Св. Тамаш Аквінскі тлумачыць словы «прыйдзі Валадарства Тваё»

Валадарства Божае было заўсёды, дык навошта просім, каб яно прыйшло? Трэба адказаць, што гэта можна разумець трыма спосабамі.


Як было сказана, Дух Святы чыніць, каб мы правільна любілі, жадалі і прасілі, і выклікае ў нас боязь, праз якую мы імкнемся да таго, каб імя Божае было асвячана. Іншым дарам з’яўляецца дар пабожнасці1. Пабожнасць — гэта салодкае і трапяткое пачуццё ў адносінах да Айца і да кожнага чалавека, які знаходзіцца ў цяжкім становішчы. А паколькі Бог з’яўляецца нашым Айцом, то мы павінны не толькі ўшаноўваць і баяцца Яго, але і мець да Яго салодкае і трапяткое пачуццё. І гэта пачуццё з’яўляецца прычынай таго, што мы просім, каб прыйшло Валадарства Божае: «Каб мы жылі ў цяперашнім жыцці разважліва, справядліва і пабожна, чакаючы шчаслівай надзеі і аб’яўлення хвалы вялікага Бога» (Ціт 2, 12–13). Аднак можна запытацца: Валадарства Божае было заўсёды, дык навошта просім, каб яно прыйшло? Трэба адказаць, што гэта можна разумець трыма спосабамі.

Першы: часам кароль мае толькі права праўлення або панавання.

Аднак панаванне Яго ўлады яшчэ не настала, таму што людзі Яго ўладзе яшчэ не падпарадкаваныя. Бог жа па натуры сваёй з’яўляецца Панам усяго, а Хрыстус, на падставе таго, што Ён — Чалавек, мае ад Бога тое, што Ён з’яўляецца і Панам усяго. «Дадзена Яму была ўлада, і гонар, і валадарства» (Дан 7, 14). Таму неабходна, каб усё было Яму падпарадкавана. Гэтага яшчэ няма, але будзе ў канцы часу. «Бо трэба, каб Ён валадарыў, пакуль не пакладзе ўсіх ворагаў пад ногі свае» (1 Кар 15, 25).

Таму мы просім пры гэтым аб трох рэчах, а менавіта: каб справядлівыя навярнуліся, каб грэшнікі былі пакараныя, а смерць знішчана. Сапраўды, людзі падпарадкоўваюцца Хрысту двума спосабамі: або добраахвотна, або насуперак волі. Паколькі воля Божая настолькі дзейсная, што абавязкова павінна споўніцца, а Бог хоча, каб усё было падпарадкавана Хрысту, неабходна адно з двух, а менавіта: або каб чалавек спаўняў волю Божую, падпарадкоўваючыся Яго загадам — і гэта чыняць справядлівыя, або каб Бог выканаў сваю волю ў людзях, караючы іх, — і гэтак Ён чыніць з грэшнікамі і сваімі ворагамі. І гэтак будзе ў канцы свету. «Пакуль не пакладу ворагаў Тваіх да падножжа Твайго» (Пс 110 (109), 1). І таму святым дадзена прасіць, каб прыйшло Валадарства Божае, гэта значыць, каб яны былі цалкам падпарадкаваныя Яму. Але для грэшнікаў гэта жахліва, бо прасіць, каб прыйшло Валадарства Божае, для іх не азначае нічога іншага, як тое, каб яны праз пакаранне падпарадкаваліся волі Божай. Бяда прагнучым дня Пана (гл. Ам 5, 18), але праз гэта будзе знішчана смерць. Паколькі Хрыстус ёсць Жыццём, не можа ў Яго Валадарстве быць смерці, бо яна — супрацьлегласць жыцця. Таму сказана ў Першым пасланні да Карынцянаў: «Як апошні вораг будзе знішчана смерць» (1 Кар 15, 26). І гэта будзе пры ўваскрасенні: «Пераменіць нашае прыніжанае цела на падабенства свайго праслаўленага цела» (Флп 3, 21). 

Другі спосаб: Нябеснае Валадарства называецца хвалой райскай.

Нічога ў гэтым дзіўнага няма, бо Валадарства — гэта не што іншае, як кіраванне. Там, дзе найлепшае кіраванне, там не здарыцца нічога, што было б супраць волі кіруючага. А воляй Божай ёсць збаўленне чалавека, бо Ён хоча зрабіць гэтак, каб людзі былі збаўленыя. І гэта найлепшым чынам адбудзецца ў раі, дзе не будзе нічога, што б супярэчыла чалавечаму збаўленню. «І збяруць яны з Валадарства Яго ўсё, што спакушае» (Мц 13, 41). А на гэтым свеце ёсць шмат чаго, што супраць збаўлення чалавека. Таму, калі просім: «Прыйдзі Валадарства Тваё», молімся, каб мы былі ўдзельнікамі Валадарства Нябеснага і хвалы райскай. 

Па трох прычынах трэба моцна жадаць гэтага Валадарства. Па-першае, дзеля найвышэйшай справядлівасці, якая ёсць у ім. Народ Божы — усе справядлівыя (гл. Іс 60, 21). А тут дрэнныя змяшаныя з добрымі; але там ніхто не будзе дрэнны і ніхто не будзе грэшнікам. Па-другое — дзеля найбольш дасканалай свабоды. Бо тут няма свабоды, хоць натуральна ўсе яе прагнуць; але там будзе поўная свабода супраць усялякай няволі. «Само стварэнне вызвалена будзе з няволі тлення» (Рым 8, 21). І там усе будуць не толькі свабоднымі, але і валадарамі. «І зрабіў нас валадарствам і святарамі для Бога нашага» (Ап 5, 10). Прычынай гэтага з’яўляецца тое, што ўсе будуць мець такую ж самую волю, як і Бог, а Бог будзе жадаць таго, што і святыя, а святыя — усяго, чаго б Бог ні пажадаў; таму разам з воляй Божай будзе здзяйсняцца іх воля. І таму ўсе будуць валадарыць, бо будзе здзяйсняцца воля ўсіх і Бог будзе каронай усіх. У дзень той будзе Пан Магуццяў каронай славы і вянцом велічы для рэшты народа свайго (гл. Іс 28, 5). 

Па-трэцяе — дзеля цудоўнага багацця.

Вока не бачыла па-за Табой, Божа, таго, што Ты падрыхтаваў тым, хто чакае Цябе (гл. Іс 64, 3); «Ён насычае цябе дабротамі, якіх жадаеш» (Пс 103 (102), 5). І заўваж, што чалавек знойдзе ў адным толькі Богу ў найвышэйшай і самай дасканалай ступені ўсё, чаго шукае ў свеце. Калі ты шукаеш задавальнення — найвышэйшае знойдзеш у Богу; калі багацця — там знойдзеш усялякі дастатак таго, чым ёсць сапраўднае багацце; і гэтак можна сказаць аб усім іншым. Святы Аўгустын у «Споведзі» гаворыць: «Душа, якая без Цябе чужаложыла, шукаючы па-за Табой таго, што чыстае і светлае, не знойдзе гэтага, калі не вернецца да Цябе». 

Трэці спосаб разумення патрэбы малітвы аб надыходзе Валадарства вынікае з таго, што ў гэтым свеце пануе грэх. Чалавек схільны адразу паддавацца прыцягальнасці граху. Апостал гаворыць: «Няхай грэх не пануе ў вашым смяротным целе» (Рым 6, 12), але Бог павінен валадарыць у сэрцы тваім: «Валадарыць Бог твой» (Іс 52, 7). І гэта адбываецца тады, калі ты гатовы слухацца Бога і захоўваць усе Яго наказы. Таму, калі просім аб надыходзе Валадарства, молімся, каб не грэх панаваў у нас, але Бог. 

Праз гэтую просьбу даходзім да благаслаўлення, аб якім гаворыцца ў святога Мацвея: «Шчаслівыя лагодныя» (Мц 5, 5), бо паводле першага тлумачэння таго, што чалавек жадае, каб Бог быў Панам усяго, вынікае, што чалавек не помсціць за несправядлівасць, учыненую яму, але аддае гэта Богу. Сапраўды, калі б ты помсціў, то не прагнуў бы, каб прыйшло Валадарства Яго. А паводле другога тлумачэння, калі ты чакаеш Яго Валадарства, гэта значыць хвалы райскай, то не павінен турбавацца, калі губляеш зямную рэч. І нарэшце, паводле трэцяга тлумачэння, калі ты просіш, каб заваладарыў у табе Бог, а значыць і Хрыстус, які быў найлагоднейшы, то і ты павінен быць лагодным: «Навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі» (Мц 11, 29). «Вы <...> з радасцю ўспрымалі рабаванне вашай маёмасці» (Гбр 10, 34).


Паводле: Св. Тамаш Аквінскі, «Каментарыі да малітваў» («Про Хрысто», 2018).

________
1 Лац. «pietas» — пабожнасць, любоў да Бога, сардэчнасць, адданасць, спачуванне.

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней