«Сінадальны шлях — гэта той шлях, якога Бог чакае ад Касцёла ў трэцім тысячагоддзі».
Папа Францішак
17 кастрычніка 2021 г. ва ўсіх дыяцэзіях свету распачаўся сінадальны працэс — інтэнсіўная падрыхтоўка да скліканай папам Францішкам на восень 2023 г. XVI Звычайнай Асамблеі Сіноду Біскупаў на тэму «У кірунку сінадальнага Касцёла: камунія, удзел і місія». Каб скліканы Пантыфікам Сінод і працэс яго падрыхтоўкі стаў сапраўды плённым для ўсяго Касцёла, неабходна добра разумець, што такое сінадальнасць і ў чым канкрэтна яна павінна праяўляцца ў жыцці сучасных вернікаў.
Піша ксёндз Андрэй Рылка — пробашч парафіі Спаслання Духа Святога ў Пінску, канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі, магістр тэалогіі і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.
Узаемаадказнасць супольнасці вернікаў
Слова «сінод» (грэч. «σύνοδος») перакладаецца як «сумесны шлях», «супольная нарада» (да - слоўна: «ісці разам»). Яно азначае супольнасць у дзеянні, сумесны пошук вырашэння важных справаў. У супольнасці Касцёла ад самага пачатку існуе вельмі жывое ўсведамленне сінадальнасці — адчування ўзаемаадказнасці супольнасці вернікаў. Практычным выразам такой адказнасці стала традыцыя склікаць сіноды і саборы, калі неабходна разабрацца ў важных прынцыпах веры і жыцця хрысціянскай супольнасці як на мясцовым, так і на паўсюдным узроўні. Аднак з цягам стагоддзяў унутры супольнасці вернікаў пачало фарміравацца скажонае разуменне гэтай адказнасці. Па вядомых прычынах адукаванае духавенства брала на сябе ўсё большую адказнасць за жыццё Касцёла, і ўсё менш яе адчувала свецкая частка шараговых вернікаў. Бурныя грамадскія перамены апошніх стагоддзяў паставілі перад Касцёлам новыя выклікі, справіцца з якімі можна, толькі вярнуўшыся да паўсюднай адказанасці вернікаў — і духоўных, і свецкіх — за Касцёл і яго місію ў свеце.
Усведамленне таго, наколькі важна адрадзіць у Каталіцкім Касцёле дух сінадальнасці як рэалізацыі сумеснай адказнасці за супольнасць, знайшло свой выраз у дакументах Другога Ватыканскага Сабору. Яскравым прыкладам таго, якое значэнне Касцёл у наш час надае сінадальнасці, з’яўляецца цытата з саборнай канстытуцыі «Lumen gentium»: «Уся супольнасць вернікаў, якія маюць намашчэнне ад Святога (гл. 1 Ян 2, 20 і 27), не можа памыліцца ў веры і выяўляе сваю адметнасць праз звышпрыроднае пачуццё веры ўсяго народу, калі, «пачынаючы ад біскупаў аж да апошняга са свецкіх вернікаў», яна праяўляе сваю ўсеагульную згоду ў пытаннях веры і звычаяў. Дзякуючы гэтаму пачуццю веры, якое абуджае і падтрымлівае Дух праўды, Божы народ пад кіраўніцтвам святога Настаўніцкага Інстытута Касцёла прымае ўжо не чалавечае, а сапраўды Божае слова (гл. 1 Тэс 2, 13), непахісна трымаецца веры, аднойчы перададзенай святым (гл. Юд 3), глыбей спасцігае яе з дапамогай слушнай ацэнкі і паўней выкарыстоўвае яе ў жыцці. Акрамя таго, сам Дух Святы праз сакрамэнты і паслугі не толькі асвячае, вядзе і аздабляе цнотамі Божы народ, але, «удзяляючы кожнаму паасобку, як жадае» (1 Кар 12, 11), свае дары, размяркоўвае сярод вернікаў кожнага стану асаблівыя ласкі, з дапамогай якіх робіць іх здатнымі і гатовымі здзейсніць розныя справы і абавязкі, карысныя для аднаўлення і далейшага будавання Касцёла паводле сказанага: «Кожнаму даецца праяўленне Духа на карысць» (1 Кар 12, 7)» (Lumen gentium, 12).
Сінадальны Касцёл — гэта Касцёл, які слухае
Яшчэ больш канкрэтным выразам таго, што Касцёл разумее як сінадальнасць, з’яўляецца выказванне папы Францішка ў яго знакамітай прамове да 50-годдзя заснавання Сіноду Біскупаў: «Сінадальны Касцёл — гэта Касцёл, які слухае з усведамленнем, што слухаць значыць больш, чым толькі чуць. Гаворка ідзе пра ўзаемнае слуханне, дзе кожны можа нечаму навучыцца. Верны люд, Калегія Біскупаў, Біскуп Рыма: усе ўзаемна слухаюць адзін аднаго і ўсе слухаюць Духа Святога, «Духа Праўды» (Ян 14,17), каб пачуць тое, што Ён «гаворыць да Касцёлаў» (Ап 2,7). Сінод Біскупаў — гэта той пункт, у якім засяроджваецца працэс слухання, што быў праведзены на кожным узроўні жыцця Касцёла» (Папа Францішак, Discorso del Santo Padre, «Bollettino Sala Stampa della Santa Sede», 17.10.2015).
Неабходнасць сінадальнасці як выразу адказнага падыходу кожнага верніка да жыцця і місіі Касцёла абапіраецца на глыбокае ўсведамленне таго, што каталіцкая супольнасць — гэта кожны, хто прыняў сакрамэнт хросту. Нездаровая тэндэнцыя да т. зв. клерыкалізму навязвае фальшывы вобраз Касцёла, атаясамліваючы яго толькі з духавенствам, а свецкім вернікам пакідае ролю пасіўных знешніх назіральнікаў, а на самай справе Касцёл — гэта супольнасць тых, хто праз сакрамэнт хросту ўвашоў у сям’ю дзяцей Божых. На моцы хросту кожны вернік мае права на Божыя ласкі, якімі Хрыстус надзяліў Касцёл, але мае і адказнасць за функцыянаванне і выкананне збаўчай місіі Касцёла (гл. Lumen gentium, 5–11). Таму сінадальнасць — гэта не тое самае, што калегіяльнасць біскупаў (іх адзінства ў выкананні настаўніцкай, пастырскай і асвячальнай місіі). Сінадальнасць — гэта таксама не дэмакратыя (улада меркавання калектыўнай большасці). Сінадальнасць — гэта супольнае слуханне і распазнаванне Божай волі, дзеяння Духа Святога, які навучае, як выконваць хрысціянскую місію тут і цяпер (гл. Vademecum сінадальнага працэсу, Рым, 07.09.2021 г.).
Касцёл, навучаючы вуснамі Сабору і Папы, звяртае ўвагу на каштоўнасць, з аднаго боку, наяўнага ў супольнасці вернікаў «звышпрыроднага пачуцця веры» (sensus fidei), а з другога — умення слухаць адзін аднаго, каб распазнаваць дзеянне Духа Святога. Распазнанне гэтага дзеяння знаходзіць свой выраз у канкрэтных этапах і ўзроўнях працэсу сінадальнага слухання Бога і кожнага верніка (гл. Lumen gentium, 48–49).

Сёлетні сінадальны працэс распачаўся ў Ватыкане 9 кастрычніка, даўшы агульны старт з 17 кастрычніка дыяцэзіяльным працэсам супольнага слухання «sensus fidei», таго, чым жыве і што адчувае Божы люд у самых розных кутках свету. Гэты першы — дыяцэзіяльны — этап сінадальнага працэсу будзе працягвацца з кастрычніка 2021 г. па красавік 2022 г. Да канца лета будуць збірацца плады ўсяго таго, чым жадаюць падзяліцца мясцовыя супольнасці вернікаў з больш шырокім форумам Касцёла на кантынентальным узроўні. На гэтым узроўні плануецца сінадальнае дзяленне досведам восенню 2022 года. Завяршэннем усяго працэсу стане апошні — найвышэшы — узровень перажывання сінадальнага сумеснага слухання Бога і Яго Касцёла ў кастрычніку 2023 г.: падвядзенне вынікаў на Сінодзе Біскупаў у Рыме і выданне выніковага дакумента Апостальскай Сталіцай. Голас Святога Айца стане такім чынам выразам сведчання веры ўсяго Касцёла (гл. І Ватыканскі Сабор, Pastor Aeternus, 4).
Сінадальнасць, нягледзячы на сваю шматграннасць, звычайна мае тры праяўленні ў жыцці Касцёла.
Па-першае, яна праяўляецца ў стылі ўзаемнага слухання і дзеяння Касцёла як супольнасці. Па-другое, яна праяўляецца ў структурах і працэсах, якія будуюцца на розных узроўнях: у рэгіёнах, на кантынентах і, ўрэшце, на ўзроўні Паўсюднага Касцёла. Па-трэцяе, сінадаль насць праяўляецца ў непасрэдным скліканні і правядзенні сінадальнага працэсу кампетэнтнай касцёльнай уладай паводле адпаведнай працэдуры.
Усе ўзгаданыя праяўленні і ўзроўні сінадальнасці Касцёла інтэгруюцца ў адно цэлае, каб адкрыць Божую волю і дзеянне Духа Святога, зыходзячы з дзвюх перспектываў. Першая перспектыва — гэта сузіранне ўнутранага жыцця самой супольнасці Касцёла, разгляд сучасных выклікаў і заданняў, якія стаяць перад ёю. Другая перспектыва сінадальнасці — гэта сумесны погляд на свет па-за Касцёлам і пошук шляхоў дыялогу і рэалізацыі хрысціянскай місіі сярод тых грамадстваў, у якіх жывуць сучасныя хрысціяне (гл. Ян Павел ІІ, Ut unum sint, 94-95).
Папа Францішак навучае, што «сінадальны шлях — гэта той шлях, якога Бог чакае ад Касцёла ў трэцім тысячагоддзі». Ідучы за заклікам Святога Айца, важна, каб кожны вернік, кожны ахрышчаны адчуў сваю асабістую адказнасць за лёс Хрыстовага Касцёла і яго збаўчай місіі ў свеце. Адкрыццё практычных шляхоў рэалізацыі гэтай адказанасці на кожным узроўні жыцця і працы — гэта і ёсць той сінадальны шлях, які мы павінны нанава адкрыць. Гэта перспектыва, у якой кожны можа і павінен адкрыць сваё па чэснае месца ў вялікай і прыгожай гісторыі збаўлення свету (гл. Мк 16,15).
Ксёндз Андрэй Рылка