
Шаноўныя сябры, мы распачынаем цыкл публікацый, прысвечаных Дэкалогу, г.зн. 10-ці Божым запаведзям — таму падмурку, на якім угрунтавана хрысціянская вера. Захаванне кожнай з 10-ці запаведзяў — неабходная ўмова трываласці гэтага падмурку. Менавіта таму важна не толькі памятаць запаведзі, але і глыбока іх разумець, каб кіравацца імі ў сваім жыцці. Спадзяемся, што дапаможа нам у гэтым карысная і цікавая кніга польскага святара і тэолага Эдварда Станека «З клопатам пра сумленне». Гэту кнігу склалі нядзельныя казанні кс. Э. Станека ў касцёле сясцёр фэліцыянак у Кракаве.
Грозная ерась
Пішучы ўступнае слова да выдання тэкстаў маіх казанняў, я хачу звярнуць увагу на новую грозную ерась, якая абвяшчае абагаўленне сумлення. Для многіх людзей сумленне становіцца нормаю, вышэйшаю за Божае права, заключанае ў Дэкалогу. Гэтае абагаўленне сумлення патрэбнае для сітуацыйнай этыкі, якая ўсімі спосабамі хоча завалодаць сэрцамі сучасных людзей.
Сумленне — самая блізкая, але не самая высокая норма маральнасці. Больш за тое, само сумленне, як найніжэйшы трыбунал справядлівасці, будзе судзіць сам Бог у імя Дэкалогу. Многія лічаць, што будуць суджаныя паводле свайго сумлення, не дадаючы — калі яно праведнае. Калі сумленне па іх віне не праведнае, гэта значыць не згарманізаванае з Дэкалогам, то на парозе вечнасці такія людзі адкажуць не толькі за дрэнныя ўчынкі, за якія самі сябе апраўдвалі, але і за знішчэнне сумлення альбо брак клопату пра яго праведнасць. Тут мы закранаем найважнейшую праблему нашага пакалення. Калі не ўдасца абараніць сумлення перад гэтаю небяспечнаю ерассю на грамадскім узроўні, то трэба гэта ўчыніць ва ўласным сэрцы. Сучаснаму свету неабходныя сведкі праведнага сумлення.
У кнізе, якая прапануецца ўвазе чытача, сабраны ў асноўным цыкл найважнейшых тэмаў, што датычаць рэлігійна-маральнага жыцця. Акцэнт тут зроблены на сумленні, дакладней кажучы, на яго аб’ектыўнай падачы ў форме запаведзяў Дэкалогу. <...>
Гэта кніга складвалася на працягу некалькіх месяцаў: яна ўяўляе сабою цыкл знятых з дыктафоннай стужкі нядзельных казанняў, якія былі прамоўлены ў кракаўскім касцёле сясцёр феліцыянак. У асноўным я пакінуў форму вуснага слова, а гэта мае як свае плюсы, так і свае мінусы. <...>
Закранутыя ў кнізе праблемы могуць хваляваць і нават сур’ёзна непакоіць не аднаго чытача. Не з усім можна лёгка пагадзіцца, нават калі патрабаванні ставіць сам Бог, а што ўжо казаць, калі іх няўмела перадае чалавек. Гэта ўжо было заўважана ў працэсе маўлення казанняў. Многія сучасныя праблемы настолькі балючыя, што як бы мы іх не закраналі, гэта выклікае крык болю, а часам проста канвульсію страху перад болем.
Не ўсе праблемы можна лёгка вырашыць, зрэшты, не пра тое гаворка. Няма рэцэпту для жыцця. Ёсць указаны шлях. Трэба яго прайсці, а пра тое, які належыць зрабіць крок, у канкрэтны момант вырашае чалавек, што ідзе гэтым шляхам. Ён бярэ на сябе таксама поўную адказнасць за выбар і за яго наступствы. Мэта гэтых казанняў — паказаць хараство і вартасць Божага шляху жыцця, а таксама небяспечных пастак, якія на ім расстаўлены. Мне хацелася перасцерагчы ад фальшывага кроку і яго наступстваў. <...> Казанне — гэта заўсёды плён супрацоўніцтва Бога, святара, які гаворыць казанне, і слухачоў. Гэтыя, апошнія, хоць найменш тое ўсведамляюць, у вялікай ступені ўплываюць як на выбар праблематыкі, так і на спосаб яе падачы. Хочацца, каб гэтая кніга многіх узбагаціла, а калі пасее неспакой, то каб гэты неспакой быў творчы.
г. Кракаў, 11 жніўня 1996 г.
СУМЛЕННЕ І ДЭКАЛОГ
Сумленне і эгаізм
Сумленне — гэта адзін з найвялікшых скарбаў, які чалавек атрымлівае ад Бога. У першыя гады жыцця мы яго не чуем, бо сумленню патрэбны дзве прылады, якія развіваюцца ў больш позні перыяд чалавечага жыцця, — розум і воля. Як толькі дзіця пачынае думаць і разрозніваць, дзе дабро, а дзе зло, сумленне заклікае яго рабіць дабро і ўнікаць зла.
Сумленне — гэта голас Бога, які прагне весці чалавека дарогаю дабра. Аднак голас гэты вельмі далікатны, паколькі Бог не можа абмяжоўваць волі чалавека. <...> Поруч з сумленнем у сэрцы чалавека жыве яшчэ адна, надзвычай агрэсіўная сіла. Гэта эгаізм. Ён мае перавагу над сумленнем хоць бы таму, што бярэ верх значна раней засумленне.
Сумленне разрознівае рэчы добрыя і дрэнныя, наказвае рабіць першыя і ўнікаць другіх. Эгаізм паслугоўваецца разрозніваннем рэчаў на прыемныя і непрыемныя, як бы змушаючы чалавека імкнуцца да першых і ўнікаць другіх. Часцей за ўсё гэтыя падзелы не супадаюць, і наказ сумлення чыніць дабро эгаізм успрымае як цяжкі і ахвярны, а таму непрыемны; забароненае ж зло ўспрымаецца ім як плод раскошы, што нясе прыемнасць. Пры тым сумленне заўсёды ўлічвае дабро іншых людзей, эгаізм жа не зважае на іншых, а толькі на сваю ўласную асалоду. Сумленне лічыцца з вечнасцю і ўсё ацэньвае ў яе перспектыве, у той час, калі эгаізм нават не хоча лічыцца са смерцю, якая з’яўляецца яго цалкавітаю паразаю. Эгаізм імкнецца да поўнага выкарыстання цяперашняй хвіліны, выціскаючы з яе як мага больш для сябе. Сумленне шануе свабоду; эгаізм атаясамлівае свабоду з чыненнем таго, што яму падабаецца, пагружаючы чалавека ў няволю ўласных капрызаў.
Эгаізм вядзе барацьбу з сумленнем і імкнецца да таго, каб яно наогул змоўкла. Кожнае патуранне эгаізму — бяда для сумлення, якое голасна плача, напаўняючы сэрца чалавека горыччу. Гэта так званыя дакоры сумлення. Сумленне такім чынам заклікае выправіць учыненае зло. Калі так станецца, яно зноў бярэ верх у сэрцы чалавека і напаўняе яго спакоем. Калі да аднаго злога ўчынку чалавек пачне дадаваць наступныя, то сумленне паступова змаўкае. <...>
Бог прамаўляе да чалавека праз сумленне. Нават кожнае знешняе слова скіравана да сумлення, і толькі сумленне робіць яго выніковым. Яно павінна выдаваць распараджэнні, каб чалавек мог дзейнічаць. Тым часам зло і свет прамаўляюць да чалавека праз эгаізм і таму ў сэрцы пастаянна вядзецца вялікае змаганне сумлення з эгаізмам, якое на справе з’яўляецца змаганнем Бога са злом за дадзенага чалавека.
Дасканаласць грунтуецца на абароне і ўдасканаленні сумлення, а недасканаласць — на перадачы руля ў рукі эгаізму. У першым выпадку чалавек паслухмяны Богу, у другім — паслухмяны злу.
Метады знішчэння сумлення
У папярэднім разважанні я звярнуў увагу на каштоўнасць сумлення і на тую небяспеку, якая яму пагражае з боку эгаізму. Цяпер прагну больш дакладна паказаць сам метад знішчэння сумлення. Дзеянне эгаізму вядзецца ў асноўным у трох кірунках. Яно імкнецца не ўлічваць наказы сумлення, гэта значыць разбураць яго; сціраць межы паміж дабром і злом, г.зн. аслабляць працу і гнуткасць розуму, які адказвае за маральную ацэнку; урэшце, аслабляць волю. Бо сумленне паслугоўваецца розумам і воляю, і калі адна з гэтых прыладаў не цалкам спраўная, тады яго дзеянне абмяжоўваецца. Эгаізм грунтуецца, як правіла, на пачуццях і слабасцях, бо яны ацэньваюць рэчаіснасць з пункту погляду прыемнасці, а не з пункту погляду маральнага дабра і зла.
Спынімся крыху падрабязней на сутнасці гэтага дэструктыўнага ўздзеяння на сумленне. Першая яго форма заключаецца ў ігнараванні наказаў сумлення. Яно кажа: «Не крадзі», але надараецца выключная аказія, і чалавек адважваецца ўкрасці. Гэты першы крадзеж балюча раніць сумленне. Затое другі даецца ўжо лягчэй, сумленне не пратэстуе так голасна; наступны крадзеж даецца яшчэ лягчэй, ажно нарэшце сумленне перастае рэагаваць увогуле. Эгаізм дзякуючы неадкладнай карысці атрымлівае перамогу. Цяпер ужо ён, а не сумленне, дыктуе чалавеку стыль паводзінаў. Пакуль сумленне асуджае ўчынак, ёсць шанец выправіцца. Калі ж знікае неспакой сумлення, навяртанне становіцца амаль немагчымым. Толькі нейкае вельмі моцнае дзеянне ласкі можа яшчэ ўратаваць чалавека. Гінеколагу найцяжэй зрабіць першы аборт. Калі ён зробіць іх некалькі тысяч, ягонае сумленне ўжо не рэагуе на чарговыя, учыненыя ім, забойствы. Гэтаксама бывае з сужэнскаю здрадаю, з занядбаннем малітвы, з маною і г.д. Адбываецца так, як у выпадку з далікатнымі вагамі, калі іх празмерна абцяжарыць: спружына псуецца, і такія вагі ўжо не выконваюць свае функцыі. Сумленне таксама можна знішчыць так, што яно ўжо не будзе рэагаваць на грэх.
Другая форма знішчэння сумлення — гэта свядомае пазбяганне ведаў пра тое, што ёсць дабро, а што зло. У такім выпадку чалавек робіць тое, што яму падабаецца, апраўдваючыся няведаннем. Гэта вельмі частая форма знішчэння сумлення, якая сустракаецца нават сярод інтэлігентных людзей. Даводзілася бачыць шмат асобаў, якія мелі магчымасць паглыбіць свае веды на маральныя тэмы, але з усмешкаю адыходзілі, кажучы: «Лепш гэтага не ведаць, тады лягчэй жыць...» Бедныя людзі, яны не падазраюць, што абцяжаранае віною няведанне не толькі іх не апраўдвае, але робіць яшчэ больш вінаватымі; бо як яны апраўдаюцца перад Богам, калі на словы «я не ведаў», Бог адкажа: «Але мог ведаць?».
Менавіта тут трэба шукаць прычыну, з-за якой многія пазбягаюць удзелу ў нядзельнай cвятой Імшы. Пра гэта трапна сказаў адзін малады інжынер: «А навошта туды хадзіць? Каб слухаць, чаго мне нельга рабіць? Мне ўсё можна, а святары заўсёды забараняюць менавіта тое, чаго мне хочацца. Лепш нічога не ведаць і жыць так, як я лічу патрэбным». Гэта прыклад занядбання клопату пра ўдасканальванне свайго сумлення, а часта, калі яно ад самага пачатку было правільна сфармавана, гэта эфектыўны метад, якім знішчаецца ўспрымальнасць сумлення.
І ўрэшце, трэцяя форма: аслабленне волі. Сумленне — гэта не толькі голас, які падказвае, што добрае, а што злое, але таксама сіла, якая загадвае рабіць дабро і ўнікаць зла. Гэтая сіла паслугоўваецца воляю чалавека. Калі воля слабая, то сумленне бязраднае. Чалавек пойдзе за лёгкім і прыемным, а не за добрым. Таму зло таксама праз эгаізм вельмі стараецца аслабіць волю. Адбываецца гэта часцей за ўсё праз дрэнныя звычкі, асабліва праз тыя, што базуюцца на слабасцях. Дадатковая драма адбываецца тады, калі чалавек топіцца ў гарэлцы ці наркаманіі. Тут вялікі ўплыў мае не толькі дрэнная звычка, але і арганічная патрэба атруты, якая ў дадзены момант дае трохі прыемнасці. Воля дадаткова аслаблена агрэсіўнымі жаданнямі цела, якое дамагаецца напою. Алкаголь і наркотыкі аслабляюць не толькі волю, але таксама абмяжоўваюць дзеянне розуму, а значыць робяць немагчымым ясную ацэнку дабра і зла. Трэба дадаць, што і тут, гэтаксама як у выпадку наўмыснага няведання, адказнасць чалавека за ўчынкі, здзейсненыя нават у выніку слабой волі і недахопу разумення, ляжыць у адказнасці за першае п’янства альбо ўжыванне наркотыкаў.
Можна нішчыць сумленне, не прыслухоўваючыся да яго заклікаў рабіць дабро. Эгаізм не хоча сябе абцяжарваць. Сумленне заклікае, аддае распараджэнне, але яго не слухаюць. Распараджэнні застаюцца не выкананымі. Праз некаторы час сумленне ўжо не заклікае рабіць дабро. Яно ўжо не турбуе чалавека. Яно было пашкоджана. Менавіта таму мы перапрашаем Бога не толькі за дрэнныя ўчынкі, але і за занядбанне добрых.
Працяг будзе.