«Дні рэкалекцый. Засяроджанне, каб пазнаць Бога, пазнаць сябе і такім чынам рухацца наперад.
Час, неабходны для таго, каб адкрыць, у чым і як трэба выправіцца. Што рабіць? Чаго пазбягаць?».

Св. Хасэмарыя Эскрыва, «Баразна», 177.

Кажуць, што рэкалекцыі — гэта асаблівы час ласкі. У чым гэта праяўляецца? Як правільна перажываць рэкалекцыі?


Піша ксёндз Андрэй Рылка — пробашч парафіі Спаслання Духа Святога ў Пінску, канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі, магістр тэалогіі і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

 

Рэкалекцыі — гэта духоўныя практыкаванні, мэтай якіх з’яўляецца вяртанне чалавека да сапраўднай нармальнасці, аздараўлення ўсіх узроўняў жыцця, выпраўлення адносінаў з Богам і людзьмі (гл. Пій ХІ, «Mens nostra»). У штодзённасці мы звычайна робім вельмі шмат памылковага выбару і рашэнняў, з-за якіх усе сферы нашага жыцця, душы і цела, разбалансоўваюцца. Гэта прыводзіць да пустой траты жыццёвай энергіі, абяссільвання, страты жыццёвых арыенціраў. Знешне яно праяў­ляецца ў апатыі, абыякавасці, хістаннях паміж нервовай мітуснёй і нежаданнем дзейнічаць.

У выніку паглыбляецца схільнасць да гультайства, адсутнічаюць матывацыя і сілы, падыход да штодзённых заданняў становіцца ўсё больш павярхоўным, губляецца разуменне сэнсу і нават няма жадання яго шукаць. Каб не даводзіць сваё жыццё да поўнага краху і не карміцца ілюзорнымі «паляпшальнікамі» жыцця, неабходна рэгулярна праходзіць своесаблівы «духоўны медагляд» свайго жыцця (або «тэхагляд», калі такое параўнанне камусьці больш зразумелае), спалучаны з інтэнсіўным лячэннем (ці «рамонтам»). Гэта і ёсць рэкалекцыі (гл. ККК, 1787).

Разумеючы, наколькі важныя і жыццёва неабходныя рэкалекцыі для нармальнага функцыянавання асобы, першае, што неабходна для сябе вырашыць — гэта пастанавіць, каб з рэгулярнасцю як мінімум раз на год паўдзельнічаць у такіх духоўных практыкаваннях. Гэта дапаможа пазбегнуць сур’ёзных паломак і траўмаў, а таксама своечасова вылечыць розныя «пашкоджанні».

У рэкалекцыях, як у кожнай важнай справе, неабходна выразна для сябе акрэсліць тры фактары: мэту (чаго я хачу дасягнуць праз удзел у гэтых практыкаваннях?); прычыну (чаму я хачу ўдзельнічаць у гэтых практыкаваннях?); сродкі (што мне дапаможа ў гэтых практыкаваннях?). Кожныя рэкалекцыі прапаноўваюць адказ на гэтыя ключавыя пытанні, але гэтыя адказы могуць адрознівацца ад тых, што мы чакаем і шукаем перад уваходам у духоўныя практыкаванні. Розніца паміж нашымі ўяўленнямі і рэальнасцю можа быць вельмі вялікая, таму важна на самым пачатку рэкалекцый паставіць тое, што будзе адбывацца, вышэй за свае першапачатковыя чаканні, жаданні, уяўленні і ўстаноўкі. Неабходна настроіцца на прыняцце той рэальнасці, якую будзе адкрываць Бог на рэкалекцыях (гл. ККК, 1776).

«Як пасцелеш, так і выспішся». Гэтая мудрая народная прыказка важная таксама ў падрыхтоўцы да рэкалекцый. Эфектыўнасць іх перажывання напрамую звязана з тым, наколькі мы гатовыя да іх. Таму, калі мы хочам напоўніцу пагрузіцца ў духоўную праграму гэтых практыкаванняў і атрымаць максімальныя плады, якія рэальна палепшаць нашае жыццё, трэба сябе падрыхтаваць.

Першае, што неабходна зрабіць, гэта вызначыць час на рэкалекцыі. Калі, напрыклад, у парафіі аб’яўленая канкрэтная дата духоўных практыкаванняў, яе трэба запісаць сабе ў каляндар і нічога не планаваць на гэтыя дні, а таксама на некалькі дзён перад і пасля рэкалекцый. Калі няма часу, мала што атрымаецца. Бываюць такія выпадкі, калі няма магчымасці прызначыць для духоўных практыкаў цэлыя дні, але тады трэба выдзеліць хаця б канкрэтныя гадзіны: гэта можа быць вечар ад і да канкрэтнай гадзіны, прысвечаны ўдзелу ў рэкалекцыях.

Падрыхтоўка да рэкалекцый — гэта таксама стварэнне ўмоваў, каб ніхто і нішто не перашкаджала пагрузіцца ў духоўную працу і інтэнсіўны дыялог з Богам. Таму варта адключыць або звесці да мінімума ўсе сродкі камунікацыі з іншымі людзьмі (папярэдзіўшы родных і важных асобаў аб гэтым). Трэба адкласці ўсе справы. Часам для гэтага трэба добра напрацавацца загадзя, каб не мітусіцца ў апошнюю хвіліну, а тым больш не зрывацца ў працэ­се практыкаванняў.

У непасрэднай падрыхтоўцы да рэкалекцый вельмі важную ролю адыгрывае духоўны настрой (настаўленне). У першую чаргу, варта, прынамсі за некалькі тыдняў да практыкаванняў, пачаць маліцца ў інтэнцыі ўдзелу ў іх і добрага перажывання, каб ніякія моцы зла не перашко­дзілі. Каб адразу добра ўвайсці ў рэкалекцыі, варта за некалькі дзён да іх пачатку звярнуцца ў малітве і думках да папярэдніх практыкаванняў: узгадаць, што там перажылося, якія былі пастановы, на колькі ўдалося іх выканаць. Ідэальна, калі засталіся нататкі з мінулых рэкалекцый, якія дапамогуць вярнуцца да ўсяго адкрытага і перажытага (гл. ККК, 2559–2560).

Пачынаючы духоўныя практыкаванні, важна ў малітве вельмі выразна акрэсліць для сябе, хто і што найважнейшае на рэкалекцыях. У цэнтры ўвагі неабходна паставіць слуханне Пана Бога (гл. Рым 12, 12). Гэта Ён Той, Хто ўсё ведае, можа і хоча дапамагчы. Таму ўсе намаганні скіроўваем на тое, каб увайсці з Ім у дыялог, пры якім я кажу мала, але вельмі многа слухаю, разважаю і раблю высновы. Каб усё гэта атрымалася, вельмі важнай умовай добрых рэкалекцый з’яўляецца ўменне суцішыцца, сканцэнтравацца на ўнутраным духоўным слуханні Бога (гл. Дрг 6, 4–7). Яно заключаецца ва ўменні слухаць Пана паміж радкоў таго, што адбываецца вакол нас і ўнутры нас (у думках, пачуццях, рэакцыях, жаданнях, спатканнях). Таму важна перад пачаткам рэкалекцый падрыхтаваць для сябе ўмовы, пры якіх нішто не будзе перашкаджаць максімальна суцішыцца і сканцэнтравацца на слуханні.

Стрыжань рэкалекцый — гэта сустрэча з Богам у слове, малітве і святых сакрамэнтах. Таму ў духоўных практыкаваннях мы максімальна карыстаемся Святым Пісаннем, каб з дапамогай святара ўвайсці ў глыбіню дыялогу са словам Божым, у якім Слова пачне нас чытаць і адкрываць нам праўду (гл. ККК, 2653–2654). Вяршыня малітвы на рэкалекцыях — гэта пагружэнне ў жывую прысутнасць Хрыста «тут і цяпер» падчас Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Як і кожная малітва, яна мае фармат дыялогу. Спачатку мы расказваем Езусу, што ўжо адкрылі і як гэта разумеем, а пасля слухаем дзеянне Духа Святога ў сваёй душы. Ён паказвае, што ў нашым бачанні сапраўднае, а што нерэальнае і фальшывае, і адкрывае перспектывы далейшага шляху (гл. ККК, 2002).

Адным з важных пладоў рэкалекцый можа быць адкрыццё дагэтуль неспазнанай глыбіні набажэнстваў. Шматвяковы досвед Касцёла падказвае, што вельмі добрай дапамогай у паглыбленні жывога дыялогу з Богам з’яўляецца медытацыя Хрыстовых таямніцаў разам з Марыяй у святым Ружанцы, а таксама разважанне Крыжовага шляху Езуса (Мц 16, 24; ККК, 2029). Гэтыя, а таксама іншыя набажэнствы ўводзяць нас у глыбіню сузірання свайго жыцця праз прызму адносінаў і перажыванняў Хрыста, Марыі і святых.

Ніякая малітва не зраўняецца з велізарным акіянам Божай ласкі, які сплывае на чалавека праз удзел у святых сакрамэнтах (гл. ККК, 1129). На рэкалекцыях нам даецца магчымасць нанова адкрыць і перажыць спатканне з Езусам, асабліва ў сакрамэнтах пакаяння (споведзі) і Эўхарыстыі. Надзвычай важна ў часе духоўных практыкаванняў падрыхтавацца і перажыць рэкалекцыйную споведзь. Гэты асаблівы час дае нам магчымасць глыбей зазірнуць у таямніцу сваёй душы, прааналізаваць сваё жыццё, заўважыць праблемы, ад якіх мы звычайна ўцякаем, адкрыць у сабе Божыя дары і даверыць усё гэта дзеянню Божай ласкі і міласэрнасці.

Добра перажываныя рэкалекцыі адкрываюць так шмат усяго, што сам чалавек не здольны гэта агарнуць і асэнсаваць, таму варта прасіць святара аб духоўнай размове, каб з яго дапамогай без памылак разабрацца ва ўсім, што Бог адкрывае і да чаго заклікае (гл. ККК, 2686). На добра перажываных рэкалекцыях мы адкрываем так многа ўсяго надзвычай важнага, што немагчыма ўсё запомніць і было б вялікай шкодай гэта згубіць. Таму варта на духоўныя практыкаванні прыходзіць з нататнікам, каб запісваць усе ўзрушэнні і думкі, якія Дух Святы дае нам пазнаць. Акрамя таго, варта карыстацца магчымасцю захаваць аўдыёзапіс канферэнцый і разважанняў з рэкалекцый, каб пасля вяртацца да абвешчанага нам слова і нашага ўласнага перажывання сустрэчы з ім.

Добрае завяршэнне рэкалекцый — гэта рэальныя, канкрэтныя і цвёрдыя пастановы. Перамена жыцця адбываецца не тады, калі мы шмат ведаем, але тады, калі мы дзейнічаем. Таму варта зра­біць вельмі канкрэтныя высновы на сёння і на будучыню, зыхо­дзячы з таго, што мы адкрылі, перажылі, абмеркавалі з Богам на малітве і са святаром у асабістай размове. Дарога да рэальнага шчасця — гэта не заявы пра вялікія скокі да аблокаў, але малыя, канкрэтныя і цвёрдыя крокі «тут і цяпер» па зямлі. Шчасце нельга адкладваць: тое, што можаш зрабіць сёння, не адкладвай на заўтра. Таму рэкалекцыйныя пастановы варта абмеркаваць са святаром, запісаць у сваім духоўным рэкалекцыйным нататніку і вызначыць канкрэтныя крокі на бліжэйшыя будні. Тады плады кожных духоўных практыкаванняў будуць вельмі выразныя і надзвычай эфектыўныя, а адносіны з Богам, мудрасць і моц, якія выплываюць з гэтых адносінаў, будуць настолькі глыбокімі, што хопіць усяго гэтага не толькі нам, але і іншым людзям, якіх Езус будзе ставіць на нашым шляху, каб і іх прывесці да багатага стала духоўнай гасціны, з якой мы шчодра спажываем (гл. ККК, 2548, 2550).


Ксёндз Андрэй Рылка

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней