
Няма на свеце істоты, якая б палюбіла Бога больш, чым Беззаганная. Таму ўсю сваю любоў мы аддаём Ёй, у Ёй і праз Яе — Пану Езусу, а ў Ім і праз Яго — Богу Айцу. У сіле волі заключаецца сутнасць любові. Аднак калі б мы сказалі, што з’яўляемся вачыма волі, то гэта не было б натуральна. Чалавек ёсць чалавек. Ён мае пачуцці. Уся чалавечая сутнасць павінна гарманічна існаваць з любоўю. Калі б хтосьці аддаў Беззаганнай волю, а пачуцці не, то слушна мог бы сумнявацца ў сапраўднасці сваёй любові.
Мы павінны імкнуцца да штораз больш канкрэтнае любові — жыццёвай. Пачуцці павінны ўмацоўваць слабую волю, бо яна не хоча перамагчы сябе, калі гаворка ідзе пра ахвяры.
Тая душа, якая напраўду любіць Беззаганную, бачыць, як патрэбны ёй фігуркі Беззаганнай. Праходзячы паўз фігурку Беззаганнай, такі чалавек не толькі зніме шапку, але напраўду ўшануе Яе. Праз увесь дзень, уначы, калі не зможа заснуць, альбо калі прачнецца, будзе ўзбуджаць у сабе ўзвышаныя акты ўшанавання. Можа гэткая душа дазволіць пачуццёвасць і запытаць: «Мама мая, ці любіш Ты мяне?» Ніхто гэтага не бачыць і не чуе, а Беззаганная як жа аднаўляе і асвяжае душу знутры!
Што я павінен рабіць, каб любіць Яе, — гэта будзе далейшым пытаннем. Колькі ж тады святла ўліецца ў душу! Не думайце, што толькі мы будзем тады гаварыць. Яна таксама будзе прамаўляць да нас, бо Яна ёсць у нашай душы.
Будзем жа прасіць у Яе тае вялікай любові, так палымянай любові, каб мы праз Яе ў любові Божай не ведалі аніякіх межаў. Калі Яна сама завалодае нашым сэрцам, мы станем тады раўнадушнымі да тых рэчаў, якія прамінаюць, — прыкрых альбо прыемных, да спраў — лёгкіх альбо цяжкіх. Усё прамінаецца — застаецца любоў.
Любі Беззаганную ўсім сэрцам, часта звяртайся да Яе ўзвышанымі словамі, хоць бы толькі ў думках, а Яна навучыць Цябе адплочваць Пану Езусу бязмежнай любоўю за Яго любоў, выяўленую на крыжы, і ў Найсвяцейшым Сакрамэнце Алтара.
Калі будзе такая любоў да Беззаганнай, то будзе і ўзаемная любоў. Усе недахопы і непамыслоты будуць тады нас яднаць, бо праз іх мы даем сабе магчымасць выказваць любоў да Беззаганнай. Гэткая сувязь вельмі моцная, бо калі душы набліжаюцца да Беззаганнай, яны тым самым узаемна збліжаюцца паміж сабою. Тады рознасць характараў і слабасць выраўноўваюцца.
Узаемная любоў засноўваецца не на тым, каб ніхто ніколі не зрабіў нам аніякай прыкрасці, але на тым, каб мы імкнуліся не рабіць іншым прыкрасці і навучыліся адразу ж і цалкам прабачаць усё, што прынясе нам непрыемнасць. Гэтая ўзаемная цярплівасць і складае сутнасць узаемнае любові. Святая Тэрэса ад Дзіцяткі Езуса піша: «Я зразумела, як недасканала люблю сваіх законных сясцёр; о, не так палюбіў іх Пан Езус! Разумею цяпер, што сапраўдная любоў заснавана на цярплівасці да заганаў і памылак нашых бліжніх; на тым, каб не дзівіцца з іх недасканаласці, а рабіцца яшчэ больш высакародным ад кожнае, найменшае аб’яўленае дабрадзейнасці. Асабліва зразумела, што любоў ніколі не павінна быць на дне сэрца, бо: „Ніхто, запаліўшы светач, не ставіць яго ва ўкрыцці ці пад пасудзінай, а на свечніку, каб тыя, хто ўваходзіць, бачылі святло“ (Лк 11, 33). На маю думку, гэтая евангельская паходня азначае любоў, якая павінна яснець і весяліць не толькі нашых найдаражэйшых, але і ўсіх, хто ёсць у доме». I далей піша: «Дарагі мой Езу, ведаю, што нічога падобнага не загадваеш мне выконваць: лепш за мяне ведаеш мае слабасці і маю недасканаласць; ведаеш, што я ніколі не здолею палюбіць маіх сясцёр так, як Ты любіш іх, калі толькі Ты сам не будзеш любіць іх ува мне, і праз мяне Ты хочаш засведчыць мне гэтую вялікую ласку і таму даў мне новы Твой наказ. О, які ж дарагі ён мне, бо дае гарантыю, штоТы хочаш праз мяне любіць усіх тых, каго загадаў любіць».
Самаахвярнасць узаемнай любові павінна быць як мага больш аддаленай. Не на тым заснавана любоў, што мы любім тых, хто нясе нам радасць, але на тым, калі цярпліва зносім прыкрасці і непрыемнасці, калі плацім дабром за зло — вось дзе сапраўдная любоў Узвысіць яе да такой ступені, каб цалкам прабачаць усялякія крыўды і не чуць сябе пакрыўджаным у найменшай ступені. Гэта да такой ступені важна, што Пан Езус наказвае нам маліцца: «I адпусці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым». Гэта і ёсць дух усіх хрысціянаў. Звернем жа ўвагу на тое, каб не засталося нічога не прабачанага. Гэта вельмі важна, бо тым самым мы і любім Пана Бога. Чынім так не таму, што ніхто не зрабіў нам нічога злога, але зносім прыкрасці дзеля Беззаганнай.
I любім не таму, што наш бліжні сімпатычны, ветлівы, багаты, уплывовы, а хоць бы і таму, што ўдзячны нам. Задужа нізкія гэта прычыны. Сапраўдная любоў узносіцца над стварэннем і заглыбляецца ў Бога. У Ім, для Яго і праз Яго яна любіць усіх: добрых і злых, сяброў і ворагаў, да ўсіх працягвае зычлівую руку, за ўсіх моліцца, за ўсіх церпіць, усім жадае дабра, для ўсіх прагне шчасця, бо так хоча Бог!..
Калі вашай спадарожніцай па жыцці будзе любоў і калі жыць будзеце ва ўзаемнай любові, то ўжо тут, на зямлі, будзеце адчуваць нябесную радасць.
Усё прамінецца, вера і надзея прамінуцца, застанецца любоў. 3 любоўю мы ўвойдзем у вечнае жыццё і ў любові будзем радавацца ў небе з Беззаганнай.
Святы Максіміліян Марыя Кольбэ.
Пераклад з польскай мовы Ірыны Жарнасек.
Надрукавана ў часопісе «Ave Maria», № 1-2, 1998 г.