Апостальскі сімвал веры. Веру ў Бога Айца

Сімвалы веры

33. Што такое cімвалы веры?
Гэта складзеныя формулы, называныя таксама «вызнаннямі веры», або «Credo», якімі Касцёл з самага пачатку сцісла выражаў і перадаваў сваю веру нарматыўнай мовай, агульнай для ўсіх вернікаў.

35. Якія найбольш важныя сімвалы веры?
Гэта Апостальскі сімвал, які з’яўляецца старажытным хросным сімвалам Рымскага Касцёла, і Нікейска-Канстанцінопальскі сімвал, які з’яўляецца вынікам першых двух Сусветных Сабораў, у Нікеі (325 г.) і Канстанцінопалі (381 г.), і які да сённяшняга дня з’яўляецца агульным для ўсіх вялікіх Касцёлаў Усходу і Захаду.

«Веру ў Бога, Айца ўсемагутнага,
Стварыцеля неба i зямлi»


36. Чаму вызнанне веры пачынаецца словамі «Веру ў Бога»?
Сцвярджэнне «Веру ў Бога» — найбольш важнае, гэта крыніца ўсіх астатніх праўдаў пра чалавека і свет і пра ўсё жыццё кожнага, хто верыць у Бога.

37. Чаму мы вызнаём веру ў адзінага Бога?
Бог аб’явіўся народу Ізраэля як Адзіны, калі сказаў: «Слухай, Ізраэль: Пан, Бог наш, — Пан адзіны» (Дрг 6, 4), «няма іншых» (Іс 45, 22). Езус сам пацвердзіў гэта, кажучы, што Бог — «Пан адзіны» (Мк 12, 29). Вызнанне таго, што Езус і Дух Святы таксама з’яўляюцца Богам і Панам, не робіць ніякага падзелу ў адзіным Богу.

38. Пад якім імем аб’яўляецца Бог?
Майсею Бог аб’яўляецца як Бог жывы, «Бог Абрагама, Бог Ісаака, Бог Якуба» (Зых 3, 6). Таму ж Майсею Бог аб’яўляе сваё таемнае імя: «Я ёсць Той, які ёсць (YHWH)». Невымоўнае імя Бога ўжо ў часы Старога Запавету было заменена тытулам Пан. У Новым Запавеце Езус, называны Панам, з’яўляецца як праўдзівы Бог.

50. Як разумець, што Бог усемагутны?
Бог аб’явіўся як «моцны і магутны» (Пс 25 [24]), 8), як той, для якога «няма нічога немагчымага» (Лк 1, 37). Яго паўсюдная і таямнічая ўсемагутнасць выяўляецца ў стварэнні свету з нічога і чалавека з любові, але асабліва — ва ўцелаўленні і ўваскрасенні свайго Сына, у дары ўсынаўлення і прабачэння грахоў. Таму Касцёл скіроўвае сваю малітву да «Бога ўсемагутнага і вечнага» (Omnipotens sempiternе Deus…).

57. Калі Бог усемагутны і прадбачлівы, чаму ўсё ж існуе зло?
На гэтае пытанне, балючае і таямнічае, можа даць адказ толькі паўната хрысціянскай веры. Бог ніякім чынам, непасрэдна ці пасрэдна, не з’яўляецца прычынай зла. Ён тлумачыць таямніцу зла праз свайго Сына Езуса Хрыста, які памёр і ўваскрос, каб перамагчы гэтае вялікае маральнае зло, якім ёсць грэх людзей — корань усялякага іншага зла.

58. Чаму Бог дапускае зло?
Вера дае нам упэўненасць, што Бог не дапусціў бы зла, калі б не атрымаў з яго дабра. Бог ажыццявіў ужо гэта цудоўным чынам праз смерць і ўваскрасенне Хрыста. І сапраўды, з найвялікшага маральнага зла — забойства Яго Сына — Ён атрымаў найвялікшыя даброты: праслаўленне Хрыста і нашае адкупленне.


ВЕРУ Ў ЕЗУСА ХРЫСТА, СЫНА БОЖАГА АДЗІНАРОДНАГА

79. Чым з’яўляецца Добрая Навіна для чалавека?
Яна з’яўляецца абвяшчэннем Езуса Хрыс­та, «Сына Бога жывога» (Мц 16, 16), памерлага і ўваскрослага. У часы караля Ірада і цэзара Аўгуста Бог выканаў абяцанні, дадзеныя Абрагаму і яго нашчадкам, спасылаючы «Сына свайго, народжанага ад жанчыны, падпарадкаванага Закону, каб адкупіць тых, хто падлягаў Закону, каб мы атрымалі ўсынаўленне» (Гал 4, 4-5).

«І ў Езуса Хрыста,
Сына Яго aдзiнага, Пана нашага»


81. Што азначае імя «Езус»?
Імя «Езус», дадзенае анёлам у момант звеставання, азначае «Бог збаўляе». Яно выяўляе асобу Езуса і Яго місію, «бо Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў» (Мц 1, 21). Св. Пётр сцвярджае, што «няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, у якім маглі б мы атрымаць збаўленне» (Дз 4, 12).

82. Чаму Езуса называюць Хрыстом?
Грэцкае слова «Хрыстус» і габрэйскае «Месія» азначае «памазанік». Езус ёсць Хрыстом, бо Ён асвячаны Богам і памазаны Духам Святым для здзяйснення місіі адкуплення. Ён – Месія, якога чакаў Ізраэль і якога паслаў у свет Айцец. Езус прыняў імя Месіі, удакладняючы, аднак, яго сэнс: той, «хто зышоў з неба» (Ян 3, 13), укрыжаваны і затым уваскрослы, Ён — Слуга церпячы, які прыйшоў, «каб аддаць жыццё сваё дзеля адкуплення многіх» (Мц 20, 28). Ад імя Хрыстус паходзіць нашае імя — хрысціяне.

83. У якім сэнсе Езус ёсць «Адзінародным Сынам Божым»?
Езус з’яўляецца Адзінародным Сынам Божым у адзіным і поўным сэнсе. Падчас Ягонага хросту і перамянення голас Айца называе Езуса «ўмілаваным Сынам». Прадстаўляючы сябе як Сына, які «ведае Айца» (Мц 11, 27), Езус пацвярджае сваю адзіную і вечную сувязь з Богам, сваім Айцом. Ён — «Адзінародны Сын»
(1 Ян 4, 9) Божы, другая Асоба Найсвяцейшай Тройцы. Ён — цэнтр апостальскага прапаведвання: Апосталы бачылі «славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны» (Ян 1, 14).

Паводле: Катэхізіс Каталіцкага Касцёла. Кампендый. — Мінск: Про Хрысто, 2010.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней