Чаму Бог дае нам Анёлаў Ахоўнікаў?

Здаецца, няма чалавека, які не чуў бы пра анёлаў, асабліва пра Анёлаў Ахоўнікаў. У віры самых разнастайных і неверагодных уяўленняў пра гэтыя істоты можна лёгка згубіцца: што праўда, а што выдумка? Хто яны на самай справе? І якое дачыненне да нас, людзей, яны маюць?


Што значыць: анёл?

Праўдзівую інфармацыю пра анёлаў мы чэрпаем са Святога Пісання, Традыцыі Касцёла, а таксама са шматвяковага досведу, тэалагічных рэфлексій і практыкі. Класічнае тлумачэнне біблійнага паняцця «анёл» (габр. «пасланец», «вястун») падаў у V ст. св. Аўгустын: «„Анёл“ азначае функцыю, а не прыроду. Пытаеш, як называецца яго прырода? Дух. Пытаешся пра функцыю? Анёл. Паводле таго, кім ён з’яўляецца, ён — дух, а паводле таго, што робіць, — анёл” («Тлумачэнне псальмаў», 103, 1, 15). Падсумоўваючы вучэнне Касцёла пра анёлаў, ведаем, што яны Божыя стварэнні, чыстыя духі, разумныя, вольныя, несмяротныя.

Як анёлы дзейнічаюць сярод людзей?

У нейкім сэнсе натуральна, што нас, людзей, перадусім хвалюе не тэарэтычнае пытанне пра анёлаў (хто яны, якія, чаму, адкуль?), але практычнае: якая нам карысць з таго, што яны ёсць? Яны сябры ці ворагі? Калі дапамагаюць, то як і на колькі эфектыўна?

Святое Пісанне падае нам вельмі яскравыя прыклады таго, як анёлы дзейнічаюць сярод людзей. У Новым Запавеце яны паказаны ў першую чаргу як вестуны Божай волі, Божага Плану збаўлення чалавецтва. Арханёл Габрыэль дабравесціць Марыі, што Яна выбраная, каб стаць Маці Божага Сына (Лк 1, 26–38). Анёл абвяшчае бясплоднай пажылой пары Захарыі і Альжбеты, што яны народзяць сына — Яна Прадвесніка (Лк 1, 11–25). Анёл абвясціў пастухам пра нараджэнне Збавіцеля ў Бэтлеемскай стайні (Лк 2, 8–16).

Акрамя аб’яўлення Божай волі, анёлы прыходзяць да людзей для таго, каб нешта ім растлумачыць, дапамагчы ўсвядоміць, адкрыць неспасцігальнае для звычайнага чалавечага розуму.  Анёлы абвясцілі жанчынам пра уваскрасенне Хрыста (Лк 24, 1–11). Анёлы нагадалі вучням на гары Унебаўшэсця, што Езус вернецца на гэты свет (Дз 1, 10–11). Анёл тлумачыў св. Яну значэнне і сэнс адкрытых яму апакаліптычных візіяў.

Анёлы, пасланыя Богам, могуць браць пад апеку і весці вялікую грамаду людзей. Прыкладам з’яўляецца анёл, які вёў ізраэльскі народ з няволі і бараніў яго ад ворагаў (Зых 14, 19-20; Лічб 20, 16). Паводле біблійных прыкладаў апекі анёлаў над выбраным народам  і містычных візіяў шматлікіх святых, можна казаць, што цэлыя народы і супольнасці людзей маюць свайго Анёла Апекуна.

Ці ў кожнага чалавека ёсць Анёл Ахоўнік?

У Святым Пісанні ўсвядомленая праўда пра тое, што Анёлы Апекуны дадзены кожнаму чалавеку. Найбольш аўтарытэтнае выказванне ў гэтым сэнсе належыць Езусу Хрысту, які выразна кажа, што кожны з нас мае свайго анёла-апекуна: «Анёлы іх (г.зн. кожнага чалавека) углядаюцца заўсёды ў аблічча Айца Майго, які ёсць у небе» (Мц 18, 10). З Бібліі вынікае, што кожны чалавек ад самага пачатку і да канца свайго жыцця мае свайго асабістага Анёла Апекуна (Лк 16, 22), каб дапамагчы чалавеку не загінуць, але дасягнуць вечнага жыцця збаўленых у небе (пар. Пс, 91; Бар 6, 6).

Святое Пісанне не спыняецца на агульных выказваннях пра апеку анёлаў, але падае вельмі канкрэтныя факты і прыклады пра тое, як яны дзейнічаюць і што робяць. Сярод шматлікіх гісторый варта ўзгадаць, як анёл затрымліваў руку Абрагама, каб той не зрабіў крыўды свайму сыну Ізааку (Быц 22, 10–12). Анёл выратаваў з Садомы сям’ю Лота (Быц 19, 12–16), дапамог Ізааку знайсці сабе адпаведную жонку, засцярог Іллю ад галоднай смерці (1 Вал 19, 4–8), выратаваў юнакоў з вогненнай печы (Дан 3, 49–50; 6, 17–23), ратаваў ад пагібелі Святую Сям’ю, папярэджваючы Юзафа аб планах Ірада, вызваліў з вязніцы Пятра (Дз 12, 5–11). З дапамогаю анёла ўся сям’я Карнэлія прыняла хрысціянства (Дз 10, 1-23), а эфіёпскі дваранін сустрэўся з Філіпам, які навучыў яго веры і ахрысціў (Дз 8, 26–39). Уся Кніга Тобія — гэта падручнік, які расказвае пра апеку анёла над чалавекам на працягу яго жыцця (пар. Тоб 5, 22).

Чаму Анёл Ахоўнік дадзены кожнаму чалавеку?

Часам у людзей узнікаюць думкі пра тое, што хтосьці мае Анёла Ахоўніка, а камусьці ён не дадзены. Але Святое Пісанне вучыць, а Традыцыя і досвед Касцёла пацвярджаюць, што няма людзей, якім Бог не даў бы апекуна. Калі кожны чалавек мае быць збаўлены, але не можа збавіцца без Божай дапамогі, значыць, кожнаму патрэбна ласкі Пана (Эф 2, 8–9). А Божая ласка асабліва і канкрэтна праяўляецца ў паслузе пастаяннага нябачнага апекуна, які ніколі нас не пакідае, заўсёды ратуе, страхуе, бароніць, вучыць, носіць на руках і вядзе да неба (Пс 91, 11–12; Ёв 33, 23–26; Пс 34, Пс 91).

Як распазнаць дзеянне Анёла Ахоўніка?

Як распазнаецца дзеянне ўсяго нябачнага, так і дзейнасць анёлаў мы пазнаем па выніках. Вецер нябачны нашаму воку, але мы пазнаем яго па тым, як ён згінае галіны дрэваў, лашчыць траву, узнімае магутныя ўраганы, нясе аблокі  і разганяе хмары. Так і кожны дух Божы, кожны анёл: нябачны па натуры, але бачны па выніках дзеяння. Часам людзі заўважаюць, як іх затрымала нябачная рука анёла ад фатальнай памылкі, жахлівай трагедыі, неабачлівага руху. Як жа шмат гісторыя ведае прыкладаў таго, як закліканы ў малітве Анёл Ахоўнік дапамог пераадолець безвыхадную сітуацыю, перажыць сустрэчу, якая здавалася немагчымаю, дасягнуць мэты, якая здавалася нерэальнаю. Толькі азіраючыся назад, прасочваючы ланцужок збаўленых падзеяў, мы заўважаем, што ўсё гэта стала магчымым толькі праз умяшальніцтва нябачнай рукі Божага анёла.
Як анёлы размаўляюць з людзьмі?

Святое Пісанне падае нам самыя розныя прыклады таго, як анёлы сустракаюцца і размаўляюць з чалавекам. Анёл можа прыняць выгляд незнаёмага чалавека (Быц  18, 1-15), можа прамовіць праз сон (Мц 2, 13-15). Часам анёл прамаўляе праз геніяльную мудрую думку, якую падказвае нам, або праз моцнае натхненне зрабіць нешта добрае і высакароднае. Калі ён пачынае казаць, мы не заўсёды ўсведамляем, што гэта Божы дух, але пазнаем яго па выніках, па пладах. 

Ці можа Анёл Ахоўнік быць апекуном іншага чалавека?

Клапоцячыся пра сваіх блізкіх, нам часта хочацца папрасіць Анёла Ахоўніка, каб ён дапамог таму, хто нам вельмі дарагі, за каго мы хвалюемся і вельмі хочам дапамагчы. Ці паслухае нас анёл? Ці ёсць сэнс увогуле прасіць яго аб такой паслузе? Ці дае нам Бог такую магчымасць? Знайсці адказ на гэтае пытанне нам дапамагае не толькі Святое Пісанне, але і вельмі яскравыя прыклады з жыцця святых, асабліва гісторыя жыцця вялікага святога ХХ стагоддзя айца Піо з П’етрэльчыны. Гэты святы называў уласнага Анёла Ахоўніка сваім братам. Многія вернікі, натхнёныя блізкімі і цёплымі адносінамі паміж а. Піо і анёламі, прасілі сваіх Анёлаў Апекуноў перадаць гэтаму святому (яшчэ пры яго жыцці) нейкую пільную і канкрэтную просьбу. Пазней яны даведваліся, што анёлы з выключнай дакладнасцю выконвалі гэтае малітоўнае заданне, а айцец Піо з такой жа дакладнасцю адказваў на просьбу.

Анёл можа нешта зрабіць і перадаць іншай асобе, але ён не мае патрэбы станавіцца апекуном для іншага чалавека, бо той іншы мае свайго такога ж моцнага Божага Анёла Ахоўніка. Аднак мы можам папрасіць, каб наш анёл аб нечым нагадаў, нешта перадаў або кудысці прывёў іншага чалавека. Гісторыя жыцця святых ведае прыклады, калі адна асоба праз анёла або абудзіла, або перасцерагла, або перадала іншай нейкае папярэджанне або знак.

Аб чым можна прасіць Анёла Ахоўніка?

Гэтак, як мы просім Бога ў розных патрэбах, так і дадзенага Ім ахоўніка мы можам прасіць у самых розных справах: і духоўных, і матэрыяльных. Св. Ян Віянэй вучыў, што, каб прасіць Анёлаў Апекуноў падтрымаць нас, наша малітва павінна быць сапраўднай і дзейснай. А св. Ян XXIII часта перад спатканнем з рознымі людзьмі маліўся да іх Анёлаў Ахоўнікаў, каб яны дапамаглі знайсці паразуменне з іх падапечнымі. У Традыцыі Касцёла глыбока ўвайшло ў практыку клікаць пры канаючай асобе дапамогі Анёла Ахоўніка і св. Міхала Арханёла, каб паміраючы лягчэй дасягнуў неба.

Гісторыя ведае шмат прыкладаў, калі Анёл Ахоўнік дапамагае ў матэрыяльных справах, фінансах, пошуку працы, вырашэнні транспартных праблемаў і да т.п. Усё можа і нават павінна быць тэмаю нашай шчырай размовы з Анёлам Ахоўнікам.

Святое Пісанне і вялікая спадчына мільёнаў чалавечых гісторый – святых і грэшных — вучыць нас, якой вялікаю падтрымкаю, дапамогаю з’яўляюцца Анёлы Ахоўнікі. Яны не тэорыя і не гісторыя, а рэальныя асобы, якія дзейнічаюць і жадаюць узаемадзейнічаць з тымі, для каго сталі Божым дарам і спадарожнікамі на шляху да неба.


Ксёндз Андрэй Рылка —
рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску,
канцлер Курыі Пінскй дыяцэзіі, магістр тэалогіі і філасофіі,
дактарант філасофскага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.


 

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней