Пра Эўхарыстыю ў пытаннях і адказах

Урачыстасць Цела і Крыві нашага Пана Езуса Хрыста — гэта добрая нагода паразважаць над Эўхарыстыяй, яшчэ раз нагадаць сабе яе сэнс і сутнасць. Дарагія чытачы, прапануем вам вытрымкі з «Юката», каб у пытаннях і адказах знайсці для сябе нешта новае і важнае пра Эўхарыстыю — вяршыню нашага жыцця ў Хрысце.


Што такое святая Эўхарыстыя?

Святая Эўхарыстыя — гэта сакрамэнт, у якім Езус Хрыстус ахвяруе сваё Цела і сваю Кроў (сябе самога) за нас, каб і мы таксама ахвяравалі сябе ў любові Яму і ядналіся з Ім у святой Камуніі. Так мы яднаемся з целам Хрыста — Касцёлам. [1322, 1324, 1409]

Слова «Эўхарыстыя» перакладаецца з грэцкай мовы як «падзяка, удзячнасць». Першапачаткова так называлі малітву падзякі, якая ў старажытным Касцёле папярэднічала пераўтварэнню хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста. Пазней гэтае слова пачало адносіцца да ўсёй цэлебрацыі святой Імшы.

Эўхарыстыя з'яўляецца трэцім (пасля хросту і канфірмацыі) сакрамэнтам хрысціянскага ўтаямнічання ў каталіцкім Касцёле. Эўхарыстыя — гэта крыніца сакрамэнтаў, бо падчас пераўтварэння патаемным, некрывавым чынам становіцца прысутнаю гістарычная ахвяра Езуса на крыжы. Таму эўхарыстычная цэлебрацыя з'яўляецца «крыніцаю і вяршыняю ўсяго хрысціянскага жыцця» (Другі Ватыканскі Сабор. Lumen gentium, 11). Да яе скіравана ўсё; па-за ёю няма нічога больш велічнага, чаго можна было б дасягнуць. Калі мы спажываем пераламаны Хлеб, мы яднаемся з любоўю Езуса, які аддаў за нас сваё цела на дрэве крыжа; калі мы п'ём з келіха, мы яднаемся з Тым, які нават сваю кроў праліў у ахвяры за нас. Гэты абрад — не наша вынаходка. Сам Езус цэлебраваў са сваімі вучнямі Апошнюю Вячэру і ў ёй апярэдзіў сваю смерць; Ён прынёс сябе ў дар сваім вучням пад постацямі хлеба і віна і наказаў ім з гэтага моманту і пасля Яго смерці цэлебраваць Эўхарыстыю. «Гэта чыніце на Маю памяць» (1 Кар 11, 24).

«Бог даў бы нам большае, калі б Ён меў нешта большае за самога сябе».
Св. Ян Марыя Віянэй (1786-1859), французскі прэзбітэр, вядомы як пробашч з Арса.

«Непасрэдным вынікам Эўхарыстыі з’яўляецца перамяненне чалавека ў Бога».
Св. Тамаш Аквінскі.

 

Калі Хрыстус установіў Эўхарыстыю?

Езус устанавіў святую Эўхарыстыю напярэдадні сваёй смерці, у «ноч, калі быў выданы» (1 Кар 11, 23-25), у той час, калі Ён сабраў Апосталаў у Вячэрніку ў Ерузалеме і цэлебраваў з імі Апошнюю Вячэру. [1323, 1337-1340]

 

Якім чынам Хрыстус устанавіў Эўхарыстыю?

«Я прыняў ад Пана тое, што і вам перадаў, што Пан Езус у тую ноч, калі быў выданы, узяў хлеб, узнёс падзяку, паламаў і сказаў: „Гэта Цела Маё, якое за вас будзе выдана. Гэта чыніце на Маю памяць“. Таксама ўзяў пасля вячэры келіх, кажучы: „Гэта ёсць келіх Новага Запавету ў Крыві Маёй. Кожны раз, калі Яго будзеце піць, чыніце гэта на Маю памяць“» (1 Кар 11, 23-25).

Гэтае самае старажытнае паведамленне пра падзеі ў Вячэрніку паходзіць ад апостала Паўла, які сам не быў відавочцам, але запісаў тое, што захоўвалася як святая таямніца ў першых хрысціянскіх супольнасцях і здзяйснялася падчас літургіі. 

«У святой Эўхарыстыі мы яднаемся з Богам, як ежа з целам».
Св. Францішак Сальскі

 

Ноколькі важная для Касцёла Эўхарыстыя?

Цэлебрацыя Эўхарыстыі — гэта сэрца хрысціянскай супольнасці. У ёй Касцёл становіцца Касцёлам. [1325]

Мы з’яўляемся Касцёлам не таму, што даём грашовую ахвяру на Касцёл, што добра разумеем адзін аднаго або што прыналежым да той ці іншай парафіі, а таму што ў Эўхарыстыі прымаем Цела Хрыста і кожны раз нанава перамяняемся ў цела Хрыста. 

«Не прыступаць да святой Камуніі — гэта ўсё роўна што знемагаць ад смагі побач з крыніцаю».
Св. Ян Марыя Віянэй

 

Якія назвы існуюць для абазначэння Вячэры Езуса з намі і што яны азначаюць?

Розныя назвы ўказваюць на неспасцігальную таямніцу: святая Ахвяра, святая Імша, Ахвяра Імшы; Вячэра Пана; ламанне хлеба; эўхарыстычны сход; успамін мукі, смерці і ўваскрасення Пана; святая і Божая Літургія, святая таямніца; святая Камунія. [1328-1332]

Святая Ахвяра, святая Імша, Ахвяра Імшы: ахвяра Хрыста, якая не мае сабе падобных, якая дапаўняе і пераўзыходзіць усе ахвяры, становіцца прысутнаю ў эўхарыстычнай цэлебрацыі. Касцёл і вернікі сваім ахвяраваннем сябе ўдзельнічаюць у ахвяры Хрыста. Слова «Імша» (лац. Missa) паходзіць ад лацінскага закліку, якім адпускалі народ: Ite, missa est — Ідзіце, вы пасланыя [з місіяй]!

Вячэра Пана: кожная эўхарыстычная цэлебрацыя — гэта таксама і гасціна, якую Хрыстус здзяйсняў са сваімі вучнямі, і адначасова прадвяшчэнне той гасціны, якую Пан будзе святкаваць разам са збаўленымі напрыканцы ўсіх дзён. Не мы, людзі, здзяйсняем літургію: гэта Пан склікае на літургію і таямнічым чынам прысутнічае ў ёй.

Ламанне хлеба: «ламанне хлеба» было старажытным юдэйскім рытуальным жэстам падчас гасціны, менавіта да яго Езус звяртаецца падчас Апошняй Вячэры, каб выразіць тое, што Ён ахвяруе сябе «за нас» (Рым 8, 32). У «ламанні хлеба» вучні зноў пазналі Яго пасля ўваскрасення. «Ламаннем хлеба» першыя хрысціянскія супольнасці называлі свае літургічныя гасціны.

Эўхарыстычны сход: цэлебрацыя Вячэры Пана з’яўляецца таксама сходам «падзякі», у якім Касцёл выражае сябе бачным чынам.

Успамін мукі, смерці і ўваскрасення Пана: у эўхарыстычнай цэлебрацыі супольнасць цэлебруе не сябе саму, а кожны раз нанава адкрывае і цэлебруе збаўчы пераход Хрыста — праз муку і смерць да жыцця.

Святая і Боская Літургія, святая таямніца: у эўхарыстычнай цэлебрацыі нябесны і зямны Касцёл яднаюцца ў адзіным святкаванні. Паколькі ў пэўным сэнсе эўхарыстычныя дары, у якіх прысутны Хрыстус, — гэта самае святое, што ёсць на свеце, то мы гаворым таксама пра Найсвяцейшы Сакрамэнт.

Святая Камунія: паколькі мы на святой Імшы яднаемся з Хрыстом, а праз Яго — паміж сабою, то мы гаворым пра святую Камунію (лац. communio — супольнасць). 

«Вашае жыццё павінна быць саткана вакол Эўхарыстыі. Скіруйце свае вочы на Яго, які з’яўляецца святлом; наблізьце свае сэрцы як мага бліжэй да Яго боскага Сэрца; прасіце Яго аб ласцы, каб пазнаць Яго, аб любові, каб любіць Яго, аб мужнасці, каб служыць Яму. З палкасцю шукайце Яго».
Св. Маці Тэрэза

Цэтлікі: Эўхарыстыя

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней