі.

Ірына Багдановіч
16-18 лістапада 2021 г.

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней