Як нябесныя пасланнікі працуюць для нас

У Святым Пісанні гаворыцца, што ў анёлаў ёсць мноства роляў. Яны і пасланнікі Бога, і святыя воіны, яны назіраюць за людзьмі, яны праслаўляюць і пакланяюцца Богу, яны — Анёлы Ахоўнікі — абараняюць і накіроўваюць людзей ад імя Бога. Біблія кажа нам, што анёлы Божыя прыносяць пасланні, суправаджаюць адзінокіх, апякуюцца людзьмі і нават змагаюцца за Божыя справы.


Анёлы, якіх Бог пасылае пераказаць пасланне, пачынаюць размову словамі: «Не бойцеся». Аднак у большасці анёлы Божыя працуюць маўкліва і не прыцягваюць да сябе ўвагі, калі выконваюць прызначанае Богам заданне. І хоць Божыя пасланнікі працуюць для Яго, Пан Бог таксама даручае анёлам працаваць надзвычайным чынам і ў нашым жыцці. Ёсць шмат цудоўных гісторый пра Анёлаў Ахоўнікаў і заступнікаў, якія дапамагаюць хрысціянам у сучасным свеце. Якім жа чынам анёлы працуюць для нас?

Яны ахоўваюць і абараняюць нас

Анёлы — гэта пасланыя Богам апекуны, якія ахоўваюць нас і змагаюцца за нас. Гэта азначае, што яны працуюць у нашых інтарэсах. Ёсць шмат выпадкаў, калі анёлы абаранялі чыёсьці жыццё. Біблія кажа нам: «Бо анёлам сваім загадае, каб яны ахоўвалі цябе на ўсіх шляхах тваіх» (пар. Пс 91, 11–12). Бог паслаў анёла свайго для абароны Даніэля, і ён закрыў пашчу ільва (пар. Дан 6, 23), анёл ратуе Пятра з вязніцы (Дз 12, 1-17). Бог загадвае сваім верным пасланнікам абараняць нас на шляху нашага жыцця. Такім чынам Бог праз сваіх анёлаў праяўляе сваю чыстую і бескарыслівую любоў.

Яны перадаюць пасланні ад Бога

Слова «анёл» азначае «пасланнік», таму, напэўна, няма нічога дзіўнага ў тым, што шмат разоў у Святым Пісанні Бог выбірае анёлаў, каб перадаць свае пасланні народу. У Бібліі мы чытаем пра анёлаў, якія перадаюць Божую праўду або пасланні, кіруючыся Духам Божым. У шэрагу месцаў у Бібліі анёлы былі прыладамі, якімі карыстаецца Бог, каб пераказаць сваё слова. Некалькі разоў анёлы з’яўляюцца, каб пераказаць важнае паведамленне. Напрыклад, у Новым Запавеце арханёл Габрыэль абвяшчае Захарыі аб нараджэнні Яна Хрысціцеля (Лк 1, 11–20) і Марыі аб зачацці Сына Божага (Лк 1, 28–38); анёлы паведамляюць пастухам аб нараджэнні Пана (Лк 2, 13–15).

Мы часта чытаем пра анёлаў, якія перадаюць словы суцяшэння і заспакаення, але таксама ёсць анёлы, якія прыносяць паведамленні-папярэджанні: анёлы папярэдзілі мудрацоў з Усходу, каб не вярталіся да Ірада (Мц 2, 12–13); анёл аб’яўляе св. Юзафу таямніцу уцелаўлення (Мц 1, 20) і кажа Святой Сям’і ўцякаць у Егіпет (Мц 2, 13). Ёсць моманты, калі анёлы распавядаюць аб пакараннях і нават выконваюць пакаранне (караюць Іліадора за святатацтва ў святыні (2 Мак 3, 7–35); анёл нясе знішчэнне за грэх Давіда, які выказаў недавер Богу (2 Сам 24, 1 Кр 21); анёл атрымлівае загад учыніць правасуддзе над распуснымі старцамі, якія ілжыва сведчылі супраць Зузаны (Дан 13, 55. 59). У Дзеях Апосталаў анёлы выконваюць Божую кару: ёсць апісанне таго, як анёл карае імгненнай смерцю Ірада за яго пыху (Дз 12, 21–23). У Апакаліпсісе св. Яна (Ап 8–11; 14) мы чытаем пра тое, як анёлы выконваюць справядлівыя Божыя загады ў апошнія часы.

Анёлы назіраюць за намі

Біблія кажа нам: «...мы сталі відовішчам для свету, анёлаў і людзей» (1 Кар 4, 9). Паводле Пісання, шмат вачэй звернута на нас. І не толькі людзі глядзяць на нас, але і анёлы. Грэчаскае слова ў гэтым урыўку, перакладзенае як «відовішча», азначае «тэатр», або «грамадскі сход». Анёлы атрымліваюць веды шляхам працяглага назірання за дзейнасцю чалавека. У адрозненне ад людзей, анёлы не павінны вывучаць мінулае, яны адчуваюць, перажываюць яго. Такім чынам, яны ведаюць, як іншыя дзейнічалі і рэагавалі на розныя сітуацыі, і могуць прадказаць з вялікай дакладнасцю, як мы будзем дзейнічаць у падобных абставінах.

Яны падбадзёрваюць і падтрымліваюць нас

Анёлы пасланыя Богам, каб заахвочваць нас і спрабаваць весці нас па шляху, па якім мы павінны ісці. У Дзеях Апосталаў анёлы заахвочваюць першых паслядоўнікаў Езуса пачаць сваё служэнне, вызваляюць Паўла і іншых людзей з вязніцы (Дз 5, 17–25), а таксама садзейнічаюць сустрэчам вернікаў і няверуючых. Мы таксама ведаем, што Бог можа надзяліць анёлаў вялікай сілай. Апостал Павел называе іх «моцныя анёлы» (2 Тэс 1, 7). Сіла аднаго анёла была прадэманстравана ва ўрыўку пра раніцу ўваскрасення. «І вось стаўся вялікі землятрус, бо анёл Пана, які сышоў з неба, падышоў, адсунуў камень і сеў на ім» (Мц 28, 2). У той час як анёлы могуць пераўзыходзіць нас у сіле, важна, каб мы памяталі, што толькі Бог усемагутны. Анёлы моцныя, але ўсёмагутнасць ім не прыпісваецца.

Яны вызваляюць нас

Анёлы актыўна ўдзельнічаюць у жыцці Божага люду, выконваюць пэўныя функцыі, і гэта благаслаўленне, што Бог пасылае іх, каб дзейнічаць у патрэбны і неабходны час. Яны знахо­дзяцца на гэтай Зямлі менавіта цяпер, пасланыя для таго, каб служыць нашым патрэбам, як спадчыннікі збаўлення. Выконваючы гэтую канкрэтную ролю ў нашым жыцці, яны могуць папярэджваць і абараняць нас ад шкоды, перасцерагаць ад злога: анёл Пана загарадзіў дарогу Валааму, каб засцерагчы ад няправільнага ўчынку (Ліч 22). А «пры сканчэнні гэтага свету: пашле Сын Чалавечы анёлаў сваіх, і збяруць яны з Валадарства Яго ўсё, што спакушае, і ўсіх, хто чыніць беззаконне, і ўкінуць іх у вогненную печ» (Мц 13, 41–42).

Яны клапоцяцца пра нас у гадзіну смерці

Прыйдзе час, калі мы накіруемся ў наш нябесны дом і дапамагаць нам будуць анёлы. Яны будуць з намі ў гэтым пераходзе. Гэтая думка належыць самому Хрысту. Апісваючы жабрака Лазара ў Евангеллі ад Лукі, Езус сказаў: «Памёр жабрак і ўзнесены быў анёламі на ўлонне Абрагама» (Лк 16, 22), гаворачы пра неба. Заўважце, што Лазара не проста суправаджалі на неба. Анёлы неслі яго туды. Чаму анёлы займаюцца гэтай паслугаю ў момант нашай смерці? Таму што яны ўпаўнаважаныя Богам, каб клапаціцца пра Яго дзяцей. Хоць мы іх не бачым, наша жыццё праходзіць у атачэнні анёлаў, і яны тут, каб дапамагчы нам у выпадку неабходнасці, у тым ліку ў гадзіну смерці.

Бог любіць нас так моцна, што пасылае сваіх анёлаў ахоўваць, накіроўваць і абараняць нас на розных этапах нашага жыцця. Анёлы ўзносяць нашыя малітвы да трона Бога, умацоўваюць нас у надзеі і даверы, што нашы просьбы будуць выслуханыя. Калі мы молімся, яны лучаць неба і зямлю, з’яўляюцца гарантамі таго, што мы не адзінокія перад Богам у агучванні нашых патрэбаў. Хтосьці трапна заўважыў: маліцца — значыць пазычыць у анёлаў крылы, што нясуць нашы малітвы да Бога. Анёлы запэўніваюць нас: Бог блізка, мы пагружаныя ў Яго прысутнасць, напоўненую любоўю. І, нягледзячы на тое, што мы не можам бачыць анёлаў, яны вакол нас па распараджэнні Бога і працуюць, каб дапамагаць нам у гэтым свеце і ў будучым.


Падрыхтавала Эльвіра Палінеўская
Паводле інтэрнэт-крыніцаў

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней