Адным з найбольш багатых на сімвалы, чаканым у кожным узросце літургічным перыядам года з’яўляецца Адвэнт. Для дзетак — гэта час раратніх набажэнстваў у непаўторнай атмасферы паўзмроку ў касцёле і таемнага ззяння (часта самаробных) ліхтарыкаў. Для іх бацькоў — час, калі трэба спадарожнічаць дзецям у іх падрыхтоўцы да Раратаў, адвэнтавых конкурсаў, блізкіх калядных святкаванняў. Для старэйшага пакалення — багатая ў набажэнствы адвэнтавая літургія, чуйная малітва, перадача малодшаму пакаленню мудрасці старадаўніх хрысціянскіх звычаяў продкаў.
Пра Адвэнт піша ксёндз Андрэй Рылка — рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі, магістр тэалогіі і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.
Як вядома, Адвэнт (лац. «adventus» — прыйсце) — гэта чатырохтыднёвы перыяд літургічнага году, які папярэднічае святам Божага Нараджэння, калі мы аднаўляем у сабе дух чування ў чаканні паўторнага прыйсця Пана (гл. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 524). Ва ўсведамленні некаторых людзей часам складваецца няправільнае меркаванне, што Адвэнт — гэта перыяд поснай падрыхтоўкі да святкавання Калядаў. Маўляў, найважнейшае — свята. Як да Пасхі рыхтуемся праз Вялікі пост, так і да Божага Нараджэння праз «малы пост». Такое павярхоўнае ўяўленне скажае вялікую духоўную глыбіню Адвэнту і моцна шкодзіць душы. Сэнс Адвэнту, як і кожнай хрысціянскай практыкі і святкавання, не ў знешніх атрыбутах. Сама форма без зместу — мёртвая і бессэнсоўная, таму знешняе павінна адпавядаць унутранаму, форма — быць выразам зместу, пост — выразам падрыхтоўкі да сустрэчы з Панам, святкаванне — выразам радасці ад перажывання гэтага спаткання.
Хрысціянскія звычаі і традыцыі — гэта не фальклор, а імкненне засведчыць невымоўнае, паказаць нябачнае. Гэта выраз звышнатуральнай сустрэчы чалавека з Богам, таму кожная посная практыка — гэта спосаб вызвалення асобы ад усяго, што перашкаджае ёй перажыць гэтае надзвычайнае духоўнае спатканне, бо калі здрабніць разуменне посту нейкаю дыетычнаю падрыхтоўкаю да забаваў, то ўзнікае лагічнае пытанне: а ці нельга падрыхтаваца да свята без посту? А можа ён увогуле не патрэбны?
Гэтае пытанне змушае да пошуку глыбейшага сэнсу ў тым, што на працягу многіх стагоддзяў перажывае і прапаноўвае Касцёл. Асабліва гэта актуальна падчас Адвэнту, які пад ціскам сучаснай спажывецкай культуры часта ператвараецца ў жыцці некаторых людзей у час знешняй падрыхтоўкі да калядных мерапрыемстваў і застолляў.
Сэнс перажывання Адвэнту раскрывае яго літургія (гл. «Агульныя нормы літургічнага году і календара», 1969 г.; ККК, 1093–1095). Гэты перыяд падзяляецца на дзве няроўныя часткі. Першая (каля 3-х тыдняў) запрашае нас сканцэнтравацца на таямніцы другога прыйсця Езуса Хрыста. Другая частка (з 17-га па 24 снежня) — гэта разважанне пра другое прыйсце Пана на фоне ўспаміну таго, як надыходзіла першае прыйсце — Нараджэнне Божага Сына як Чалавека. Літургія гэтага перыяду заклікае нас перажываць Адвэнт як праверку нашай чуйнасці і гатоўнасці да рэальнага, непазбежнага другога прыйсця Хрыста (гл. Ап 22, 17; Мц 25, 31.32.46). Гэтаму чуванню павінна ўвесь час спадарожнічаць разуменне таго, што Пан можа прыйсці да кожнага з нас у любы момант, каб паклікаць нас да вечнасці (гл. Мц 13, 37; Рым 8, 19–23).
Неабходнасць падрыхтоўкі да сустрэчы са Збавіцелем пабуджае нас не марнаваць шанец на шчаслівую вечнасць, але дзейнічаць, стаць на шлях вызвалення ад грахоўных путаў, якія нам перашкаджаюць (гл. Езд 8, 21; Мц 5, 20). Ад нашай гатоўнасці да сустрэчы з Божым Сынам залежыць наша збаўленне (гл. Ян 12, 49), а гатоўнасць заключаецца ў супрацоўніцтве з Божаю ласкаю і высілкамі (аскетычнымі практыкамі) дзеля ўтаймавання грахоўных схільнасцяў і развіцця жыцця ў цнотах. На вяршыні гэтага шляху вызвалення з граху знаходзіцца дасканалае жыццё паводле запаведзі любові да Бога і бліжняга (гл. Mц 23, 22; Гал 6, 2).
Як жа моцна адрозніваецца Адвэнт хрысціянскі і спажывецка-свецкі! Апошні ўцякае ад гаворкі пра Хрыста і Яго няўхільнага прыйсця, бо канец гэтага свету для бязбожнікаў — катастрофа, а для тых, хто пазнаў сапраўднага і бязмежна любячага Бога, прыйсце Езуса — гэта найбольш жаданы і чаканы дзень, калі распачнецца сапраўды шчаслівае і вечнае жыццё. Таму Касцёл называе перыяд Адвэнту з усімі яго малітоўнымі і поснымі практыкамі радасным чаканнем.
Гэта не час канцэнтрацыі на пакутах, смутку ці сузіранні нашай грэшнасці. Гэта час праверкі нашай падрыхтаванасці да сустрэчы з любячым Айцом, які спяшаецца насустрач сваім дзецям, каб іх выратаваць.
Тыя, хто сапраўды разумее значэнне Адвэнту, зусім інакш успрымаюць вывешаны на дзвярах дома ці ў касцёле ўпрыгожаны яловы вяночак — знак неўвядальнай чуйнасці і гатоўнасці да радаснага спаткання з Панам. Зусім інакш перажываецца Раратняя святая Імша, калі з трымценнем трымаеш у руках палаючую свечку ці ліхтарык як сімвал палаючага ў душы вогнішча любові і прагнення неба, молячыся разам з Марыяй. Зусім інакш выглядае кожны дзень адвэнтавай падрыхтоўкі, сімвалы ялінкі, аплатка і святкавання Божага Нараджэння, бо кожны напамін пра першае прыйсце Пана нагадвае, што Ён зноў прыйдзе неспадзявана: для адных — як радасны адказ на іх малітву надзеі, для іншых — як знак трывогі і непазбежнасці пакарання.
Як жа жалосна на фоне глыбокага, сапраўднага хрысціянскага разумення Адвэнту выглядаюць асобы, якія перажываюць гэты перыяд у пагоні за цацкамі і прадуктамі для застолля, чуваючы толькі ў чэргах гандлёвых цэнтраў! Як жа прымітыўна выглядае свецкая карыкатура на рэальнага і магутнага Божага заступніка святога Мікалая, замест якога людзей кормяць бяздушнай, наіўнай ілюзіяй нерэальнай выдумкі — Санта-Клаўса ці Дзеда Мароза!
Нездарма нашыя пабожныя і мудрыя продкі казалі, што які Адвэнт, такое і Божае Нараджэнне, бо калі рыхтуемся да таго, чаго няма, то і святкуем тое, чаго няма, а калі рыхтуемся да спаткання з Панам, то адпаведна перажывем асаблівую сустрэчу з Ім у Дзень Яго Нараджэння. Шчаслівы той хрысціянін, які захаваў свабоду ад спажывецкасці і ілюзій. Захоўваючы ў душы нязгаснае полымя сапраўднай веры, ён спяшаецца ў адвэнтавыя дні з запаленым светачам стаць перад Панам у касцёле і на Раратах заспяваць песню чування і радасці, чакаючы надыходу Збавіцеля (гл. Mц 7, 17–20).
У чаканні, поўным незямной радасці, няма месца смутку, але ёсць месца на пост вызвалення (гл. Кодэкс кананічнага права, кан. 1249–1251), бо гэта час благаслаўлёнага ўмацавання ў чуйнасці і малітве, час новага адкрыцця радасці жыцця з Богам, які выходзіць насустрач сваім дзецям (Mк 9, 28–29; Mц 6, 16–18; Ам 8, 11).
Перажыванне адвэнтавай радасці не мае нічога супольнага са свецкай весялосцю.
Гэта глыбокая духоўная радасць ад таго, што ты становішся ўсё больш вольным, чуйным і адпаведна падрыхтаваным да рэальнага і чаканага другога Прыйсця тваёй бязмежнай Любові, якой раней не ведаў, але цяпер усё больш Яе спазнаеш, адчуваеш, перажываеш і чакаеш (Іс 58, 3–10; Мал 3, 19–20; Флп 4, 13; Кал 1, 24). І ты ведаеш, што гэтая вечная Любоў мае канкрэтнае Імя і калісьці дзеля цябе Яна стала Чалавекам, і завуць Яе Езус. Гэта твой Бог і твой Брат. Ты хочаш як найлепей перажыць разам з Ім Дзень Яго Нараджэння, каб яшчэ больш пазнаць Яго. І хочаш як найлепей перажываць Адвэнт свайго існавання, каб падрыхтавацца да найважнейшага спаткання ва ўсім тваім жыцці: сустрэцца і быць разам з Ім цэлую вечнасць, бо для гэтага і ты, і кожны чалавек быў створаны.
Ксёндз Андрэй Рылка