Што можа заахвоціць сучаснага чалавека ўзяцца за чытанне Бібліі? Напэўна, выпрабаванні, пошукі адказаў на цяжкія пытанні, праз якія хочацца даведацца больш пра Бога і створаны Ім сусвет. Хачу расказаць вам пра тое, што заахвоціла жанчынаў з парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Параф’янава пачаць сваё знаёмства з Божым словам.
Я ўжо з зімы чула ад сястры Нунэ пра біблійныя сустрэчы, якія яна праводзіць для групы жанчынаў з параф’янаўскай парафіі. І кожны раз, калі сястра расказвала пра гэтыя сустрэчы, яна была ўражаная тым, які добры плён яны прыносяць у жыцці кожнай з іх. Я пабывала на адным з біблійных спатканняў, каб падзяліцца сваімі ўражаннямі з вамі, дарагія чытачы.
...Мы пад’ехалі да аднаго з дамоў у в. Сітцы, жыхары якой належаць да параф’янаўскай парафіі. У гэтым доме жанчыны збіраюцца на свае сустрэчы 2 разы на месяц. Сярод удзельніц біблійнага кола — настаўніцы сярэдняй школы, дырэктар дзіцячага садка, работнікі мясцовай фермы, былыя педагогі.
Як расказвае сястра Нунэ Цітаян MSF, якая служыла пры парафіі, дзесьці паўгода назад жанчыны падышлі да яе і сказалі: «Сястра, мы хочам чытаць Біблію». З размовы стала зразумела, што самая галоўная прычына такога жадання — «голад» па Божым слове. Пражыўшы частку свайго рэлігійнага жыцця ў выкананні самых неабходных пабожных практыкаў, жанчыны зразумелі, што вельмі мала ведаюць пра Бога. Сястра лічыць, што «голад» па Божым слове — гэта дзеянне Духа Святога, які шукае чалавека і хоча яму адкрывацца.
— Раней, калі я адмаўляла толькі «Ойча наш...», «Вітай, Марыя...», падчас малітвы я хутка пачынала думаць пра нешта сваё. А цяпер у мяне малітва псальмамі: так у мяне адбываецца размова з Богам, я лепш магу засяродзіцца, — гаворыць ўдзельніца біблійнага кола Ала. — Калі чытаю Псалтыр, падкрэсліваю тыя радкі, якія найбольш кранаюць, а пасля бывае, што і перачытваю іх. Літаральна кожную раніцу я адгортваю Біблію і чытаю 3–4 раздзелы як благаслаўленне на ўвесь дзень. Вось, напрыклад, мне вельмі падабаюцца такія радкі: «Дазволь мне ўжо раніцай пачуць пра Тваю міласэрнасць, бо на Цябе спадзяюся. Пакажы мне шлях, якім я павінен ісці, бо да Цябе я ўзношу сваю душу» (Пс 143, 8).
— Для мяне нашыя сустрэчы — аддушына, я прыходжу сюды і адпачываю душою, выходжу адсюль — і ў мяне напоўненае сэрца, — гаворыць Ганна. — Калі мы толькі пачалі сустракацца, было цяжкавата быць адкрытай і шчырай адна да адной. А цяпер для мяне гэтыя сустрэчы вельмі многа значаць.
Наогул, жанчыны мяне вельмі ўразілі. І найперш — гарачым сведчаннем пра тое, як змянілася іх жыццё калі, яны сталі чытаць Біблію. А між іншым, жанчыны, апроч асноўнай працы, маюць сваю гаспадарку, а з вясны дадаецца яшчэ і агарод. Вольнага часу сапраўды мала...
Вось што кажа Ірына, з якою пагаджаюцца ўсе жанчыны:
— Я з Бібліяй на кухні, я з ёю і ў спальні. Яна мне дапамагае змагацца з пастаяннай жыццёвай мітуснёй.
Памятаеце, як напісана ў псальме: «Так, чалавек мінае, як цень, дарма ён мітусіцца, збірае і не ведае, каму дастанецца гэта» (Пс 39, 7). Мне вельмі падабаюцца гэтыя словы, я заўсёды да іх вяртаюся. Адчуўшы Божы супакой, я зусім па-іншаму пачала разумець сваё жыццё, ува мне з’явілася шмат аптымізму. Цяпер я спадзяюся толькі на волю Бога, давяраю Яму.
Сапраўды, у людзей заўсёды знойдзецца праца ў любы час, і, як самі жанчыны заўважаюць, асноўная праблема для іх — жыццёвая мітусня, бо яны спяшаюцца перарабіць усе справы, усё дагледзець, усюды паспець, бо цяжка нават параўнаць вясковае жыццё з гарадскім, бо на вёсцы і насамрэч усё залежыць ад тваёй амаль штодзённай працы.
— Не жывучы з вамі, я не ведала вашага жыцця, — кажа сястра Нунэ. — А цяпер бачу: з працы прыйшлі — і пайшлі зноў працаваць па гаспадарцы. Я вельмі разумею гэтую мітусню. Сімвалам гэтай жыццёвай спешкі, неспакою з’яўляецца вобраз на карціне, якую я аднойчы ўбачыла, — гэта сатана, які ляціць на кані і падганяе: хутчэй-хутчэй, каб ты дапусціла памылку. Але ўнутры вас павінен быць стрыжань — супакой Божы, Божы парадак. Не будзе гэтага стрыжня — збочыце, як цягнік з рэек. Праца працаю, але хто дае зямлю, хто дае дождж і сонца, каб быў ураджай? Ён, Пан Бог! Трэба ўмець не запрацавацца да смерці, а супрацоўнічаць з Богам.
З самага пачатку, зімою, як пачаліся біблійныя сустрэчы, сястра Нунэ задавала хатнія заданні: чытаць, напрыклад, па адным псальме ў дзень і засвоіць самую важную думку — гэта слова, якое дае нам Бог сёння, каб запаліць ім сваё сэрца і жыць ім. А цяпер жанчыны ўжо самі не могуць адарвацца ад Бібліі: чытаюць, выпісваюць некаторыя вершы, нешта падкрэсліваюць, часам нават некалькі разоў вяртаюцца да адных і тых жа вершаў, бо яны ўсё глыбей раскрываюцца ў іх сэрцах і жыцці.
На нашым спатканні я ўбачыла ў некаторых жанчын нейкія намаляваныя табліцы. Аказалася, што ў іх было не проста заданне чытаць кнігу Дзеяў Апосталаў, а параўноўваць жыццё сучасных хрысціянаў з жыццём тагачасных, выпісваючы вершы з Бібліі.
— Дзеі Апосталаў чыталіся спачатку хутка, як цікавы раман. А потым я вярнулася ў пачатак і стала ўжо чытаць разважліва, задумваючыся над жыццём першых хрысцяінаў. Параўноўваючы з нашай сучаснасцю, думаю, цяпер не пайшоў бы ніхто так, як пайшлі Апосталы, распавядаць пра Хрыста, прынамсі я, напэўна, так бы не змагла, як яны, — кажа Ірына, а другая жанчына, таксама Ірына, дадае:
— Якая ж была згуртаванасць у тыя часы паміж хрысціянамі, і як жа яе не хапае сёння!.. Тады людзі пачыналі верыць у Хрыста адразу па 5 тысяч чалавек, а ў нас, напэўна, калі хаця б адзін навернецца — ужо добра. Цяпер я больш малюся да Духа Святога, бо раней я і не разумела, што ад Яго можа быць дапамога чалавеку, а цяпер прашу ў Яго мудрасці Божай, якая сапраўды вельмі патрэбная кожнаму.
Жанчыны на сустрэчы вельмі шчыра гаварылі і пра малітву, і пра любімыя ўрыўкі з Бібліі, і пра тое, як змянілася іх стаўленне да святой Імшы.
— Цяпер, калі я прыходжу ў касцёл, то зусім па-іншаму ўсё ўспрымаю, разумею, чытаецца з амбоны Стары Запавет ці Новы. Цяпер мне вельмі хочацца чытаць Біблію, а раней яна дзесьці пылілася. Хай мне ўжо моцна спаць хочацца, але хоць 1-2 вершы Святога Пісання я прачытаю.
На сустрэчы сястра Нунэ дае ўжо новую тэму для жанчын — гэта малітва-медытацыя Божым словам па методыцы святога Ігнацыя Лаёлы. Вядома, жанчынам прапануецца спрошчаная версія гэтай методыкі, але галоўныя прынцыпы — цішыня, вызначаны адрэзак часу, сістэматычнасць — абавязковыя.
— Каб вы не згубілі ўсяго гэтага цудоўнага досведу знаёмства з Божым словам, важна яго чытаць сістэматычна. Ніхто не кажа чытаць шмат, бо важная якасць, а не колькасць, важнае разуменне, асэнсаванне прачытанага, пачутага, неабходна засвоіць і рэалізоўваць у жыцці біблейскую праўду. Важна чытаць Пісанне нейкі вызначаны адрэзак часу: спачатку гэта можа быць 15–20 хвілін, потым ужо болей. Але важна, каб на малітве быць з Бібліяй менавіта столькі часу, колькі вы сабе далі. Не дапускайце, каб вецер штодзённай мітусні адцягваў і адводзіў вас ад Божага слова. Прачытвайце сваё жыццё ў святле Святога Пісання. Дазвольце слову Божаму прынесці парадак у вашае штодзённае жыццё. Падкрэслівайце важныя для вас вершы, выпісвайце, што вы хочаце захаваць у сваім сэрцы. Божае слова жывое, і кожны раз яно па-рознаму адкрываецца, таму заклікаю вас: не перарывайце гэтага досведу, засяроджвайцеся над Божым словам кожны дзень.
У канцы сустрэчы я не магла не радавацца, што стала сведкаю таго, як Бог адкрываецца ў сваім слове ўсім, хто гэтага прагне. А што трэба зрабіць? Усяго толькі звярнуцца ў парафію да святароў або сясцёр і папрасіць аб такіх сустрэчах, як зрабілі гэта параф’янаўскія жанчыны. Я сама ведаю, як можа мяняцца жыццё, калі пачынаеш пазнаваць Бога праз Яго слова, таму радуюся за дарослых хрысціянаў, якія не мелі ў свой час моладзевых спатканняў, пілігрымак, хрысціянскіх летнікаў, як і не мелі дома Святога Пісання, а цяпер не проста маюць, але і глыбей яго пазнаюць.
Вольга Качалка
Фота: Вераніка Скрабатун