«Калі Бог можа стварыць свет з нічога, алі Бог можа стварыць свет з нічога, то можа таксама дзейнічаць у гэтым свеце о можа таксама дзейнічаць у гэтым свеце і перамагчы ўсялякія формы зла. перамагчы ўсялякія формы зла».
Папа Францішак
Амос — адзін з самых старажытных габрэйскіх прарокаў, які жыў дзве тысячы васемсот гадоў назад. Ягоныя словы былі запісаны і дайшлі да нашых часоў. Ён быў пастухом, уладальнікам невялікага статку, а таксама займаўся вырошчваннем смакоўніцаў.
Пільнуючы свой статак на полі, седзячы апоўдні ў цяні шатра альбо ўначы ўглядаючыся ў неба, засеянае зоркамі, ён меў час на медытацыю. Блізкасць да прыроды, як вядома, набліжае да Бога. Менавіта з поля ён быў пакліканы Богам на прарока і пасланы ў Ізраэль з нялёгкай місіяй: ён павінен быў прадказаць блізкую катастрофу за ігнараванне Божых запаведзяў, і асабліва за грамадскую несправядлівасць. Амос ставіўся да гэтай справы вельмі канкрэтна: указваў на велізарную прорву паміж багацеямі, што жывуць у кедравых палацах, і паміраючымі ад голаду і холаду беднякамі. Пры гэтым ён гаварыў пра канкрэтныя злоўжыванні: шантаж, ліхвярства, хабар, выкарыстанне ажно да звядзення чалавека да функцыі нявольніка. Прарок прамаўляў ад імя Бога і нагадваў, што Ён няспынна сочыць за дзеямі свету, бачыць усіх пакрыўджаных і крыўдзіцеляў, а калі мера граху перапаўняецца, тады Бог сам уваходзіць у чалавечыя дзеі для здзяйснення справядлівасці. Людзям здаецца, што гэта яны кіруюць падзеямі, але гэта няпраўда: усім кіруе Бог і Яму належыць апошняе слова.
Прарока Амоса не хацелі слухаць ні багатыя, бо ён будзіў іх сумленне, ні ўбогія, якія баяліся рэпрэсій з-за сімпатыі да прарока. Цалкам верагодна, што ён быў выкінуты з каралеўства Ізраэля — такім звычайна і ёсць лёс прарокаў. Маглі пазбыцца Амоса, але не маглі змяніць Божага рашэння. Пакаранне прыйшло праз дзесяць гадоў пасля адыходу Божага абранніка: вайна знішчыла кедравыя палацы багацеяў, а яшчэ праз дваццаць гадоў каралеўства Ізраэль увогуле перастала існаваць, здабытае асірыйцамі. Божае слова ніколі не памыляецца...
Мы вельмі часта адчуваем сябе бязраднымі, калі бачым несправядлівасць у свеце. Шмат хто ўпадае ў роспач, пытаючыся, дзе Бог. Між тым, прарок Амос казаў, што несправядлівасць была, ёсць і будзе. Бедны той, хто шукае справядлівасці на зямлі — тут ён яе не знойдзе. Бог мае ва ўладанні сваю вечнасць, таму, калі не праявіць справядлівасці на зямлі, то ўчыніць гэта ў вечнасці. Адно з’яўляецца пэўным: калі нехта спрабаваў узбагаціцца і здабыць шчасце шляхам крыўды, то ён глыбока памыліўся: замест шчасця ён знойдзе няшчасце. Гэта яму гарантуе Бог. Сапраўднае шчасце чакае чалавека напрыканцы яго годнай і справядлівай дарогі. Гэта нялёгка, але ж для пераможцы сам Бог падрыхтаваў узнагароду.
У святле сёмай Божай запаведзі не крадзі прарок Амос паўстае перад намі, каб нагадаць, што не людзі кіруюць светам, але Бог. Ён уважліва прыглядаецца і да вялікіх міжнародных падзеяў і сочыць за звычайнымі людскімі справамі, такімі як выкрадзены вугаль з падвала, выкідванне старэнькай жанчыны з кватэры, прысвойванне сабе грамадскіх рэчаў на працы і г.д. Чалавеку за ўсё трэба прасіць прабачэння ў хрысціянскай малітве. Малітва — гэта канал Божай ласкі, якая сплывае на нас, нашых бліжніх і далёкіх, на ўвесь Касцёл. Таму, калі я не малюся, калі мала альбо фармальна, дрэнна малюся, то я краду і ў сябе, і ў бліжніх, і ў Касцёла, і ў свету Божую ласку. Не ў кожнай справе я магу паўплываць фізічна на дзеі свету, але малітваю магу паўплываць на ўсё, давяраючы ўсёмагутнаму Богу свой лёс, лёс Касцёла і свету.
Апошняе слова, слова справядлівасці, належыць Яму. Бяда таму, хто пра гэта забывае. Як веруючыя людзі, давайце паспрабуем, сёстры і браты ў Хрысце, паглядзець на дзеі свету не вачыма палітыкаў, рэфарматараў, філосафаў, але вачыма самога Бога. Тады ўсё стане больш простым і зразумелым. Гэта Бог з’яўляецца Панам свету, і на ўсё Яго воля.
З малітваю — а. Юрый Кулай OCD