Казанне ў гонар Найсвяцейшай Дзевы Марыі святога Бэрнарда
Ты пачула, Дзева, што зачнеш і народзіш Сына. Ты пачула, што гэта здзейсніцца не праз чалавека, але праз Духа Святога. Анёл чакае адказу, бо настаў час яму вярнуцца да Бога, які паслаў яго. О Пані, слова літасці чакаем і мы, няшчасныя і прыгнечаныя прысудам.
Вось Табе прапаноўваецца цана адкуплення нашага. Калі Ты згодзішся, мы будзем адразу вызвалены. Усе мы былі створаны спрадвечным Божым Словам, і вось, паміраем. А дзякуючы Твайму кароткаму адказу нам наканавана аднавіцца і дайсці да вечнага жыцця.
Аб гэтым Цябе моліць, о міласцівая Дзева, варты слёз Адам, выгнаны з раю, разам са сваімі няшчаснымі нашчадкамі, аб гэтым моліць Абрагам, аб гэтым моліць Давід. Гэтага выпрошваюць святыя айцы, гэта значыць Твае айцы, якія і самі знаходзяцца ў краіне смяротнага ценю. Гэтага чакае ўвесь свет, распасцёршыся каля Тваіх каленяў.
І слушна, бо ад Тваіх вуснаў залежыць суцяшэнне няшчасных, адкупленне палонных, вызваленне асуджаных і, нарэшце, збаўленне ўсіх сыноў Адама, усяго Твайго роду.
О Дзева, паспяшайся даць адказ. Хутчэй адкажы анёлу, а праз анёла — Пану. Адкажы словам і прымі Слова. Скажы сваё слова, а прымі Божае. Вымаві часовае слова, а атрымай Вечнае.
Чаму Ты марудзіш? Чаму бянтэжышся? Павер, згадзіся і прымі. Няхай пакора здабудзе адвагу, а сарамлівасць — давер. Хоць зусім не выпадае, каб цяпер у сваёй дзявочай прастаце Ты губляла мудрасць, аднак толькі ў адной гэтай справе не бойся, о мудрая Дзева, не бойся дзёрзкасці, бо нават калі сарамлівае маўчанне і добрае, аднак цяпер больш неабходна слова літасці.
Адкрый, о шчасная Дзева, сэрца для веры, вусны для згоды, улонне для Стварыцеля. Вось, пажаданы ўсімі народамі стукае звонку ў дзверы. О калі праз Тваю няспешнасць Ён пройдзе міма, Ты зноў будзеш шукаць таго, каго так палюбіла Твая душа! Падыміся, бяжы і адчыні! Падыміся з верай, бяжы з адданасцю і адчыні са згодай. Марыя кажа: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова» (Лк 1, 38).
Паводле выдання
«Літургія гадзінаў паводле рымскага абраду»
(том 1, ст. 319–320. Мінск, 2012).