Пасхальны трыдуум: пра што нельга забываць у падрыхтоўцы да Пасхі?

Чым больш важная падзея адбываецца ў жыцці чалавека, тым больш яна напоўнена важнымі словамі, жэстамі, сімваламі. Гэта і народзіны дзіцяці — пачатак жыццёвай дарогі ў гэтым свеце; і шлюб як нараджэнне новай сям’і; і пахаванне як час развітання з асобаю, якая назаўсёды пакідае гэты свет; і шматлікія іншыя менш ці больш знакавыя моманты. Чым больш важная падзея, тым больш важным становіцца кожнае прамоўленае слова і кожны жэст. У жыцці хрысціяніна такой найбольш важнай падзеяй з’яўляецца штогадовае трохдзённае духоўнае пагружэнне ў таямніцу Хрыстовай Пасхі: ад Вялікага чацвярга да Велікоднай нядзелі. Гэты Святы Трыдуум (ад лац. triduum — «тры дні») раскрывае сэнс усяго нашага існавання і сэнс нашай веры, таму надзвычай важным становіцца разуменне словаў, абрадаў і сімвалаў гэтых трох дзён.


Пра Святы Трыдуум расказвае ксёндз Андрэй Рылка — рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі, магістр тэалогіі і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

Святкаванне Пасхі многія людзі часта асацыююць толькі з адным днём: нядзеляй Вялікадня, а на справе хрысціянскае перажыванне Пасхальнай таямніцы распачынаецца ў Вялікі чацвер і ахоплівае тры дні. У гэтыя дні адбываецца малітоўнае асэнсаванне цэнтральных праўдаў нашай веры і жыцця: Мукі, крыжовай смерці і ўваскрасення з мёртвых Збавіцеля свету. Калі гэтыя тры дні настолькі важныя, то на якія сімвалы і абрады неабходна звярнуць найбольшую ўвагу? Паспрабуем назваць гэтыя найважнейшыя моманты.

Вялікі чацвер — гэта дзень, з якога мы ўваходзім у перажыванне Пасхі

І хоць Святы Трыдуум распачынаецца вечарам гэтага дня, варта ўзгадаць адну падзею, якая яму папярэднічае. Звычайна раніцай гэтага дня святары ў кожнай дыяцэзіі (ці рэгіёне) збіраюцца ў катэдральным (або спецыяльна вызначаным) касцёле на св. Імшу Хрызмы. Падчас гэтай св. Імшы чыняцца два важныя знакі, якія становяцца адмысловай падрыхтоўкай да святкавання Пасхі: гэта асвячэнне двух спецыяльных алеяў для справавання святых сакрамэнтаў — алею хрызмы, які выкарыстоўваецца для намашчэння тых, хто прымае сакрамэнты хросту, канфірмацыі і пасвячэння (святарства), а таксама алею хворых, для якіх прадугледжаны асобны сакрамэнт намашчэння. Памазанне асвечаным алеем у біблійнай і, адпаведна, хрысціянскай сімволіцы азначае Божае благаслаўленне, моц, ласку, умацаванне душы і цела (гл. Пс 127, 3; 132, 2). Назва аднаго з алеяў — «хрызма», паходзіць ад слова «Хрыстус». Гаючы алей азначае моц і аздараўленне, якія прыносіць Езус падчас прыняцця сакрамэнту.

Акрамя асвячэння алеяў, якія святары выкарыстоўваюць на працягу года пры справаванні сакрамэнтаў, падчас св. Імшы Хрызма адбываецца яшчэ адзін важны абрад: аднаўленне сабранымі вакол біскупа духоўнымі асобамі святарскай прысягі — абяцанняў, складзеных імі перад Богам і Касцёлам падчас прыняцця сакрамэнту пасвячэння. Адноўленыя абяцанні з’яўляюцца пацвярджэннем непарушнасці, вернасці і з’яднання кожнага святара з Хрыстом, ад імя якога (in persona Christi) кожны з іх здзяйсняе святыя сакрамэнты.

Святы Пасхальны Трыдуум распачынаецца вечарам у Вялікі чацвер са св. Імшы Вячэры Пана. Як паказвае назва, падчас гэтай Літургіі ўзгадваецца Апошняя Вячэра Езуса з Апосталамі, на якой Ён устанавіў два святыя сакрамэнты: святарства (пасвячэння) і Эўхарыстыі. У гэтай св. Імшы ёсць важныя сімвалы. Упершыню пасля працяглага перыяду Вялікага посту гучыць гімн «Хвала на вышынях», падчас якога гучаць не толькі арганы, але ўсе касцёльныя званы. Разам з заканчэннем гімна і арганы, і званы змаўкаюць аж да ночы Хрыстовага Змёртвыхпаўстання, пагружаючы нас у цішыню і засяроджанасць таямніцы Мукі і Смерці Збавіцеля. Вельмі яскравым момантам св. Імшы Вячэры Пана з’яўляецца абрад абмывання ног. Гэты жэст здзейсніў сам Езус, паказваючы вучням на найважнейшы Божы закон: запа ведзь любові да бліжняга, служэнне кожнаму чалавеку з любоўю (гл. Ян 13, 4–17). Узгаданы літургічны жэст — гэта не сцэнка, якую выконвае святар: падчас Літургіі кожны святар здзяйсняе святыя жэсты, увасабляючы самога Хрыста, таму ў часе св. Імшы мы не проста ўспамінаем тое, што чыніў Езус, але становімся сведкамі Яго прысутнасці і дзеяння «тут і цяпер» у асобе святара. Імша Вячэры Пана асабліва нагадвае нам пра гэта, калі перад словамі кансэкрацыі святых дароў Хлеба і Віна святар кажа: «У ноч Апошняй Вячэры, гэта значыць сёння…». Гэта Ён — наш Бог і Збавіцель — тут і цяпер стаіць і прамаўляе да нас, перамяняе хлеб і віно ў сваё Цела і Кроў, праламляе Яго, дае спажываць (гл. Ян 6, 53–56; Мц 26, 26), запрашае чуваць з Ім у гадзіну Мукі (гл. Мц 26, 40; Мк 14, 34. 37).

Яшчэ адной важнай асаблівасцю Імшы Вячэры Пана, як і Літургіі кожнага дня Трыдууму, з’яўляецца адсутнасць (абраду) заканчэння. Усе гэтыя тры дні — гэта адна вялікая літургічная цэлебрацыя Пасхальнай таямніцы: ад распачацця Імшы Вячэры Пана ў Вялікі чацвер і да Пасхальнай працэсіі ў Велікодны світанак, таму Літургія Вялікага чацвярга пераходзіць у Эўхарыстычную адарацыю ў Цямніцы, становіцца малітоўным чуваннем пры Езусе, які моліцца ў Аліўным садзе, перажываючы здраду Юды Іскарыёта, схоплены жаўнерамі, пасаджаны ў цямніцу, зняважаны, прыніжаны і асуджаны на смерць (гл. Мц 26, 45–74; 27, 1–30). Яскравым знакам гэтага апусташэння, прыніжэння і Мукі з’яўляецца поўнае агаленне алтара і пусты табэрнакулюм. Езус — у Цямніцы...

Вялікая пятніца — гэта дзень асаблівага духоўнага пагружэння ў таямніцу Мукі і Смерці Збавіцеля

Звычайна ў другой палове дня або вечарам ціхае малітоўнае чуванне перарастае ў літургічную дзею, якой папярэднічае сумеснае перажыванне Крыжовага шляху. Як жа па-асабліваму ён перажываецца ў той самы дзень, тут і цяпер? Адмысловая Літургія аднаўляецца пасля поўдня ў гадзіны ўкрыжавання, кананння і Смерці Езуса. Вельмі моцны і сімвалічны жэст святароў на самым пачатку: яны кладуцца перад алтаром ніцма ў знак найглыбейшага прыніжэння, пакаяння і перапрашэння Бога за людскія грахі, якія прывялі Божага Сына на крыж. Гэтую таямніцу Мукі Пана падрабязна раскрывае чытанне Евангелля паводле апостала Яна — сведкі падзеі. Не менш моцным знакам з’яўляецца разбудаваная малітва вернікаў, якая ахоплівае ўсе людскія патрэбы і болі, давяраючы іх Божай міласэрнасці. У гэты дзень Хрыстовай Мукі і Смерці няма звычайнай св. Імшы, не цэлебруецца таямніца Эўхарыстыі. Святары разам з усімі вернікамі прымаюць св. Камунію толькі пад постаццю Хлеба — гэта яшчэ адзін выраз надзвычай пакутнага характару гэтага дня. 

Літургія Вялікай пятніцы, як і папярэдняя ў Вялікі чацвер, не мае выразнага заканчэння, але пераходзіць зноў у Эўхарыстычную Адарацыю Хрыста, цяпер ужо закатаванага і пакладзенага ў Грабніцу. У Божым Гробе моцна прамаўляе сімвал вэлюму, якім накрытая Святая Гостыя ў манстранцыі. Гэта сімвал плашчаніцы, у якую было закутанае Цела Божага Сына, пакладзенае ў Грабніцу.

Вялікая субота — дзень глыбокай малітоўнай цішыні, засяроджання і прадчування Змёртвыхпаўстання, якое надыдзе ноччу пасля захаду сонца

Асаблівасць Вялікай суботы ў тым, што на працягу дня няма спецыяльнай Літургіі, а ёсць ціхае малітоўнае чуванне пры Божым Гробе і чаканне ўваскрасення. Таямніца Вялікай суботы нагадвае пра сыходжанне Хрыста ў адхлань, вызваленне памерлых з путаў злога духа, адкрыццё раю. Вельмі важна не зводзіць гэты дзень толькі да прынесенага ў касцёл кошыка з вялікоднымі стравамі на пасвячэнне, але па-сапраўднаму заглыбіцца ў асэнсаванне таго, што адбываецца па другі бок Гробу. Не перажыўшы ў малітве таямніцу Хрыста, пахаванага і сышоўшага ў адхлань смерці, мы не адкрыем паўнаты пасхальнай радасці ўваскрослага Хрыста Збаўцы і адчыненых Ім брамаў раю.

Пасля захаду сонца ў Вялікую суботу распачынаецца Літургія Пасхальнай Вігіліі — святкаванне тямніцы Хрыстовага ўваскрасення. У сувязі з тым, што гэтая цэлебрацыя адлюстроўвае ключавыя для хрысціяніна таямніцы і праўды веры, яна напоўнена шматлікімі і надзвычай важнымі сімваламі і абрадамі. Першы сярод іх — Літургія святла. Змрок позняга вечара і начы сімвалізуе цемру, у якой знаходзілася чалавецтва без Хрыста — Святла свету (гл. Ян 8, 12; Лк 2, 29–32). Сын Божы стаў святлом нашага жыцця. Яго сімвалізуе спецыяльная вялікая пасхальная свечка — пасхал, на якім напісаны сімвалы, што расказваюць нам пра Збавіцеля: крыж (знак Адкуплення), літары «альфа» і «амега» (Езус як пачатак і заканчэнне ўсяго), пяць сімвалічных цвікоў (пяць асноўных ранаў Езуса падчас Яго Мукі і ўкрыжавання), лічбы бягучага года (Езус як Пан часу і вечнасці). Пасхал запальваецца ад спецыяльнага асвечанага агню перад касцёлам, і ад пасхалу вернікі запальваюць свае свечкі ў знак прыняцця Хрыстовага святла ў сваё жыццё. На працягу ўсяго года пасхал — знак прысутнасці ўваскрослага Пана — запальваецца ў касцёле пры цэлебрацыі сакрамэнту хросту, а таксама пры пахаванні памерлых.

Вялікае значэнне ў Літургіі Пасхальнай вігіліі мае чытанне Божага слова. Сем чытанняў — са Старога Запавету, пасля — чытанне з Новага Запавету і Евангелля пра ўваскрасенне дапамагаюць асэнсаваць рэалізацыю Божага плану збаўлення на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва.

Усведамленне вялікага значэння прыняцця Хрыстовага Новага Запавету лагічна адкрывае чарговы этап перажывання Пасхальнай вігіліі — Літургію хросту. У часе гэтай Літургіі святар асвячае хрысцільную ваду, якая выкарыстоўваецца для хросту на працягу года. Калі ёсць кандыдаты, адбываецца хрышчэнне, і заўсёды — абрад аднаўлення хрысцільных абяцанняў для ўсіх вернікаў. У пасхальным кантэксце хрысціяне яшчэ глыбей усведамляюць для сябе значэнне прынятага хросту, які адкрывае для кожнага хрысціяніна брамы Божага Валадарства. 

Кульмінацыйны момант святкавання Пасхі — гэта прыняцце Збавіцеля ў святой Камуніі. Пасля глыбока амоленых таямніцаў Трыдууму па-новаму перажываецца гэтае спатканне з уваскрослым Езусам у Эўхарыстыі. Не менш хвалюючы момант — дзяленне пасхальнай радасцю з іншымі асобамі. Асаблівым выразам такога абвяшчэння Хрыстовага ўваскрасення ўсяму свету з’яўляецца рэзурэкцыйная працэсія вакол касцёла на заканчэнне Літургіі. Часам гэтая працэсія адбываецца на світанні, раніцай. Яна становіцца лагічным завяршэннем усяго, што мы пазналі, адкрылі, сталі сведкамі і ўдзельнікамі. Рэзурэкцыйная працэсія нагадвае пра важную рысу пасхальнасці хрысціянскай веры: дзяліцца радасцю ўваскрасення і Добрай весткай пра Збаўленне з усім светам, з кожным чалавекам. Прыгожым сімвалам гэтага абвяшчэння Пасхі сярод вернікаў становяцца падарункі ў выглядзе маляванага велікоднага яйка — сімвалу новага жыцця. Няхай гэты падарунак будзе добрай нагодаю для таго, каб як мага большай колькасці людзей абвяшчаць Змёртвыхпаўсталага Хрыста, бо Езус памёр, уваскрос і даў шанец на новае жыццё кожнаму, і кожны няхай пра гэта даведаецца.


Ксёндз Андрэй Рылка

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней